16–30 кастрычніка – Выставачны праект “ZBOR In Progress”

16.10 30.11.2018

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”,

даследчыцкая платформа беларускага сучаснага мастацтва

KALEKTAR

прадстаўляюць

выставачны праект ZBOR In Progress

Куратары выставы:

Андрэй Дурэйка і Максім Тымінько

Куратарка суправаджальнай праграмы:

Сафія Садоўская

Удзельнікі выставы:

Сяргей Бабарэка, Ізраіль Басаў, група “Беларускі клімат”, група “Бергамот”, Бісмарк, Васіль Васільеў, Аляксей Велікжанін, Жанна Гладко, Жанна Грак, Міхаіл Гулін, Аксана Гурыновіч, Лена Давідовіч, Эвеліна Домніч і Дзмітрый Гельфанд, Андрэй Дурэйка, Аляксандр Камароў, Аляксей Кашкараў, Сяргей Кірушчанка, Артур Клінаў, група “Ліпавы цвет”, Аляксей Лунёў, Андрэй Лянкевіч, Галіна Маскалёва і Уладзімір Шахлевіч, Віка Мітрычэнка, Марына Напрушкіна, Алесь Пушкін, Людміла Русава, група “Рэвізія”, Вольга Сазыкіна, Ігар Саўчанка, Вольга Сазыкіна, Ганна Сакалова, Тамара Сакалова, Антаніна Слабодчыкава, Лявон Тарасэвіч, Максім Тымінько, Глеб Шутаў і Мая Іліч, Ігар Цішын, Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка, Алег Чорны, Сяргей Шабохін, Ганна Школьнікава, Алег Юшко і Кірыл Лубянец

16 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрыецца маштабная выстава-даследаванне гісторыі сучаснага мастацтва Беларусі за апошнія 30 год.

ZBOR – гэта выставачны праект, у аснову якога лягла даследчыцкая дзейнасць платформы KALEKTAR, якая была створаная групай мастакоў і куратараў у 2014 годзе  дзеля вывучэння і захавання найноўшых працэсаў і тэндэнцый у сучасным мастацтве Беларусі і якая ў далейшым мела вынікам анлайн збор найноўшага беларускага мастацтва. Падчас адбору прац галоўнай задачай стала выяўленне найбольш важных тэндэнцый і максімальна шырокае прадстаўленне стратэгій, што ўжываюцца ва ўласнай творчасці беларускімі мастакамі розных пакаленняў. Аснову анлайн калекцыі склалі больш за 150 твораў, адабраных пасля апытання 35 спецыялістаў у вобласці сучаснага беларускага мастацтва: мастакоў, мастацтвазнаўцаў, журналістаў, крытыкаў. А для выставачнага праекта ZBOR з гэтых прац экспертнай радай платформы KALEKTAR было адабрана 40 твораў.

У 2015 годзе ў польскай галерэі “Арсенал” (г. Беласток) адбылася першая выстава “ZBOR. Канструюючы архіў”, куратарамі якой выступілі Сяргей Кірушчанка і Сяргей Шабохін. Увесну 2016 года сваю куратарскую канцэпцыю “ZBOR. Рух беларускага мастацтва” ва ўкраінскім Фондзе “Ізаляцыя” прадставілі Андрэй Дурэйка і Максім Тымінько. Кіеўская экспазіцыя ўвайшла ў ТОП-10 выстаў сучаснага мастацтва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы паводле версіі Art Guide East.

Мінская выстава ZBOR In Progress прадставіць шырокі зрэз сучаснага беларускага мастацтва за апошнія 30 гадоў і ахоплівае творчасць больш за пяцідзесяці беларускіх мастакоў, якія жывуць і працуюць як у краіне, гэтак і за мяжой.

Выстава змяшчае больш за дзвесце экспанатаў: дакументальныя фатаграфіі, даследчыцкія эсэ, а таксама арыгінальныя працы беларускіх мастакоў створаныя ў перыяд з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. Значную частку экспазіцыі займае вялікая медыя прэзентацыя, якая ўтрымлівае арыгінальныя відэа працы больш за дваццаці аўтараў, рэдкія дакументальныя відэаматэрыялы шэрага перформансаў і мастацкіх акцый, а таксама ўнікальныя рэканструкцыі інсталяцый у маштабе 1:1. У суправаджальную праграму праекта ўвойдуць сустрэчы з мастакамі і куратарамі праекта, лекцыі, дыскусіі і куратарскія экскурсіі па экспазіцыі для дарослых і дзяцей.

Адкрыццё выставы ZBOR In Progress адбудзецца 16 кастрычніка а 19:00, уваход вольны

Уваход на выставу 5 р./3 р.

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”

Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19

www.ygallery,by

+375293667516