13 ліпеня – БДАМЛіМ запрашае на сустрэчу, прысвечаную 120-годдзю Міхася Міцкевіча (Антося Галіны)

13 ліпеня Беларускі  дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на сустрэчу, якая прысвечана  120-годдзю з дня нараджэння Міхася Міцкевіча (Антося Галіны), беларускага пісьменніка, перакладчыка, педагога і грамадскага дзеяча, малодшага брата Якуба Коласа. Пачатак мерапрыемства ў 16.00. Адрас: г.Мінск, вул. Кірылы і Мяфодзія, 4.

У часе мерапрыемства адбудуцца выступы:

Наталля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва –“Захаванне і даследаванне спадчыны беларусаў замежжа”

Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа,  старшыня ГА “Дзіцячы фонд  духоўнага і культурнага адраджэння “САКАВІК” – “Малодшы брат Якуба Коласа”

Сяргей Гардун, прафесар Мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ, член Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускі Экзархат) – “Пераклады Міхася Міцкевіча богаслужбовых тэкстаў на беларускую мову”.

Людміла Дзіцэвіч, педагог-псіхолаг, кіраўнік Школы асабістага росту “ШАР” – “Роля беларускай мовы і настаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні (па матэрыялах твораў Міхася Міцкевіча 20-тых гадоў)”.

Міхась Міцкевіч, як і старэйшы брат (адзіны з 4 братоў), паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. “Мой Міхаіл”, “мой брат, таксама настаўнік” – такія радкі можна знайсці ў лістах Якуба Коласа, які сачыў за выхаваннем і адукацыяй свайго малодшага брата, выпісваў для яго газету “Наша ніва”,  дапамагаў кніжкамі, падручнікамі.

У гады вучобы ў семінарыі Міхась Міцкевіч пачаў спрабаваць сябе ў літаратурнай творчасці. Міхась Мяцёлка, М.М-ч — так звычайна падпісваў малодшы брат Якуба Коласа свае публіцыстычныя творы, якія вызначалі ролю настаўнікаў і інтэлігенцыі ў нацыянальным адраджэнні, абаранялі беларускую мову і культуру, спрыялі абуджэнню самасвядомасці, праўдзіва паказвалі жыццё сялян, настаўнікаў, семінарыстаў. Аповесці і апавяданні Міхась найчасцей падпісваў псеўданімам Антось Галіна. Улічваючы гэтыя два напрамкі творчасці Міхася Міцкевіча, Максім Гарэцкі адзначыў, што ён “вельмі спадзейны малады бэлетрыст і паважаны публіцыст”.  Творы Міхася Міцкевіча друкаваліся ў выданнях  “Вольная Беларусь”,  “Звон” , “Беларусь” і інш.

Сваю літаратурную дзейнасць Міхась Міцкевіч спалучаў з працай настаўніка Мінскай Беларускай Гімназіі, а потым з працай на полі ў родных мясцінах. Падзел Беларусі ў 1921 годзе надоўга разлучыў братоў. У 1939 г., калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, Міхась Міцкевіч зноў пайшоў у народную асвету. Ён працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, школь­ным інспектарам. Застаўся на пасадзе школьнага інспектара і ў часы нямецкай акупацыі. Клапаціўся, як мог, каб і ў тыя цяжкія часы дзеці вучыліся, каб захаваліся ад разбурэння родныя вёскі. У 1944 г. прыняў рашэнне пакінуць родныя мясціны. Працаваў на машынабудаўнічым заводзе ў Судэтах, потым  на будоўлі каля горада Звітаў. У 1945 г. пераехаў у Рэгенсбург, дзе прымаў удзел у заснаванні беларускага лагера і гімназіі імя Янкі Купалы, пры якой працаваў дырэктарам пачатко­вай школы, быў адным з арганізатараў рэлігійнага жыцця ў лагеры і стварэння Брацтва “Жыровіцкае Божае Маці”.

У 1950 г. Міхась Міцкевіч пераехаў у ЗША, дзе таксама шмат часу аддаваў грамадскай дзейнасці. Ён быў намеснікам Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага задзіночання, старшынёй выдавецкага фонду “Беларус”,  некаторы час рэдак­тарам газеты “Беларус”. Свайму брату, Якубу Коласу,  Міхась Міцкевіч прысвяціў некалькі артыкулаў, якія з’яўляліся ў эміграцыйных выданнях, найбольш грунтоўны – “Кароткі ўспамін” быў надрукаваны ў часопісе “Беларускі Сьвет”.

На працягу многіх гадоў Міхась Міцкевіч выдаваў  часопіс “Голас Царквы”, быў апекуном Сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Йорку. Падрыхтаваў беларускі царкоўны каляндар, пераклаў на беларускую мову Напрастольнае і Паспалітае Евангелле і іншыя богаслужбовыя тэксты.

“Дзядзька Міхась быў чалавекам добрым, самаўпэўненым і веруючым, – пісаў вядомы дзеяч беларускай эміграцыі Мікола Прускі -  гэта быў дабрадушны й цудоўны чалавек, вялікі патрыёт і любіў сваю Бацькаўшчыну як нешта сьвятое”.

Спецыяльна да юбілею Міхася Міцкевіча падрыхтавана невялікая выстава  з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і прыватнага архіва нашчадкаў Якуба Коласа: лісты Міхася Міцкевіча, беларускія і эміграцыйныя выданні, рукапісныя творы Міхася Міцкевіча, пераклады рэлігійных тэкстаў і інш.

Паводле прэс-рэлізу БДАМЛіМ


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение