7 чэрвеня – Адкрыццё выставы Міколы Купавы “Айчына светлая мая”, прысвечанай 50-годдзю яго творчай дзейнасці

7 чэрвеня а 17-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца адкрыццё выставы Міколы Купавы “Айчына светлая мая”, прысвечанай 50-годдзю яго творчай дзейнасці.

Выстава “Айчына светлая мая” – гэта даніна аўтара вялікім і велічным асобам Зямлі беларускай, якія складаюць залаты фонд нашага народа (Вялікалітоўскай гісторыі і культуры), у тым ліку Усяслаў Полацкі, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, кароль Міндоўг, вялікія князі Альгерд, Вітаўт, Ягайла, гетман Канстанцін Астрожскі, Францыск Скарына і юны Франак Скарыніч ды дзесяткі іншых выдатных постацяў нашай краіны, а таксама вялікія песняры зямлі беларускай Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Алаіза Пашкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч…

Ад першых самастойных крокаў у мастацтве маладым мастаком быў закладзены высокі стыль служэння ягонага мастацтва справе адраджэння, асветы, рэстаўрацыі занядбаных, або зусім страчаных старонак беларускай гісторыі і культуры. На гэтым шляху творца не ведае адступленняў, сумніву, хістанняў. Кожны крок – новы творчы пошук, наступны твор – новы здабытак, новае гістарычнае або культурнае адкрыццё. Творчасць Міколы Купавы вызначаецца высокай нотай патрыятызму і духоўнасці. Яна напоўнена настроямі і пастаяннымі парывамі безагляднага служэння Бацькаўшчыне, падкупляючы гледача шчырасцю і ўзнёсласцю творчага мыслення мастака, пастаянствам грамадзянскай пазіцыі і светлай любові аўтара да прыгажосці роднай зямлі і нашага народа.

Дыпломную працу ў БДТМІ малады мастак абараніў на выдатна, гэта была серыя лінарытаў на тэму паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, у цэнтры падзей, зразумела, быў сам кіраўнік змагання. Пазней мастак яшчэ двойчы звяртаўся да вобраза нацыянальнага героя. У сярэдзіне 70-х гадоў мастак звяртаецца да тэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа, што вылілася ў два альбомы твораў, прысвечаных народным песнярам “Шляхамі Янкі Купалы” (лінарыты) і “Родны бераг песняра” – Якуба Коласа (аўталітаграфіі), а таксама працуе над партрэтамі класікаў беларускай літаратуры, якія нясуць у сабе як народныя яскравыя рысы, так і лірычныя, але заўсёды душэўна ўзрушаныя вобразы, запамінальныя і значныя для беларускай культуры. Манументальным характарам вылучаецца партрэт Цёткі. Шэраг твораў, прысвечаных родным мясцінам Купалы і Коласа і вобразы памятных мясцінаў, дзе ў розныя гады жылі і працавалі песняры – непаўторны і беспрэцэдэнтны ўчынак мастака. Агулам гэта каля чатырох дзесяткаў твораў, сагрэтых сэрцам аўтара. Гэта Вязынка, Акопы, Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Менск, Вільня, віленская зямля і шэраг іншых знакавых мясцін. Мастаку падуладныя і краявіды з моцным мастацкім вобразным абагульненнем кампазіцыі – манументальна-эпічны краявід (“Спрадвечнае. Над возерам Поцех. Браслаўшчына”, 1979 год). Мастак аднолькава прафесійна валодае рознымі тэхнікамі выяўленчага мастацтва, яму падуладныя як жывапіс, так і акварэль, лінарыт, афорт, каляровая аўталітаграфія, малюнак. Многія творы Мікола Купавы ўжо трывала займаюць месца ў шэрагу класікі выяўленчага мастацтва.

Мікола Купава  выдатны ілюстратар кніг беларускіх класікаў літаратуры. Ім аздоблена 38 кніг і альбомаў. Гэта кніга паэтаў свету “Слухайце – Хатынь!..”, творы Цёткі,  лірыка Янкі Купалы, “Паэмы” М. Арочкі , “Браткі” Дануты Бітэль, “Гарадская геральдыка Беларусі”, “Францыск Скарына і яго час”, “Фрэскі” С. Тарасава, “Лебядзіны скіт” У. Караткевіча і інш. Значнае месца ў творчасці мастака займае аздабленне беларускіх народных казак. Гэта любімая тэма майстра.

У 2016 годзе мастак завяршыў аздабленне знакавай кнігі для Вялікалітоўскай культуры “Пруская вайна”, аднаго з знаных паэтаў-лаціністаў ВКЛ Яна Вісьліцкага (Грунвальдская бітва) да 500-годдзя яе выхаду з друку. У 1988 годзе за аздабленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” мастак удастоены высокай ўзнагароды ў галіне кніжнага мастацтва нашай краіны Дыпломам і медалём Францыска Скарыны.

Мастацтвазнаўца Таццяна Маркавец-Гаранская


Тэрмін правядзенне выставы: з 7 па 18 чэрвеня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва  (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.

З інфармацыяй пра мінулыя, дзейныя і запланаваныя выставы можна азнаёміцца на сайце Беларускага саюза мастакоў www.belartunion.by


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение