11–20 верасня – Ельня кліча валанцёраў на летнік па рамонце плацін

Валанцёрскі летнік на старажытным верхавым балоце Ельня адбудзецца 11-20 верасня. Каб запісацца, запаўняй форму.

Можна далучацца не на ўсе дні летніка, але перавага тым, хто зможа паехаць на ўсе ці на большую колькасць дзён.


01-20190816_093152.jpg

Валанцёрскі летнік на Ельні. Фота Любы Дударэвіч, валанцёркі АПБ


Мерапрыемства адбудзецца ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Партнёр гэтага летніка – кампанія “Кока-кола”.


Арганізацыйныя пытанні

Жыццё будзе ў палатках. Калі маеш, бяры сваю, а калі не – напішы нам. У верасні можа быць халодна, таму бяры з сабой дыванок і цёплы спальнік (дэмісезонны асенні або два летнія).

Што яшчэ ўзяць з сабой: гумовыя боты, плашч або дажджавік, асабісты посуд, будаўнічыя пальчаткі, сродкі гігіены, рэпелент. Для дзённых выхадаў на балота лепш мець невялікі заплечнік.

Калі не маеш спальніка, дыванка, гумовых ботаў, пішы на ptushki.org@gmail.com з пазнакай Ельня_11-20.09 — магчыма, мы знойдзем для цябе гэтыя рэчы.

Харчаванне забяспечваецца за сродкі праекта.

Даезд удзельнікаў летніка самастойны. Магчымая кампенсацыя расходаў толькі на грамадскі транспарт. Калі ў цябе ёсць аўто і ты можаш узяць “на борт” іншага ўдзельніка – выдатна!


02-IMG_0285.jpg

Валанцёры за працай. Фота Мікалая Чэркаса


Што трэба будзе рабіць? Насіць дошкі, умацоўваць і прыбіваць іх, усё гэта ва ўмовах балота. Праца патрабуе пэўнай фізічнай падрыхтоўкі, таму, калі адчуваеш у мускулах сілу – далучайся!

У верасні на Ельні збіраецца шмат шэрых жураўлёў, якія рыхтуюцца да міграцыі, таму ў цябе будзе магчымасць паназіраць за гэтымі “чырванакніжнікамі”.


03-Zlamanaya-platsina-fota-Mikalaya-CHerkasa-800.jpg

Зламаная плаціна. Фота Мікалая Чэркаса


Нядаўна на Ельні адбыўся пажар, бо нехта зламаў пабудаваную летась плаціну, у выніку чаго балота падсохла і лёгка загарэлася ад выпадковага акурка. Пажар аператыўна патушылі, а мясцовыя валанцёры тую плаціну ўжо адрамантавалі. Але на гэтым прыкладзе мы бачым, якую важную ролю маюць плаціны. Далучайся да летніка, дапамажы захаваць Ельню ад перасыхання і пажараў!

Як валанцёрскі летнік на Ельні па рамонце плацін праходзіў летась, глядзі ў рэпартажы.

Калі паўсталі пытанні, звані каардынатару летніка Мікалаю Чэркасу: 80291660717.

Алеся Башарымава, „Ахова птушак Бацькаўшчыны