10 верасня – Цырымонія ўручэння прэміі Арсенневай

10 верасня ў кафэ “Грай” (вул. Інтэрнацыянальная, 33) адбудзецца ўручэнне прэміі Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі. Цырымонія ўзнагароджання пачнецца а 19.00, на імпрэзе будзе названы пераможца.

У кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду ўвайшлі 3 кнігі:

Уладзімер Арлоў "Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
Надзея Артымовіч "Краявід з невідочнай памылкай". Выдавецтва “Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»”, Беласток.
Марыя Мартысевіч "Сарматыя". Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
 

Прыз прэміі сёлета складае 4000 беларускіх рублёў.

У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская, літаратуразнаўца і доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава, паэтка і бард Лера Сом, паэт і арганізатар літаратурных мерапрыемстваў Дзмітрый Строцаў.

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтрГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
 

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, другім — Алесь Разанаў з кнігай “Перавыбранае”.

Падзея ў Facebook: https://www.facebook.com/events/421962225342383/
Падзея “Вконтакте”: https://vk.com/arsenneva2019

Беларускі ПЭН-Цэнтр