Знайшоўся спонсар аднаўленьня помніка Францішку Аляхновічу ў Вільні

Помнікам беларускаму пісьменьніку, драматургу і грамадзкаму дзеячу Францішчу Аляхновічу на віленскіх могілках Росы абяцае заняцца самкіраваньне літоўскай сталіцы. Пахіленую плястыкавую скульптуру Аддзел аховы культурнай спадчыны Вільні ўключыў у другі этап рэстаўрацыі могілак.


01-87167C3B-2BEC-4A72-9F35-C15BF178222D_cx0_cy3_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Людвіка Кардзіс і беларусы Вільні каля помніка Францішчу Аляхновічу, 2005 год


Помнік, які стварыў скульптар Эдуард Падбярэзскі, усталявалі на Росах у 1989 годзе. Але з часам плястыкавая скульптура пачала зьнішчацца. У 2008 годзе беларуская грамадзкасьць Вільні ініцыявала збор сродкаў на новы помнік, але сабраных сродкаў тады не хапіла. Беларусы Вільні зьвярталіся і да літоўскіх уладаў, але фінансаваньня не ўдалося знайсьці і там.


02-87A95145-4123-4DDA-91A2-82AA59B8F826_w1597_n_r0_st.jpg

Стан помніка сёньня


​У ліпені пра аварыйны стан помніка Аляхновічу, які пахіліўся, напісала і дзяржаўная газэта «Культура». Дыскусія аднавілася нанова.

Свабода спрабавала высьветліць ў амбасадзе Беларусі ў Вільні, ці далучылася б да аднаўленьня помніка МЗС. Там нам паведамілі, што такіх магчымасьцяў, у пасольства, на жаль, няма. Нашчадкі Аляхновіча, якія жывуць у Польшчы, на пытаньне Свабоды адказалі, што гатовыя падтрымаць кампанію па зборы сродкаў, але самастойна аплаціць усе працы таксама ня могуць.


03-07C4FD8F-6383-4167-933A-36E5724AC197_w1597_n_r0_st.jpg


Аднак днямі грамадзкая арганізацыя «Віленскі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» атрымала адказ з мэрыі літоўскай сталіцы на свой ранейшы ліст. У ім кіраўніца арганізацыі Людвіка Кардзіс пісала пра асобу Францішка Аляхновіча і стан ягонага помніку. Яна прасіла ўключыць рэстаўрацыю помніка ў плян агульнага парадкаваньня могілак Росы.

«Плянуем уключыць помнік у ІІ этап працаў па ўпарадкаваньню. Не магу гарантаваць фінансаваньня працаў, бо працы ІІ этапу будуць фінансавацца толькі за кошт сродкаў самакіраваньня», — гаворыцца ў адказе Аддзелу аховы культурнай спадчыны.

Старшыня «Віленскага Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча» пракамэнтавала адказ віленскага самакіраваньня.

«Верым, што ўсё атрымаецца. Перадаём эстафэту ў Рэспубліку Беларусь. Спадзяемся, што там знойдуцца тыя, хто ў стане дамагчыся зьяўленьня вуліцаў імя Аляхновіча ў Менску і Віцебску».

Францішак Аляхновіч — беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік. менавіта ён стаў аўтарам першага твора сусьветнай літаратуры пра сталінскія рэпрэсіі — дакумэнтальнай аповесьці «Ў кіпцюрах ГПУ», які апісвае лягер з погляду арыштанта. Яго называюць «бацькам найноўшай беларускай драматургіі», адным з заснавальнікам беларускага тэатразнаўства.

У сакавіку 1944 году Аляхновіча застрэлілі ва ўласнай кватэры ў Вільні. Дагэтуль невядома дакладна, хто забіў пісьменьніка.

У 2013 годзе ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зьняволеньні.

Дзьмітры Гурневіч, svaboda.org