«Жыцьцё ў эміграцыі стала катаваньнем»

42-гадовы Віктар Бугаёў, былы жыхар райцэнтру Дуброўна на ўсходнім ускрайку Беларусі, расказвае пра знаёмства з Лукашэнкам, грамадзкую актыўнасьць і перасьлед, які вымусіў пакінуць радзіму. У Беларусі засталася сям’я, якой Віктар ня бачыў больш за 4 гады.


01-85b4bf55-6501-4c6c-8024-b70915879d52_w1597_n_r1_st.png

Віктар Бугаёў з сынамі на радзіме


Пра Віктара Бугаёва сьцісла

  • Біялягічных бацькоў ня знае. Двухгадовым яго ўсынавілі.
  • Жанаты. З жонкай Натальляй Стрэльчанкай разам 20 гадоў. У іх двое сыноў. Адзін вучыцца ва ўнівэрсытэце, другі скончыў дзевяць клясаў.
  • Быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Інкрымінавалі прымус у сплаце доўгу, ужываньне гвалту і заведама непраўдзівы данос. Справу лічыць сфабрыкаванай.
  • У 2013-м зарэгістраваў сялянска-фэрмэрскую гаспадарку «Віктор-прадукт». Разводзілі свойскую птушку і жывёл. Займаліся пчалярствам.
  • Сябра незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада». Да 2019 году быў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
  • У 2017 годзе зьехаў зь Беларусі. Тры з паловай гады правёў у Швэцыі. Цяпер у Польшчы.
  • У Швэцыі пачаў весьці ў сацыяльных сетках блогі пра беларускае жыцьцё: «Усё аб Дуброўна», «Хватит врать» і «Народный приговор».

Пра жыцьцё сіраты, сустрэчу з Лукашэнкам, 6 гадоў у калёніі

Віктар Бугаёў кажа, што ў дзяцінстве яго цкавалі, бо атачэньне ўспрымала сіроцтва як загану. Такое стаўленьне адбілася на характары. Віктар востра рэагуе на несправядлівасьць і варожасьць да сябе.

Кажа, што палітыкай пачаў цікавіцца з 15 гадоў. У 16 пабываў на сустрэчы з вылучэнцам у прэзыдэнты Аляксандрам Лукашэнкам, які ў 1994 годзе прыяжджаў у Дуброўна агітаваць за сябе.

Перадвыбарчы выступ палітыка хлопцу не спадабаўся. За Лукашэнку ніколі не галасаваў. Той, на погляд Віктара, прагне панаваць над усім, над чым толькі можа.


02-b890ecfd-7d73-474c-a546-bc486650d16f_w1597_n_r0_st.png

Віктар Бугаёў з жонкай Натальляй Стрэльчанкай. Разам яны 20 гадоў


На пачатку 2000-х, кажа Бугаёў, у дубровенскім аддзеле міліцыі яго пабілі: траўмавалі пазваночнік, грудзіну, ныркі. Сам лічыць, што прычынаю стала яго заява аб вымаганьні мясцовымі міліцыянтамі хабару з дальнабойнікаў, сьведкам чаму неаднойчы бываў. Па факце пабіцьця двойчы распачыналі крымінальную справу, але вінаватых так і не пакаралі.

У 2008-м Бугаёва абвінавацілі ва ўчыненьні злачынства. Па ягоных словах, яму інкрымінавалі прымус у сплаце доўгу, ужываньне гвалту і заведама непраўдзівы данос. Пацярпелым прызналі былога супрацоўніка міліцыі, якому пагражала прымусовае лячэньне за злоўжываньне алькаголем.

Сваю невінаватасьць актывіст даказаць ня змог і быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней, кажа, пацярпелы прызнаўся, што агаварыў яго пад ціскам былых калегаў. Тыя словы ўдалося задакумэнтаваць, але яны нічога не зьмянілі.

Па вызваленьні Бугаёў скардзіўся ў розныя дзяржаўныя інстанцыі, але нажыў сабе толькі новыя непрыемнасьці. Яму пагражалі, у дом нават урываліся ўзброеныя людзі.

«Пасьля канфліктаў зь міліцыяй я стаў аб’ектам няспыннага перасьледу», — адзначае актывіст.

На ягоную думку, «рэпрэсіўная машына бязь літасьці распраўляецца з тымі, хто паўстае супраць яе». Найгорш з гэтым у глыбінцы, дзе меней кантролю і людзі менш абароненыя, кажа суразмоўца.


Пра загадкавую сьмерць кандыдата ў дэпутаты, рашэньне пакінуць радзіму

Падчас перадвыбарчай кампаніі 2015 году Віктар Бугаёў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю і стаў даверанай асобай Анатоля Лябедзькі. Па словах актывіста, ён першым у Дуброўне арганізаваў агітацыйны пікет апазыцыйнага палітыка.

Пасьля пікету і рэпартажаў пра мясцовае жыцьцё, кажа Віктар, Дуброўна актыўна ўзяліся парадкаваць. У райцэнтры зладзілі «Дажынкі», да якіх шмат чаго адрамантавалі.


03-9f7d7527-68d6-4b72-838f-dc24b3880679_w1597_n_r0_st.jpg

Пасьведчаньне аб тым, што Віктар Бугаёў — давераная асоба Аляксандра Турка


Што значыць быць апазыцыянэрам у невялікім горадзе, Бугаёў адчуў у 2016-м — пасьля загадкавай сьмерці вылучэнца ў Палату прадстаўнікоў Аляксандра Турка, у якога быў даверанай асобай. Цела Турка з праламаным чэрапам знайшлі на закінутай фэрме. Пазьней актывіст даведаўся, што сьледзтва ня выявіла ў сьмерці прэтэндэнта на дэпутацтва крыміналу. Паводле расьсьледаваньня, ён упаў і ўдарыўся патыліцай.

Бугаёў у высновы сьледчых не паверыў і доўга асьцерагаўся выходзіць на вуліцу адзін, бо не выключаў, што зь ім можа здарыцца тое самае, што і з Турком.

Тым часам, кажа Віктар, райвыканкам абмежаваў для ягонай гаспадаркі разьвядзеньне свойскай птушкі, і займацца ёю стала нявыгадна. Унесьлі зьмены і ў аплату арэнды памяшканьняў. Так сямейны бізнэс збанкрутаваў.

Бугаёў сьцьвярджае: пасьля таго як на сайце АГП апублікавалі фільм пра злоўжываньні мясцовых чыноўнікаў і сілавікоў, зьняты з удзелам палітыка Анатоля Лябедзькі, адзін з службоўцаў абвінаваціў яго ў паклёпе. У той час ён быў адным з заяўнікаў пратэставых акцыяў супраць «дэкрэту аб дармаедах». Калі Бугаёў ехаў на такую акцыю ў суседнюю Воршу, яго затрымалі. Правёўшы ў аддзеле міліцыі сем гадзін, Віктар зразумеў: калі ня зьедзе зь Беларусі, то апынецца за кратамі.


Пра тры з паловай гады «пекла», пагрозу дэпартацыі

Пакідаючы Беларусь, працягвае Віктар Бугаёў, ён меў надзею, што Швэцыя стане яму другім домам. Тры з паловай гады, праведзеныя ў гэтай краіне, цяпер называе «пеклам».


04-8a16b52d-42c3-4d82-a229-d7c336db683b_w1597_n_r0_st.jpg

Пасьведчаньне Віктара Бугаёва, якое давала права жыць у Швэцыі


У Швэцыі Бугаёў хацеў атрымаць палітычны прытулак. Кажа, што перадаў мясцовым уладам зьвесткі пра перасьлед на радзіме ды небясьпеку зьняволеньня. Спачатку яму выдалі дакумэнт, які дазваляў жыць у краіне, выдзелілі месячную матэрыяльную дапамогу і жытло. Аднак міграцыйныя ўлады не далі веры, што беларускі актывіст — ахвяра рэпрэсіяў, і пастанавілі яго дэпартаваць. Скасаваньня такога рашэньня Бугаёў дамагаўся праз суды. Яму дапамагалі беларускія і швэдзкія праваабаронцы. Быў зварот спэцдакладчыка ААН, каб пастанову аб дэпартацыі прыпынілі.

У судах Бугаёў даведаўся, што ягоныя дакумэнты аб перасьледзе не разглядаліся. Іх арыгіналы абяцалі аддаць, як пасадзяць у самалёт, выпраўляючы на радзіму. Дзе яны цяпер, ён ня ведае.


05-1a8db63d-261a-4000-93ec-9b6ae655af11_w1597_n_r0_st.png

Пакой з кратамі на вокнах, у якім Віктар Бугаёў жыў у Швэцыі


Віктар Бугаёў мяркуе: на пазыцыю міграцыйных уладаў паўплывала тое, што ў Беларусі тады не было масавых рэпрэсіяў. Па словах актывіста, судзьдзі акцэнтавалі ўвагу на тым, што партыя, сябрам якой ён быў, мае афіцыйную рэгістрацыю і нават — у той час — свайго дэпутата ў парлямэнце (Ганну Канапацкую. — РС).

«У маёй гісторыі было задзейнічана шмат палітыкаў, праваабаронцаў, дзяржаўных службоўцаў, і калі б мяне дэпартавалі на радзіму, я стаў бы падарункам для прапаганды. Мяне чакала б турма і катаваньні. Я б сутыкнуўся з тым, што перажывае цяпер Раман Пратасевіч», — кажа ён.


06-8e5b5c0e-b060-4e02-ac24-a0bb6aa01f93_w1597_n_r0_st.jpg

Каб не дапусьціць дэпартацыі на радзіму, Віктар Бугаёў пратэставаў


Па словах Бугаёва, выехаць са Швэцыі яму «дапамаглі неабыякавыя людзі». Тады ён жыў ужо на вуліцы — стаў нелегалам, калі ў яго адклікалі дакумэнт на права знаходзіцца ў краіне.


Пра распродаж гаспадаркі і перасьлед жонкі

Пакуль Віктар Бугаёў шукаў паратунку ў Швэцыі, ягоная сям’я выжывала, распрадаючы маёмасьць ліквідаванай жонкай фэрмэрскай гаспадаркі. Натальля мусіла збыць і сямейны аўтамабіль. Суразмоўца кажа, што дапамагаў родным грашыма, калі знаходзіў часовую працу на чужыне.


07-98fcbf9b-f420-423e-90bc-bce03c5a73ab_w1597_n_r0_st.png

Гусей фэрмэры Бугаёвы-Стрэльчанкі мелі да паўтысячы


Па ягоных словах, жонка да знаёмства зь ім была далёкая ад палітыкі. Празь ягоны характар і канфлікты з уладай перажыла шмат непрыемнасьцяў, але гаворкі пра развод не было. У 2016 годзе яна сама ўступіла ў АГП і была партыйнай актывісткай тры гады.

Віктар Бугаёў кажа, што па ягоным ад’езьдзе жонку пачалі перасьледаваць: выклікалі ў міліцыю, абшуквалі дом. Натальлі нават удалося ў жывым эфіры расказаць, як яе везьлі ў міліцыю. Той рэпартаж, на думку актывіста, уратаваў яе ад працяглага зьняволеньня.

Па вызваленьні Натальля расказала яму, што ў аддзеле зь яе зьдзекаваліся. Прымусілі разьдзецца дагала, здымалі гутарку на відэа. Дзень трымалі ў камэры. Міліцыянты казалі жанчыне, што сама вінаватая, бо ведала, якога мужа выбірала.


08-ee5d9930-6eb7-4f8b-80e4-5eb52baeec49_w1597_n_r0_st.png

Вульлёў таксама мусілі пазбыцца


Цяпер, працягвае Віктар, жонку ня хочуць браць на працу.

«Калі б перастаў пісаць у сацыяльных сетках пра рэаліі беларускага жыцьця, то, можа, вакол сям’і стала б цішэй», — мяркуе актывіст.

Віктар Бугаёў адзначае: жонка сышла з АГП, бо «страціла давер да кіраўніцтва раённай партыйнай арганізацыі». Як і ён, далучылася да партыі Мікалая Статкевіча, бо лічыць, што «зьняволены цяпер палітык заўжды народу кажа праўду».


Пра жыцьцё ў Польшчы і вяртаньне на радзіму

На жыцьцё ў Польшчы Віктар Бугаёў не наракае. Ужо мае дазвол на працаўладкаваньне і шукае працу кіроўцы.

«Суайчыньнікам, якія плянуюць эміграцыю празь перасьлед, лепей выбірацца ў суседнія краіны, — раіць ён. — Там разумеюць беларускую бяду, бо самі перажылі падобнае ў сваёй гісторыі».

Віктар Бугаёў кажа, што будучыня застаецца няпэўнай, і ўзьяднацца зь сям’ёю бліжэйшым часам ня ўдасца. Жыцьцё ў эміграцыі, кажа мужчына, стала для яго «катаваньнем»: нельга зьмірыцца, што сыны растуць безь яго. Вярнуцца ж на радзіму ня можа празь небясьпеку арышту. Калі б такой пагрозы не было, то, кажа, «пайшоў бы пешшу».


09-09da5d24-3e2d-46aa-bef5-31f18ab1d50c_w1597_n_r0_st.png

Натальля Стрэльчанка ў кампаніі з палітыкам Міколам Статкевічам


«У мяне было нармальнае жыцьцё, — кажа ён. — Быў свой бізнэс, зь якога жыла сям’я. Цяпер я ня ведаю, што мяне чакае».

«Пакуль ён пры ўладзе, пераменаў ня будзе», — кажа актывіст пра пэрспэктывы Беларусі пад уладай Аляксандра Лукашэнкі.

svaboda.org