Жыў на Старажоўцы і сябраваў з сынам Кандрата Крапівы: цікавыя факты з жыцця Жарэса Алфёрава

Нарадзіўся ў Віцебску да вайны

Алфёраў нарадзіўся ў 1930-м у Віцебску, у змяшанай сям'і: маці была габрэйкай, бацька — беларусам. Ад немцаў яны вымушаныя былі ўцякаць у Свярдлоўскую вобласць. Пасля вайны вярнуліся, але не ўсе — старэйшы брат Жарэса загінуў на фронце. 

Жыў на Старажоўцы і сябраваў з сынам Крапівы

Сын Кандрата Крапівы Ігар у школьныя гады сябраваў з будучым нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым, сваім суседам. Дом, у якім пасялілася пасля вайны сям’я Алфёравых, знаходзіўся на рагу Мопраўскай (цяпер Камуністычная) і няіснай ужо Маладзечанскай вуліц, за сучаснай Старажоўскай. Цяпер там Дом Масквы и гатэль «Беларусь». 

Жарэс Алфёраў успамінаў, як пазіраваў Ігару для экзаменацыйнай работы ў Акадэмію мастацтваў: «Працаваў над партрэтам два тыдні, за гэты час я, голы па пояс, прачытаў усяго Шэкспіра (у іх дома быў поўны збор твораў). Напэўна, мой аголены торс камісію не ўразіў — Ігара не прынялі (праз год ён паступіў ужо на архітэктурны факультэт)».

Цікава, што на Старажоўцы жыла — і жыве — Святлана Алексіевіч — іншы нобелеўскі лаўрэат. 

Модна апранаўся 

У рамане Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» малады Жарэс Алфёраў апісваецца так: «быў стылягам, насіў порткі-дудачкі ды стракатую кашулю з малпамі». 

На дарогу да Нобеля яго вывелі ў мінскай школе

Жывучы на Старажоўцы, Алфёраў хадзіў у 42-ю школу (на Камсамольскай вуліцы), цяпер гэта гімназія, якая носіць яго імя. 

Фізіку выкладаў Якаў Барысавіч Мельцэрзон.


02-melcerzon.jpg

Якаў Мельцэрзон


Гэтага чалавека Алфёраў часта згадваў у інтэрв'ю, падкрэсліваючы, што менавіта ён захапіў школьніка фізікай, а з ростам ведаў — і электронікай. 

«Я таксама вучыўся ў Мельцэрзона і добра памятаю ўсмешлівае шкадаванне ў вачах за акулярамі з тоўстым шклом, з якім ён выводзіў мне выратавальны «траебан», як мы тады называлі адзнаку «здавальняюча». На вучняў, што атрымлівалі ў яго «выдатна», я глядзеў не тое што з зайздрасцю, а як на іншапланетных істот, якім падуладны неабсяжныя таямніцы», — пісаў ва ўспамінах Сяргей Ваганаў, які скончыў тую ж школу і вучыўся ў таго ж настаўніка фізікі.

Пачаў вучыцца ў Беларусі, але зрабіў кар'еру ў савецкай Расіі

Пасля школы Алфёраў паступіў у БНТУ (Палітэх), але адвучыўся толькі год і за бацькамі паехаў у тагачасны Ленінград, дзе скончыў электра-тэхнічны інстытут.


03-tild3565-6237-4264-a361-623431383965__alferov2-r0yy4.jpg

Алфёраў у 1959 годзе


Пасля ён трапіў у аўтарытэтную лабараторыю Фізіка-тэхнічнага інстытута АН СССР і пайшоў далей: абараніў кандыдацкую, доктарскую. Узначаліў інстытут, заваяваў шэраг прэмій. 

У сваім даследаванні паўправаднікоў зайшоў так далёка, што зрабіў рэвалюцыю ў гэтай сферы і стаў акадэмікам і нобелеўскім лаўрэатам. 

Першыя палітычныя амбіцыі пахаваў распад СССР

Паралельна з навуковай дзейнасцю Алфёраў спрабаваў сябе і ў грамадска-палітычнай. Ён стаў народным дэпутатам СССР у 1989 годзе, але тут разваліўся Савецкі Саюз… 

Да канца жыцця Алфёраў заставаўся зацятым камуністам, быў сябрам КПРФ. 

Прафесійны фізік вельмі туманна ўяўляў сабе заканамернасці ў іншай сферы — эканоміцы. 

«Тое, што Савецкі Саюз разваліўся, яшчэ не кажа пра перавагі рынкавай эканомікі над планавай», — думаў Алфёраў. 

СССР ён лічыў з'явай, якая «стрымлівала сусветны капіталізм». 

Быў у базе «Міратворца» 

Алфёраў трапіў у вядомы «спіс Міратворца» — украінскага сайта, які занатоўвае звесткі пра сепаратыстаў і «агентаў Крамля». Яму ставілі ў віну наведванне акупаванага Крыма і апраўданне агрэсіі Расіі ва Украіне.

Хваліў Лукашэнку за «стаўленне да дасягненняў савецкага часу»

«Пасля 1991 года ў Беларусі пайшла такая ж рабаўніцкія прыватызацыя, як у Расіі, рускую мову выгналі са школ, а ўся дзяржаўная сімволіка — сцяг, герб і г.д. — капіявалі так званую Беларускую Народную Рэспубліку, якая была абвешчана ў час акупацыі Беларусі немцамі ў 1918 годзе. І дзень яе абвяшчэння абвясцілі дзяржаўным святам — Днём незалежнасці», — сказаў неяк Алфёраў.

Гэта не адпавядала рэчаіснасці, бо 25 сакавіка, калі была абвешчана незалежнасць БНР, ніколі не лічыўся ў Беларусі Днём незалежнасці, у 90-я Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня.

«А Лукашэнка вярнуў савецкую сімволіку, зрабіў рускую мову другой дзяржаўнай, і Дзень незалежнасці вырашана было адзначаць у дзень вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у 1944 годзе. Лукашэнка так і сказаў: Беларусь стала незалежнай дзякуючы Чырвонай Арміі. Я лічу, што найвялікшае свята і сапраўдны Дзень незалежнасці для Расіі — 7 лістапада. І хай ён да нас вернецца», — заклікаў Алфёраў.

“Наша Ніва”