Заява Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў сувязі з актамі вандалізму, учыненымі над помнікам Тадэвушу Касьцюшку і над помнікам ахвярам камунізму ў Вашынгтоне

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне выказвае сваю занепакоенасьць і смутак у сувязі з актамі вандалізму, учыненымі над помнікам Тадэвушу Касьцюшку і над Помнікам ахвярам камунізму ў Вашынгтоне.


kasciuska.jpg


Тадэвуш Касьцюшка – ураджэнец Беларусі, нацыянальны герой Беларусі, Злучаных Штатаў і Польшчы, які змагаўся за свабоду і дэмакратыю, як у сябе на радзіме, так і ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у Амэрыку, каб браць удзел у Вайне за Незалежнасьць, быў дэмакратам і патрыётам па сваіх поглядах, лічыў галоўным правам кожнага народу мець сваю незалежную дзяржаву.

Будучы прафесійным вайскоўцам, удзельнічаў у важнейшых вайсковых апэрацыях гэтай вайны, быў аўтарам праектаў абаронных умацаваньняў у Вэст-Пойнце, дзякуючы якім была атрымана перамога над ангельцамі. Касьцюшку было прысвоена званьне генерала і ён быў узнагароджаны Ордэнам Цынцыната. Мэмарыяльны музэй Касьцюшкі існуе ў Філядэльфіі.

Тадэвуш Касьцюшка быў праціўнікам рабства і расізму, ў сваім тэстамэнце ён завяшчаў свае грошы на выкуп чорных рабоў і адукацыю чорных амэрыканцаў. На гэтыя сродкі была адчынена і дзейнічала школа для дзяцей афра-амэрыканцаў у Нью-Джэрзі.

Як і многія амэрыканцы, мы заклапочаныя праблемай расавай дыскрымінацыі, якой прысьвечаныя сёлетнія масавыя пратэсты ў розных кутках ЗША. Пры гэтым мы адзначаем, што пашкоджаньне помнікаў Тадэвушу Касьцюшку цалкам супярэчыць мэтам і ідэям, за якія выступае большасьць пратэстоўцаў. Гэтак жа сама супярэчыць мэтам пратэстаў пашкоджаньне Помніка ахвярам камунізму - злачыннай бесчалавечнай таталітарнай ідэалёгіі, якая стала прычынай гібелі мільёнаў людзей і якая зьяўляецца такой сама непрымальнай для сучаснага сьвету, як любая форма расізму.

Гэта якраз тыя месцы, куды варта было б ускладаць кветкі пад час такіх пратэстаў, як і да помнікаў усіх іншых змагароў супроць расізму. Мы спадзяемся, што абодва гэтыя помнікі будуць у бліжэйшы час прыведзены ў належны стан.

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне