Затапіла беларускія вёскі ў Сыбіры: «Са старых людзей ніхто такога ня памятае»

Ад пачатку мінулага тыдня паселішчы ў Іркуцкай вобласьці Расеі пачалі сыходзіць пад ваду — праз надзвычайныя залевы рэзка падняўся ўзровень рэкаў. Ужо налічылі сем загінулых і прынамсі 600 пацярпелых.

Намесьнік старшыні іркуцкага беларускага клюбу «Крывічы» Алег Рудакоў сказаў Свабодзе, што ад паводкі пацярпелі і беларускія вёскі — паселішчы, заснаваныя высланымі ў Сыбір беларусамі, дзе дагэтуль жывуць людзі зь беларускімі каранямі.

Але інфармацыі мала — пацярпелыя вёскі адрэзаныя ад зьнешняга сьвету:

«Сувязь толькі празь верталёты, а верталёты паўсюль не пасьпяваюць»,— кажа Рудакоў.​


02-5E1E9C20-BAB6-4C81-B391-D5FEF5CA1584_cx0_cy11_cw100_w1597_n_r1_st.jpg

Алег Рудакоў, дасьледнік беларускай прысутнасьці ў Сыбіры, архіўнае фота


«Вось, напрыклад, вёска Чарчэт [Тайшэцкага раёну Іркуцкай вобласьці, з насельніцтвам больш за тры сотні чалавек] сама па сабе не затопленая, бо яна на ўзвышшы, але вакол усе вёскі затопленыя, і затопленая дарога, якая зьвязвае вёску са зьнешнім сьветам, — кажа Рудакоў. — На сёньняшні дзень яны проста адрэзаныя, у іх амаль няма электрычнасьці. Трошкі, бывае, даюць, але баяцца, бо ўсе электралініі падтопленыя, слупы падаюць, замыканьні адбываюцца.

Пры тым у самой вёсцы Чарчэт дажджоў зусім няма, але сьпякота жудасная. Няма чым паліваць, а вакол няма добрай вады, бо побач рэчка выйшла зь берагоў вельмі значна, у некаторых мясьцінах пазносіла хаты, жывёлу. У адной суседняй вёсцы аж 200 цялятаў патанулі — іх пасьпелі выгнаць на востраў на ўзвышшы, а і яго затапіла».

Пацярпелі і іншыя вёскі, заснаваныя беларусамі, у тым ліку Мугун, Ніжні і Верхні Бурбук у суседнім Тулунскім раёне — дарогі вакол затопленыя, электрычнасьці няма. Таксама часткова затопленая заснаваная беларусамі вёска Ікей у Тулунскім раёне, але зьвязацца зь ёй няма як, дарогі туды затопленыя, толькі МНС далятае на верталётах і забірае людзей, калі бачыць іх на дахах. Ёсьць людзі, якія зьніклі бязь вестак — магчыма, яны спрабавалі самі эвакуавацца насуперак папярэджаньням ратавальнікаў.

Днём раней вада пачала адступаць, але назаўтра прагназуюць вялікія залевы, вада можа зноў падняцца. Ці слушна дзейнічаюць ратавальнікі і чыноўнікі, Рудакоў сьцьвярджаць не бярэцца. Мяркуе, што яны, відаць, робяць усё магчымае, але структуры не былі падрыхтаваныя да бяды такога маштабу.

«Узровень рэк небывала падняўся, — дадае Рудакоў. — Такога ўжо даўно не было, са старых людзей ніхто такога ня памятае».

АА, svaboda.org