«Зь нямецкага Мінкульту мне пазванілі, з нашага — ніхто». Гутарка з рэжысэрам, які зьняў фільм па рамане Марціновіча

Рэжысэр «Возера радасьці» Аляксей Палуян расказаў, як шукаў фінансаваньне на фільм, як знайшоў у інтэрнаце галоўную актрысу і чаму Беларусі не патрэбны прыход Netflix. Свабода пагутарыла з аўтарам кіно, якое ўжо заваявала шэраг узнагародаў у Эўропе.

Аляксей Палуян атрымаў рэжысэрскую адукацыю ў Нямеччыне, дзе жыве 7 гадоў. Пры гэтым ён здымае кіно і ў Беларусі. Ягоная кароткамэтражка «Возера радасьці» па рамане Віктара Марціновіча атрымала ў Нямеччыне кінапрэмію Hessen Film Awards у намінацыі «Лепшы кароткамэтражны фільм». Цяпер кіно паказваюць на менскім кінафэстывалі «Лістапад», а пасьля яго пусьцяць у пракат беларускія кінатэатры.

Фільм распавядае пра жыцьцё 9-гадовай дзяўчынкі Ясі, якую пасьля сьмерці маці бацька адвозіць у інтэрнат. Галоўную ролю выканала 9-гадовая Анастасія Пляц. Яна атрымала прыз «Лепшая актрыса» на прэстыжным гішпанскім кінафэстывалі FICBUEU. Там жа карціна «Возера радасьці» заваявала яшчэ дзьве ўзнагароды — прыз журы і прыз «За лепшае мастацкае рашэньне». Пра працу над фільмам, далейшыя пляны і кіно ў Беларусі гутарым з Аляксеем Палуянам.

— Чаму вы вырашылі экранізаваць менавіта «Возера радасьці» Віктара Марціновіча?

— Імпульсам была нават ня кніга. У мяне няма адказу на пытаньне: «Як бацькі могуць аддаваць дзіця ў інтэрнат?» Мой бацька сірата, але гэтая тэма была ў сям’і табу. Бацька ніколі не расказваў, што ў яго ў жыцьці было да 20 гадоў. І мне як рэжысэру стала цікавая гэтая тэма.


03-146495FB-6634-4033-AEE1-156444FF6FA9_w1597_n_r0_st.jpg


Я даведваўся нешта з дапамогай маці. Акурат у гэты час сябар мне падарыў кнігу «Возера радасьці». І там у самым пачатку кнігі ёсьць эпізод, дзе бацька здае ў санаторый «Лясны» сваю дачку. Я паглядзеў, што тут шмат падабенства, я пазваніў Віктару Марціновічу і прапанаваў нешта зрабіць разам. Хацеў узяць за аснову гэты эпізод і зрабіць вольную адаптацыю. Думаў, пакіну каркас з раману і перанясу дзеяньне з гораду ў вёску, зраблю крыху іншай праблему. І так пачалася праца над сцэнарам, год мы над ім працавалі.


«У 9-гадовай дзяўчынкі былі вочы як у дарослай дзяўчыны»

— У фільме дзяўчынку Ясю, якую здаюць у інтэрнат, грае дзяўчынка з інтэрнату, не прафэсійная акторка. Вы яе адразу знайшлі?

— Для мяне было прынцыпова, каб галоўную ролю выконвала дзяўчынка з інтэрнату. Фільм будзе жыць толькі дзякуючы гэтаму. Сьпярша я зьбіраўся здымаць у адным інтэрнаце, быў дазвол ад дырэктара, але за тры тыдні да пачатку здымак мне нечакана адмовілі.

Мы езьдзілі далей па інтэрнатах. Усё было звычайнае. Наш апошні пункт кастынгу быў Магілёў. Ужо не было спадзяваньня, што мы знойдзем. Прыяжджаем у «SOS-вёску» — гэта такая аўстрыйская праграма — хаткі, у якіх жывуць па 6-7 дзетак. Калі да нас запусьцілі дзетак, то я адразу заўважыў, як дзяўчынка адна стаіць у куце. І ў яе вочы, як у дзяўчыны дарослай, гадоў дваццаці. Я адразу зразумеў — гэта тое, што трэба.

— Цяжка было зь ёй працаваць?

— Зь дзецьмі можна працаваць ня больш за 6 гадзін на дзень. З Настай было вельмі проста, фільм атрымаўся такі, як ёсьць, толькі дзякуючы ёй: уся аўтэнтыка, шчырасьць. Наста проста пражывала гэта, а ня грала. Яе пакінулі ў інтэрнаце, калі ёй было 5 гадоў, разам з братам.

— Кіно ўсё ж каштуе грошай. Удалося знайсьці фінансаваньне?

— Так, мне пашэнціла. Палову грошаў я знайшоў у нямецкім кінафондзе. Там цяжка атрымаць грошы, бо канкурэнцыя. Я ўсё ж падаўся, хоць мяне адгаворвалі, казалі, што гэта складана.

Мая сям’я тады мела праблемы, фінансавыя цяжкасьці. Было не да фільму, я быў ня ўпэўнены, што наогул буду здымаць. А пасьля мне паведамілі, што мой праект ухвалілі. Я вырашыў, што гэта знак. Астатнюю палову грошай удалося сабраць самому. Кіно зьняў танна.


«Мы здымалі ў вёсцы, дзе не было нават гарачай вады»

— Кіно здымалі ў вёсцы. Як гэта праходзіла?

— Мы жылі ў хатках. Частка каманды, якая працавала над фільмам былі зь Нямеччыны. Каб здымаць аўтэнтычныя, моцныя кадры, трэба нечым ахвяраваць. Немцы былі шчасьлівыя, што мы жылі ў вёсцы, там нават гарачай вады няма. Мы хадзілі ў лазьню. Для немцаў такія ўмовы — гэта было шчасьце. А для беларусаў чамусьці праблема.

— Ці думаеце зьняць у будучыні поўны мэтар па «Возеры радасьці»?

— Я ўжо працую над поўным мэтрам, але не па гэтым рамане. Цяпер пішу сцэнар сам. Будзем здымаць і ў Беларусі, і ў Нямеччыне. Гэта гістарычны фільм, бо мне цікавыя гэтыя пераходныя моманты ў гісторыі. Пакуль гэта ідэя.

— Не было думкі зьвярнуцца да «Беларусьфільма» па дапамогу, у тым ліку фінансавую, для «Возера радасьці»?

— Калі шчыра, я ўжо ня свой для беларускіх рэжысэраў, у іх свае праблемы, а я тут нібыта прыежджы. Я гэта адчуваю, калі прыяжджаю на «Лістапад». Калі я прыйду на «Беларусьфільм», яны мяне не зразумеюць проста.


«Беларускае кіно ўжо ратуюць маладыя рэжысэры»

— Як уратаваць беларускае кіно, ваш рэцэпт?

— Уратаваньне ўжо ідзе, працэс запушчаны. Я бачу, што мая генэрацыя нешта робіць. Кіно беларускае існуе ў дзьвюх рэчаіснасьцях — беларускае незалежнае кіно і «Беларусьфільм». Пра другое, я нічога не ведаю, бо я там не працую. А вось у сфэры аўтарскага кіно — кіно ўжо ўратаванае. Я прыяжджаю ў Эўропу, і там ужо называюць імёны Андрэя Куцілы, напрыклад.

— Якія фільмы зь беларускіх вы б назвалі добрымі?

— «Ідзі і глядзі» — гэта самы моцны беларускі фільм, які я бачыў. Дакумэнталісты добрыя, але гэта старая гвардыя. Сяргей Лазьніца сябе не адчувае беларусам, хоць і нарадзіўся ў Баранавічах. Андрэй Куціла — з сучасных беларускіх рэжысэраў.

— Вы вучыліся ў БДУІРы, чаму вырашылі заняцца кіно?

— Гэта адбылося падчас вучобы. Я граў у тэатры ва ўнівэрсытэце, і для мяне кіно — гэта была глыба, пра якую я нічога ня ведаў. Калі паехаў на вучобу ў Нямеччыну, я там мала спаў першы год, чытаў пра кіно і глядзеў кіно.


«Netflix зламае ўсю магію кіно»

— Калі ў Беларусь прыйдзе Netflix? Ці ёсьць у нас такі сюжэт?

— Лепш бы ён не прыходзіў, бо тады хана кінатэатрам. Гэта галоўная праблема ў сьвеце цяпер. Для рэжысэра праблема, калі людзі глядзяць кіно дома. Магія кіно ў тым, што ты прыходзіш у цемру кінатэатру, сядаеш і праз маленечкае сьвятло глядзіш кіно. У савецкі час была культура хадзіць у кіно, а цяпер — не.

Лепш добры рэжысэр, чым Netflix. Цяпер жа любы рэжысэр яшчэ і сам сабе прадусар. У мяне так было з усімі фільмамі, з «Возерам радасьці» тое самае. Беларускаму Мінкульту трэба зрабіць незалежны цэнтар, хай зь невялікім фінансаваньнем, але каб выпускаць 5–6 фэстывальных фільмаў за год. Гэта б было супэр. Але ім нічога ня трэба. Наконт «Возера радасьці» мне пазванілі зь нямецкага Міністэрства культуры і паведамілі, што «Возера радасьці» намінавалі на галоўную прэмію. З нашага Мінкульту не званіў ніхто.

— Якія 10 фільмаў абавязкова трэба паглядзець беларусу?

— З французаў трэба паглядзець «На ўдачу, Бальтазар» Рабэра Брэсона. «Неба над Бэрлінам» Віма Вэндэрса, «Апакаліпсіс сёньня» Фрэнсіса Форда Копалы, «Нямеччына, год нулявы» Рабэрта Расэліні. З польскіх варта паглядзець «Канстанту» Кшыштафа Занусі. Трэба паглядзець найлепшы фільм Таркоўскага «Андрэй Рублёў», таксама «Таксіст» Скарсэзэ, «Мары Курасавы» — апошні фільм Курасавы. «Чалавек безь мінулага» трэба паглядзець фінскага рэжысэра Акі Каўрысьмякі, а таксама «Твары» Джона Касавэтыса.

Фільм Аляксея Палуяна «Возера радасьці» можна паглядзець у Менску 13 лістапада.

МА, Уладзь Грыдзін, svaboda.org