Юрка Туронак — чалавек, які стаяў каля вытокаў самастойнай беларускай думкі ў Польшчы

Зь Юркам Туронкам я пазнаёміўся ў Варшаве ў свой студэнцкі час, недзе пад канец 1970-х. Мы не маглі не пазнаёміцца, бо ўсе тыя ў Варшаве, хто спачуваў беларускай справе, наогул раней ці пазьней сустракаліся ў клюбе Беларускага грамадзка-культурнага таварыства (БГКТ) на вуліцы Сэнатарскай 8.


01-Racyia.jpg

Юры Туронак з Хрысьцінай Лялько, 2009 г.


У камуністычныя часы БГКТ было адзінай легальнай беларускай арганізацыяй у Польшчы, і кожны, хто хацеў хоць што-колечы зрабіць у беларускім накірунку, такім або іншым бокам судакранаўся з гэтай арганізацыяй, якая знаходзілася, як кожнае іншае нацменшаснае таварыства ў краіне, пад пільным вокам куратараў зь Міністэрства ўнутраных справаў.

Перад намі, студэнтамі, Юрка Туронак — які быў з пакаленьня нашых бацькоў — не хаваў сваёй антыпатыі ні да камуністычных парадкаў у агульнасьці, ні да функцыянэраў з БГКТ у прыватнасьці. І ён зь вялікай радасьцю і энтузіязмам успрыняў нашу спробу, вясною вірлівага 1981 году, вырвацца з-пад апекі спэцслужбаў і заснаваць незалежную беларускую арганізацыю — Беларускае аб’яднаньне студэнтаў.

Камуністы нашай арганізацыі не зарэгістравалі, аднак тых шасьці месяцаў нашай дзейнасьці ў 1981-м, ад траўня да ўвядзеньня ваеннага становішча ў сьнежні, хапіла, каб сфармаваць трывалы касьцяк новага беларускага руху, які хацеў ствараць сваю Беларусь, ня слухаючыся камуністаў.

У тым часе, у 1980-х, гісторык Юрка Туронак разам зь літаратарам Сакратам Яновічам сталіся галоўнымі настаўнікамі беларускасьці для беларускіх студэнтаў. Гэта ад іх мы, дзеці безнацыянальнага сялянства, даведваліся пра бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоню і БНР. Дый пра БЦР таксама.

Калі ў пачатку 1989 году стала ясна, што палітычныя перамены ў Польшчы немінучыя, Юрка Туронак запрапанаваў стварыць Беларускі клюб — паўпадпольны «цэнтар самастойнай беларускай думкі», мэтай якога будзе «асэнсаваньне палітычных абставін нашага далейшага існаваньня як нацыянальнай меншасьці» (гэтак фармулявалася ў дэклярацыі Клюбу).

Заснавальнікамі Клюбу былі актывісты Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Яўген Вапа, Мікола Ваўранюк, Юрка Каліна; гісторыкі Алег Латышонак і браты Антон і Яўген Мірановічы; журналісты Юрка Ляшчынскі і Ян Максімюк; мастак Лявон Тарасэвіч; пісьменьнік Сакрат Яновіч. Старшынёю клюбу стаў Юрка Туронак.

З пэрспэктывы майго 40-гадовага знаёмства зь Юркам Туронкам здаецца мне, што якраз 1989 год быў вяршыняй ягонага зорнага часу. Тады Юрка Туронак поўнасьцю адчуў сябе адпаведным чалавекам на адпаведным месцы.


02-5D8F6D19-BC44-4D7E-A4E4-7194ED166471_w1023_n_r0_s.jpg

Ян Максімюк


Але інтэлектуальная атмасфэра Клюбу, якая так адпавядала гісторыку, неўзабаве зьмянілася ліхаманкай палітычнай актыўнасьці. Наш Клюб апярэдзіў камуністаў з БГКТ і паставіў сваіх кандыдатаў на часткова дэмакратычных парлямэнтарных выбарах у чэрвені 1989 году: Сакрата Яновіча (Сэнат) і Яўгена Мірановіча (Сэйм).

Разважалася і кандыдатура Юркі Туронка, але ўсе, уключна зь ім, пагадзіліся, што паставіць кандыдата-католіка для нашага суцэльна праваслаўнага электарату — гэта было б палітычным самагубствам на самым старце беларускага палітычнага жыцьця.

Выбары ў 1989-м мы прайгралі, але дасягнулі такога выніку, які даваў надзею, што ў будучыні мы зможам дабіцца перамогі на выбарах і атрымаць прынамсі адзін парлямэнцкі мандат. Таму адразу пасьля выбараў Беларускі клюб пераўтварыўся ў арганізацыйны камітэт палітычнай партыі (гэтак званую «Грамаду»).

Партыя ўзьнікла ў лютым 1990 году і прыняла назву Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне (БДА). Кіраўніком партыі стаў Сакрат Яновіч. Юрка Туронак увайшоў у сьціслае кіраўніцтва БДА — Галоўную раду — але даў усім ясна зразумець, што палітыкай асабліва моцна займацца ня будзе, а зоймецца тым, што было ягоным жыцьцёвым пакліканьнем — гісторыяй Беларусі.

Што значыць імя Юркі Туронка ў беларускай гістарычнай навуцы — ня мне ацэньваць. Я толькі ведаю, што значыць Юрка Туронак у маёй асабістай гістарычнай адукацыі і ў адукацыі майго пакаленьня. Безь яго мы туляліся б насьлепа яшчэ немаведама колькі часу і, магчыма, ня здолелі б злавіць наш гістарычны шанец у 1989 годзе, калі мы ўступілі ў польскую палітыку як самастойная беларуская сіла пад бел-чырвона-белымі эмблемамі.

Ян Максімюк, “Радыё Свабода”