Юбілей беларускай суполкі “Ялiнка” з Маарду адзначалі супляменнікі з розных гарадоў Эстоніі

Сярод сяброў адзначыла сваё 15-годдзе беларуская суполка “Ялiнка” з горада Маарду, кіруе якой Алена Калягіна. 16 снежня ва ўтульнай зале гарадскога Цэнтра вольнага часу сабраліся як мясцовыя жыхары, так і шматлікія госці. А павіншаваць юбіляраў прыехалі беларусы-актывісты суполак “Лёс” з Таліна, “Спадкі” з Тарту, “Сябры” з Нарвы, беларуска-эстонскага згуртавання “БЭЗ” з Йыхві. Да таго ж ганаровымі гасцямі на свяце былі Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь, першы сакратар Амбасады Аляксандр Татаркін, мэр горада Маарду Уладзімір Архіпаў.

Пачалі з паказу слайд-шоу. Пабеглі на экране фотаздымкі з яскравымі момантамі 15-гадовай дзейнасці “Ялiнкi”. Пасля ў вітальным слове беларускі Амбасадар Анатоль Сцёпусь адзначыў важнасць дзейнасці суполкі, яе ролю ў гуртаванні беларускай дыяспары Эстоніі, пашырэнні беларускай культуры. Амбасадар перадаў удзельнікам ансамбля суполкі каштоўны падарунак: беларускія канцэртныя строі. А мэр Маарду Уладзімір Архіпаў адзначыў: беларуская суполка “Ялiнка” сёння — адно з самых актыўных этнааб’яднанняў горада. І падарыў юбілярам камп’ютар.

Кульмінацыяй свята стаў вялізны, больш як на дзве гадзіны, канцэрт: з песнямі, танцамі. Гэта быў прыгожы калейдаскоп выступленняў як мясцовых творчых гуртоў, так і беларускіх з Таліна, Тарту, Нарвы, Йыхві. Шмат апладысментаў, кветак, падарункаў атрымалі юбіляры. А колькі добрых словаў ды пажаданняў было сказана!

Напрыканцы імпрэзы гасцей запрасілі яшчэ й на “Беларускую вечарыну”: там усе спявалі ды танцавалі, частаваліся смачнымі беларускімі стравамі. Ну і мы там, як кажуць, былі, смачна елі ды пілі...

Віктар Байкачоў, намеснік старшыні беларускай суполкі “Сябры”, г. Нарва, Эстонія