Як вучацца беларускай мове ліцэісты ў Польшчы? Размова з настаўнікам з Гайнаўкі

Як ідзе навучаньне беларускай мове на Падляшшы, падчас каранавіруснай эпідэміі і ў нармальных абставінах? Зь якімі праблемамі сутыкаюцца настаўнікі? Якімі падручнікамі карыстаюцца школы? Зь якімі беларускімі пісьменьнікамі знаёмяцца дзеці беларусаў у Польшчы?


01-8985BF57-E2BD-49DB-858D-E48FDB2FBC23_cx0_cy14_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Ян Карчэўскі (крайні зьлева), настаўнік беларускай мовы ў ліцэі ў Гайнаўцы, з вучнямі


Размаўляем зь Янам Карчэўскім, настаўнікам беларускай мовы ў II Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым навучаньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы.

Ян Карчэўскі — аўтар падручнікаў па беларускай літаратуры для ліцэйскага ўзроўню навучаньня ў Польшчы, адданы справе беларускай асьветы актывіст беларускага жыцьця — у Гайнаўцы і ўвогуле на Падляшшы.


02-BE31442B-B55E-47FD-9B66-995232956D69_w1597_n_r0_st.jpg

Ян Карчэўскі


— Ян, скажы, колькі часу ты ўжо працуеш настаўнікам? Ты ўвесь час вучыў беларускай мове ў гайнаўскім ліцэі ці працаваў і ў іншых месцах?

— Ужо мінула больш як 30 гадоў, як я настаўнічаю. Працу я пачаў 1 верасьня 1987-га ў пачатковай школе ў Чыжах. Там я адпрацаваў 9 гадоў, а потым надарылася нагода перайсьці на працу ў гайнаўскім беларускім ліцэі. Не скрываю, што маёй марай было вучыць беларускай мове ў ліцэі, які я раней сам закончыў.

Пасьля ліцэя я закончыў беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце і вярнуўся працаваць на бацькаўшчыну. У Чыжах я вучыў наагул беларускай мове, але здаралася таксама весьці ўрокі польскай мовы, гісторыі ці фізкультуры. У Гайнаўцы я вучу выключна беларускай мове.

— Калі ты перайшоў у Гайнаўку, то, можа, вучыў там і Катажыну Бонду, вядомую ва ўсёй Польшчы аўтарку дэтэктываў ды, мабыць, самую славутую выпускніцу вашага ліцэя?

— Не, мы разьмінуліся. Яна закончыла наш ліцэй у чэрвені 1996 году, а я пачаў там працаваць у верасьні таго году.

— Раскажы крыху пра тое, як цяпер табе працуецца ва ўмовах эпідэміі каранавірусу, калі вучні ня ходзяць на заняткі ў школу.

— У ліцэі цяпер адбываюцца заняткі так званага дыстанцыйнага навучаньня. У нас дзьве формы гэтых заняткаў.

У першай форме выкарыстоўваем электронны дзёньнік. Я пасылаю вучням тэкст, фармулюю заданьне, зьвязанае з тэкстам, і пад канец уроку вучні прысылаюць мне тое, што яны з гэтым заданьнем зрабілі. Гэта калі казаць агульна.

Другая форма — урокі ў фармаце відэаканфэрэнцыі. Мы ўсе, настаўнік і вучні, бачым адны адных на кампутарах. Гэта больш непасрэдная форма навучаньня і ўзаемадзеяньня паміж настаўнікам і вучнямі.

Зразумела, што ні першая, ні другая форма такога дыстанцыйнага навучаньня не кампэнсуе цалкам кантакту настаўніка з вучнямі ў клясе, тым больш калі мы гаворым пра навучаньне беларускай мовы ці нейкай іншай мовы. Але пераважная большасьць вучняў ставіцца да гэтай формы сур’ёзна і адказна, і яны выконваюць тыя заданьні, якія атрымліваюць.

— Якой кампутарнай праграмай вы карыстаецеся на такіх відэаўроках?

— Zoom.

— І ты, скажам, бачыш усіх сваіх вучняў, нават калі іх 25?

(Сьмяецца.) Калі 25, дык бачу ўсіх. Калі болей, дык трэба там зьмяняць некаторыя наладкі кампутара, бо ўсе ня месьцяцца на экране…

Варта тут яшчэ адзначыць, што тыя падручнікі па беларускай мове, якія мы выкарыстоўваем цяпер, Міністэрства адукацыі зрабіла даступнымі ў электроннай вэрсіі ў інтэрнэце, і гэта вялікая для нас палёгка ў час эпідэміі. Ня ўсе нашы вучні маюць папяровыя падручнікі, бо такіх нам не заўсёды хапае ў школе…


03-CE5F042D-8A8D-414C-9E70-2A66086559E3_w1597_n_r0_st.jpg

Беларускія дзеці выступаюць у гайнаўскім ліцэі


— А ці лічыў ты, колькі выпускнікоў беларускага ліцэю ў Гайнаўцы, так сказаць, «прайшло праз твае рукі»?

— Не лічыў. Але можна прыкінуць. Вось я працую ў ліцэі 24 гады. Раней у нас бывала і каля 120 выпускнікоў штогод, цяпер каля 70…

— Дзьве з паловай тысячы, больш-менш… Ты адзіны настаўнік беларускай мовы ў ліцэі?

— Не, у нас дырэктар Ігар Лукашук — беларусіст, і ёсьць яшчэ настаўніца беларускай мовы Ганна Каліноўская, малодшая мая калега, якая працуе на поўным штаце, як і я.

— Беларуская мова, як і мова кожнай іншай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, з фармальнага гледзішча факультатыўная ў школе. А як у вашым ліцэі — ёсьць вучні, якія яе не вывучаюць?

— Не, у нас беларускай мове вучацца ўсе вучні. Яны гэта робяць сьвядома, паколькі ім і іхным бацькам на пачатку паведамляем, што ў нашай школе ўсе вывучаюць беларускую мову. Калі яны прыходзяць у нашу школу, значыць, яны пагаджаюцца з такой умовай.

— Ці ахвотна цяперашнія вучні вучацца беларускай мове?

— Гэта залежыць ад набору вучняў, ад клясаў, якія мы штогод набіраем. Бываюць гады, калі мы сапраўды маем шмат добрых вучняў, якія ахвотна і добра завучваюць мову. Але бываюць гады, калі ў нас вялікі клопат. Наагул гэта гады, калі ў нас больш вучняў, якія пачынаюць вывучаць мову з нуля, чым тых, якія мелі ўрокі беларускай мовы ўжо ў пачатковай школе. І тады ўсім нам баліць галава — здадуць яны матуру [выпускны экзамэн на атэстат сталасьці. — РС] ці не. Такі, дарэчы, боль мы адчуваем якраз сёлета…

— У вас ёсьць нейкая палёгка для тых, якія пачынаюць вывучаць мову з нуля?

— Не, мы маем праграму навучаньня аднолькавую на ўсіх, так што ніякай палёгкі не даем. Зразумела, мы арганізуем дадатковыя, добраахвотныя заняткі для тых, якія раней беларускай мовы не вывучалі або маюць праблемы зь яе вывучэньнем.

— Тут яшчэ ёсьць, відаць, праблема, якая не існавала ў наш вучнёўскі час. Да вас прыходзяць вучні, якія раней не сутыкаліся з кірыліцай, праўда? Як яны даюць сабе рады?

— Так, ёсьць такія. На самым пачатку мы маем некалькі ўрокаў, прысьвечаных кірылічнай азбуцы. Але ўсяго толькі некалькі. Так што яны маюць праблемы з азбукай. Але гэтыя праблемы былі ўжо даўно. Я помню, што і ў пачатках маёй настаўніцкай працы ў ліцэі мне сустракаліся вучні, якія аддаваліся «радаснай творчасьці», пішучы па-беларуску лацінкай…


04-BBE57B6F-F9EF-45B5-882A-59C8061613F6_w1597_n_r0_st.jpg

«Пікнік зь беларусам» у гайнаўскім ліцэі


— Дарэчы, як ты ставісься да ідэі, каб перавесьці навучаньне беларускай мовы ў Польшчы на лацінку? Вучням не было б лягчэй?

— Калі пытаеш пра мой асабісты погляд, то я думаю, што было б лягчэй. Але калі падумаем пра ўвесь комплекс праблемы — падручнікі, дапаможнікі, праграмы навучаньня, супрацоўніцтва зь Беларусьсю — то на сёньняшні дзень такі перавод немагчымы. Трэба было б усё выпрацаваць…

— Я быў у вашым ліцэі на сустрэчах з вучнямі некалькі разоў, і сам, і з жонкай. Калі я пытаўся, хто зь іх яшчэ гаворыць з бацькамі ці дзядамі па-беларуску або па-свойму, то тых, якія гавораць, можна было палічыць на пальцах адной рукі. Мне здаецца, што ў Гайнаўцы мы ўжо страцілі сваю мову. Як ты, як жыхар Гайнаўкі, глядзіш на гэта?

— Падобна было і 25 гадоў таму, калі я пачынаў працу ў ліцэі. Хоць тады, можна сказаць, у Гайнаўцы была большая група актыўных беларусаў, калі хочаш, «сьвядомых» беларусаў, якія выходзілі з ініцыятывай і прапановамі, каб нешта арганізаваць і ладзіць у беларускім жыцьці гораду. З таго часу мне запомніўся эпізод, калі нашы настаўнікі прыйшлі на працу і ўбачылі, што па ўсёй школе рассыпаныя лістоўкі-заклікі «Howory po swojomu, chuczej bude!». Гэта вучні зрабілі.

Цяпер такіх акцый і ініцыятыў не хапае, але ў мяне ўсё ж няма праблемаў сабраць ахвотных, калі, прыкладам, арганізуем выезд на сьвяткаваньне Дня Волі ў Беласток ці на спэктакль беларускага тэатру. Вучнёўская актыўнасьць, як мне здаецца, застаецца на тым самым узроўні, што і раней. Хоць агульнай беларускай актыўнасьці ў Гайнаўцы паменела.

Па-мойму, галоўная роля ў выхаваньні беларускага пачуцьця ў маладога чалавека ўсё ж у сям’і. Калі дзеці засвояць беларускасьць змалку, то яна застаецца і надалей. А школа можа толькі гэтаму спрыяць. Як мне здаецца, у нас у школе вельмі прыхільная атмасфэра для таго, каб вучні гаварылі ці то па-беларуску, ці то на падляскай гаворцы.

— А як ты і кіраўніцтва школы ставіцеся да падляскіх гаворак, у арэале якіх знаходзіцца Гайнаўка? Вы падтрымліваеце гэтыя гаворкі ці забараняеце вучням карыстацца імі?

— Ніхто не забараняе, а хутчэй наадварот. Кожная форма трымацца свайго вітаецца ў нашай школе з энтузіязмам. Калі гаварыць канкрэтна пра мяне, то я арганізую ўжо больш чым дваццаць гадоў конкурс «беларускай гавэнды», у якім рэглямэнт дапускае вучнёўскія выступы і на літаратурнай мове, і на гаворцы. Гэта маё канкрэтнае дзеяньне, каб падтрымаць нашу мясцовую мову.


05-B2BBDD79-E79E-4914-A57A-7C4CA74B6951_w1597_n_r0_st.jpg

Удзельніца конкурсу «беларускай гавэнды» ў гайнаўскім ліцэі


— Я яшчэ хачу запытацца ў цябе пра тваю працу для стварэньня падручнікаў па беларускай літаратуры для вучняў у Польшчы. Раскажы, калі ласка, крыху пра тое, што ты ўжо напісаў і выдаў, ды над чым працуеш цяпер…

— Усё пачалося тады, калі Польшча зьбіралася ўступаць у Эўразьвяз [Польшча ўступіла ў ЭЗ 1 траўня 2004 году. — РС]. Там былі патрабаваньні з Брусэлю, каб краіны вялі адпаведную эўрапейскім стандартам палітыку ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў. Што тычыцца падручнікаў па беларускай мове, дык мы да таго часу карысталіся падручнікамі зь Беларусі. І тады Міністэрства адукацыі ў Варшаве вырашыла выдаць свае падручнікі для беларусаў у Польшчы. Прадстаўнікі міністэрства прыехалі ў нашу школу, падбадзёрылі нас і намовілі напісаць такія падручнікі. І першы падручнік, аўтарства Вольгі Сянкевіч, выйшаў ужо ў 2002 годзе. Тады былі трохгадовыя ліцэі, і гэта быў падручнік для першай клясы. Потым, у 2015 годзе, была мадыфікацыя навучальнай праграмы, і Вольга напісала іншы падручнік, якім мы карыстаемся і цяпер.

— А што напісаў ты?

— Я тады напісаў падручнік для трэцяй клясы, і ён выйшаў у 2003 годзе. Выйшаў таксама новы падручнік па беларускай літаратуры для другой клясы, яго напісала Ялянта Грыгарук. Напісаныя раней падручнікі для першай і другой клясы міністэрства зацьвердзіла для карыстаньня і пасьля апошняй рэформы школьнай сыстэмы, калі ліцэі зноў сталі чатырохгадовымі. Але ўзьнікла патрэба напісаць новыя падручнікі па беларускай літаратуры для трэцяй і чацьвертай клясаў. Ну, то я напісаў новы падручнік для трэцяй клясы. Цяпер працую над падручнікам для чацьвертай.

— Каго зь беларускіх пісьменьнікаў ты ўзяў у падручнік для трэцяй клясы ліцэя?

— Падручнік па літаратуры для трэцяй клясы, паводле праграмы навучаньня, уключае пэрыяд ад вайны да 1980-х гадоў. З аўтараў там выступаюць Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Данута Бічэль-Загнетава, Ніна Мацяш, Яўгенія Янішчыц, Аляксей Дудараў.


06-FCF86ADC-0C50-41CD-916C-8FD64EB95AA0_w1597_n_r0_st.jpg

Ян Карчэўскі


Але ў самым пачатку падручніка ёсьць разьдзел «Па сьлядах нашых выдатных людзей, месцаў і падзей». І туды мы ўключылі тэксты аўтараў з Падляшша пра людзей з нашай зямлі, з Гайнаўшчыны і зь Бельшчыны. Сярод іх тэксты Дарафея Фіёніка пра Яраслава Кастыцэвіча і айца Канстанціна Байко.

— А сваіх пісьменьнікаў з Падляшша ты пакуль ня браў?

— Не, яны будуць у падручніку для чацьвертай клясы, які яшчэ на этапе плянаваньня: Алесь Барскі, Сакрат Яновіч, Віктар Швэд, Надзея Артымовіч, Міхал Андрасюк.

Зь пісьменьнікаў зь Беларусі будуць Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Сьвятлана Алексіевіч з «Чарнобыльскай малітвай», Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Віктар Шніп, Ігар Бабкоў з «Хвілінкай».

Будзе таксама эміграцыйная літаратура: Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева, Масей Сяднёў.

— На заканчэньне такое пытаньне: ці здараюцца ў вашым ліцэі вучні, якія пасьля яго ідуць вучыцца на беларускую філялёгію ў Варшаве?

— На жаль, апошнім часам такое не здараецца. І неўзабаве могуць узьнікнуць праблемы ў сувязі з гэтым. Некаторыя мае сяброўкі са студэнцкага часу, якія вучаць беларускай мове ў школах на Падляшшы, зьбіраюцца ўжо на пэнсію [пэнсійны ўзрост для жанчын у Польшчы — 60 год. — РС]. Адкуль узяць настаўнікаў беларускай мовы на іх месца? Бо маладых настаўнікаў няма.

* * *

Даведка з аддзяленьня асьветы (kuratorium oświaty) Ваяводзкага ўпраўленьня ў Беластоку

Згодна са станам на 1 сакавіка 2020 году, навучаньне беларускай мове ў Падляскім ваяводзтве праводзілася ў 2 дзіцячых садках (145 дзяцей), 25 пачатковых школах (1996 вучняў) і 2 агульнаадукацыйных ліцэях (589 вучняў). Агульная колькасьць навучэнцаў беларускай мовы ў ваяводзтве — 2730.

Ян Максімюк, svaboda.org