Як беларусы Незалежнасць Літвы баранілі

Калі казаць пра значныя падзеі, які адбыліся ў нашым рэгіёне і паўплывалі на глабальныя змены ва ўсім свеце, то большасць узгадае Белавежскія пагадненні, калі 8 снежня 1991 году ў Пружанскім раёне ва ўрадавай рэзідэнцыі Віскулі прадстаўнікамі Беларусі, Украіны і Расейскай Федэрацыі была падпісана дамова, якая спыніла існаванне СССР. Напрыканцы 1991 году Савецкі Саюз памёр, краіна, якую Рональд Рэйган назваў «імперыяй Зла» і «цэнтрам Зла ў сучасным свеце» перастала існаваць, але значная падзея, пра якую я хачу зараз узгадаць, гэта падзея пачатку 1991 году, яна і стала пачаткам канца «турмы народаў».

13 студзеня 1991 г. адроджаная Літоўская Рэспубліка змагла абараніць сваё права на Незалежнасць. Літоўскі народ сказаў НЕ імперыі, стаў супраць савецкіх танкаў і перамог, сярод тых герояў былі і беларусы.


01-2019.jpg

Ужо дваццаць восем год запар, 13 студзеня, у цэнтры Вільні гараць вогнішчы. Зараз мы называем іх Вогнішчы Памяці, а тады ў далёкім 1991 годзе яны былі Вогнішчамі Волі і Барацьбы.


13 студзеня 1991 г. адроджаная Літоўская Рэспубліка змагла абараніць сваё права на Незалежнасць. Літоўскі народ сказаў НЕ імперыі, стаў супраць савецкіх танкаў і перамог, сярод тых герояў былі і беларусы.

Спрабуючы ўтрымаць уладу, кіраўнік Камуністычнай партыі СССР Міхаіл Гарбачоў распачаў Перабудову, спробу рэформаў у эканамічным і палітычным жыцці краіны. Цяжкая гаспадарчая сітуацыя, планавая эканоміка, дэградацыя «уладных эліт», татальная хлусня з выкарыстаннем цэнзуры, адсутнасць грамадзянскіх свабодаў прывяла да таго, што Савецкі Саюз пачаў разыходзіцца па швах. Ластаўкамі пераменаў у нашым рэгіёне сталі краіны Балтыі. Нашая суседка Літва 24 лютага 1990 г. абрала Вярхоўную Раду (Сейм) і ўжо 11 сакавіка 1990 г. усе 124 дэпутаты адзінагалосна прынялі Акт аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай Дзяржавы. У адказ саюзныя ўлады пачалі сілавы шантаж і эканамічную блакаду Літвы, спынілі пастаўкі нафты і газу. Гэты прыём і надалей актуальны, усе мы помнім нядаўнія пагрозы з Масквы.


02-TAKvsNIE-294x432.jpg

Эканамічная блакада Літвы прывяла да калапсу гаспадаркі, падняліся кошты на асноўныя прадукты, былі абмежаваныя гадзіны падачы электрычнасці.


Беларусы не кінулі Літву ў бядзе, хутка арганізавалі «кантрабандна-гуманітарную» дапамогу. Толькі не падумайце, што камуністычная наменклатура, якая надалей займала ўсе пасады ў Беларусі кінулася наладжваць гандлёвыя сувязі з Літоўскай Рэспублікай. Не, наадварот, яны пужалі беларускі народ БНФам, які хоча, каб у Беларусі было, як у Літве. Так, Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» хацеў, каб у нас было, як у Літве, там было вольна і ўтульна. Гэта ў Літве друкаваліся незалежныя газеты і кнігі, гэта ў Вільні можна было шпацыраваць па брукаванцы ўздоўж цэркваў і касцёлаў якія памяталі Скарыну, Астрожскага, Каліноўскага. Сённяшнія кантрабандысты са сваймі дронамі, дзеці ў параўнанні з мацёрымі смаргонскімі і ашмянскімі хлопцамі на Audi 100 ці VW Passat. Толькі не падумайце, што тэкст «Як беларусы Незалежнасць Літвы баранілі» гэты артыкул пра кантрабандыстаў, пра іх напішам некалі пазней.

Хачу ўзгадаць пра сотні беларусаў, якія ў тыя дні ехалі ў Літву, каб быць на пратэстах і барыкадах, пра тысячы людзей, якія выходзілі на акцыі салідарнасці ў Беларусі.


03-1991_1.jpg

1991 год, Вільня


Каб не даць Літоўская Рэспубліцы жыць самастойным жыццём Масква ўсё мацней заціскала гаспадарку блакадай, рабіла вайсковыя і міліцэйскія правакацыя. Зараз усе чулі пра «АнтыМайдан» і гэта не наў-хаў. У тыя гады КДБ СССР ствараў свае «АнтыМайданы» у краінах Балтыі, у Эстоніі і Латвіі дзейнічаў ІнтэрФронт, а Ў Літве – арганізацыя «Адзінства». Гаспадарчая блакада не давала хуткага эфекту і маскоўскія стратэгі пачалі эскалацыю. 8-9 студзеня 1991 г. у Вільню былі перакінутыя байцы спецпрызначэння з групы «Альфа», Пскоўская дывізія ПДВ і іншыя часткі, адначасова распачаўся мітынг камуністычнай арганізацыі «Адзінства» каля Сейма Літвы пад лозунгам «Да здравствует СССР!».


04-1991_2.jpg

1991 год, Вільня


Спікер парламента Вітаўтас Ландзбергіс прызваў народ Літвы на абарону Сейму, Тэлецэнтру і ўрадавых будынкаў. Калоны савецкіх танкаў і БТРаў перасоўваліся па Вільні, вайскоўцамі былі захопленыя некалькі будынкаў. Людзі пачалі будаваць барыкады і спрабаваць блакаваць савецкіх акупантаў.

На барыкадах залуналі літоўскія сцягі і сцягі прадстаўнікоў іншых нацый, якія прыйшлі на дапамогу. Былі сярод іх і нашыя бел-чырвона-белыя. Сярод абаронцаў – сотні беларусаў, як тыя хто стала жыў у Вільні, так і тыя, хто ехаў з Беларусі.

Дэпутаты БНФ увесь час курсавалі паміж Сеймам Літвы і Вярхоўным Саветам Беларусі, паміж плошчамі Вільні і Менску. Прадстаўнікі БНФ выступалі ў Сойме, на літоўскім радыё, выказвалі салідарнасць з Літвой і сваім прыкладам паказвалі, што беларусы побач і будуць змагацца за Свабоду Літвы. Былі звароты да вайскоўцам савецкай арміі, каб яны не выконвалі злачынных загадаў, звароты да рускамоўных жыхароў Літвы, якіх спрабавалі ўцягнуць у канфлікт з абаронцамі Незалежнасці. У савецкія часы па разнарадцы і рознымі ільготамі завезлі дзясяткі тысяч грамадзянаў СССР і зараз спецы з КДБ іх запужвалі, што месца ў Літоўскай рэспубліцы ім ня будзе. Выступы беларусаў разбівалі гэтую хлусню.

Дэпутаты БНФ прымусілі Вярхоўны Савет выслаць групу дэпутатаў у Вільню, гэтая прысутнасць была неабходна для падтрымання Літвы, бо прысутнасць замежных парламентарыяў стрымлівала атакі вайскоўцаў. Моманты звязаныя з прыездам дэпутатаў добра апісаныя ў кнізе былога дэпутата Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якую раю ўсім прачытаць. З цікавостак, якія апісаныя ў кнізе, магу прывесці тое, што калі лічыць дэлегацыі з Беларусі, то іх адначасова было чатыры.

Старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей паехаў па даручэнню М. Гарбачова, дэлегацыя Вярхоўнага Савету паехала пад прымусам парламенцкай фракцыі БНФ, дэпутаты БНФ дадаткова выехалі самі, бо ня вельмі спадзяваліся на афіцыйную дэлегацыю ад Вярхоўнага Савету і чацвёртая група, пра візіт якой мала вядома, у складзе Яўгена Глушкевіча, Віктара Ганчара і ўсім нам добра вядомага Аляксандра Лукашэнкі. Дэлегацыя БНФ у складзе Барыса Гюнтэра, Ігара Пырха і Сяргея Навумчыка прыехала самая першая і зрабіла больш за ўсіх, выклікаўшы гэтым незадаволенасць у іншых. Асабліва засмуціўся Старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей.


05-Dziemianciej.jpg

Мікалай Дземянцей


Цытата з размовы М. Дземянцея з С. Навумчыкам:

– Вы што тут робіце? – здзіўлена спытаўся ў мяне Дземянцей, калі ўбачыў дэпутатаў БНФ.

– Хто вас сюды паслаў?

– А Вас, Мікалай Іванавіч?

– Мяне сюды паслаў Гарбачоў.

– А мяне – Пазьняк!

Місія Мікалая Дземянцея ў Літве, як ён сам пазней сфармуляваў яе ў сваіх успамінах, была наступнай: «аказанне неабходнай дапамогі яе (Літвы) кіраўніцтву па падтрымцы грамадскага парадку ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам СССР», паколькі « у першай палове студзеня ў Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы будынак, дзе размяшчаліся літоўскае радыё і тэлебачанне, захапілі сілы, якія выступалі за аддзяленне рэспублікі ад СССР».

Вось гэты будынак Тэлецэнтру ў ноч з 12 на 13 студзеня 1991 г. і пачалі штурмаваць вайскоўцы. Бяззбройныя людзі не змаглі спыніць танкі, загінула 14 чалавек і сотні былі параненыя, але людзі не разышліся, план Масквы адпрацаваны 9 красавіка 1989 г. у Тбілісі і 20 студзеня 1990 г. праваліўся.


06-Sciah_2.jpg

Народ Літвы мабілізаваўся, віленчукі ішлі да Сейму, які стаў цэнтрам супраціву. Будаваліся барыкады, рыхтаваліся так званыя «кактэйлі Молатава», шукалася зброя, ніхто не збіраўся здавацца.


Літоўцы прасілі дэпутатаў БНФ дапамагчы зброяй, якой у БНФ на жаль не было. Абаронцы Незалежнасці перамаглі Духам і Воляй да Жыцця і Барацьбы. Увесь свет гаварыў пра Літву. Улады СССР адхрысціліся ад штурму Тэлецентру, традыцыйна сказалі, што мы ніякія загадаў не давалі. Па ўсёй савецкай імперыі пачаліся мітынгі на знак падтрымання Літвы. Нават у Маскве выйшлі сотні тысяч людзей з транспарантамі «Гарбачоў – забойца», «Прабач нас, Літва».


07-Maskva1991.jpg

Масква 1991 год


Літоўская Рэспубліка выстаяла, дзякуючы ўсім тым, хто прагнуў жыць у вольнай краіне. Супраць танкаў і аўтаматаў стаялі звычайныя людзі, сярод якіх былі беларусы.

Я лічу, што яны героі і гэта яны абаранілі Незалежнасць Літвы. Ніякі ціск міжнароднай супольнасці не спыніць агрэсара, калі народ сам ня будзе прагнуць Волі і змагацца за яе. Гэта трэба памятаць нам беларусам!


08-Sciah_1.jpg

Беларусаў, якія ў 1991 г. змагаліся за Незалежнасць Літвы было шмат, нехта быў у Вільні і іншых гарадах Літвы, нехта ў Беларусі аддаваў усе сілы, каб нашыя браты выстаялі. І ўсе гэтыя людзі Героі, таму распытайцеся ў сваіх сваякоў і буду ўдзячны калі гэтыя ўспаміны буду недзе друкавацца, можаце даслаць мне на мэйл.


Літоўская Дзяржава адшукала некаторых удзельнікаў падзей 1991 г. і ўзнагародзіла іх медалём «13 студзеня» за «адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры абароне незалежнасці Літвы», узнагароды ўручаў Альгірдас Бразаўскас.


09-13studzienia.jpg

Імёны некаторых мы ведаем, вось яны: Сяргей Дубавец, Алег Аблажэй, Юры Шаўцоў, Валянцін Стэх, Уладзімер Кузьменка, Нона Русак-Якшцене, Крыстына Балаховіч, Станіслаў Зялёнка, Андрэй Балаховіч.


Кожны год, 13 студзеня, у Дзень абаронцаў Свабоды, у Літве палаюць вогнішчы ў памяць пра студзень 1991 г., у Менску Амбасада Літоўскай Рэспублікі так сама запальвае вогнішча ў памяць пра Герояў.

Паведаміце калі ласка гэта ўсім, хто быў тады з Літвой, гэта іх дзень і мы ганарымся імі!

Ну а зараз без пафасу, злыя языкі з Крамля кажуць, што літоўцы хітрыя і вырваліся з «кіпцюроў ГПУ» толькі таму, што выкарыстоўвалі прыёмы, якія напісаны ў кнізе Джына Шарпа. Трэба будзе перачытаць…

У тэксце выкарыстоўваліся фота з архіву Сяргея Дубаўца, агенства Vida Press, Delfi, відэа з архіву Сяргея Чырыка і Кастуся Войткі


Анатоль Міхнавец, belsat.eu