«Я выйшаў з гэтага кола і пабачыў, што свет цудоўны»

Даніла пераехаў у Вроцлаў некалькі тыдняў таму. Ён кажа, што гэта найлепшы горад, каб вывучаць урбаністыку: хлопец вядзе свой блог пра горадабудаўніцтва і жыццё беларускіх гарадоў. Як і шматлікім беларусам, яму давялося бегчы з краіны пад пагрозаю крымінальнага пераследу і ад рызыкі стаць чарговым палітвязням.

Пачынаючы са жніўня ён рэгулярна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і знайшоў у гэтай барацьбе новы сэнс жыцця пасля таго, як сышоў з «секты «Сведкі Еговы».


«Там дыктатура яшчэ горшая»

Данілу 24 гады. Усё сваё жыццё ён правёў у таварыстве сведак Еговы ў Рэчыцы: бацькі хлопца прыйшлі ў рэлігійную арганізацыю за некалькі гадоў да ягонага нараджэння. У Беларусі «Сведкі Еговы» афіцыйна дазволеныя, але ў многіх краінах свету іх лічаць сектай. Напрыклад, у Расеі, дзе арганізацыю забаранілі і прызналі экстрэмісцкай.

«У сведак нейкая свая паралельная дзяржава. Там дыктатура яшчэ горшая, чым тая, у якой цяпер жывуць беларусы», – кажа Даніла.

Хлопец распавёў, што самым страшным у ягоным дзяцінстве было пачуць ад старэйшыны: «Мы хочам прыйсці да цябе ў госці». Гэта значыць, што табой «цікавяцца». Пасля такога чалавек можа страціць некалькі гадоў жыцця, хвалюючыся пра тое, што зрабіў не так, бо забаронаў даволі шмат.

Сведкам забараняецца цікавіцца амаль усім, акрамя Бога і Бібліі. Не пажадана, каб ты меў вышэйшую адукацыю ці разбіраўся ў палітыцы – гэта лічыцца такім жа грахом, як удзел у выбарах, служба ў войску або святкаванне Новага года. «У арганізацыі лічаць, што ўвесь свет – зло, і толькі сведкі – дабро. Такая таталітарная сістэма кантролю над чалавекам, ягонымі думкамі», – падсумоўвае Даніла.

Уяўленне пра тое, што свет па-за арганізацыяй варожы і злы, знікла ў Даніка падчас жнівеньскіх пратэстаў у Беларусі. Тады ён зразумеў, наколькі добрыя людзі вакол, неймаверныя, хоць яго з дзяцінства ўпэўнівалі ў адваротным і настаўлялі супраць усіх «іншых». «Я выйшаў з гэтага кола і пабачыў, што свет цудоўны», – успамінае хлопец.

«У турме думак я быў усё жыццё. І мне вельмі цяжка было прызнаць, што я 24 гады свайго жыцця проста згубіў», – кажа Даніла.

Хлопец вельмі рады, што зразумеў усё гэта да летніх выбараў: «Калі б я не паўдзельнічаў у беларускай рэвалюцыі, потым ніколі сабе гэтага б не прабачыў. Зараз у мяне ўсе добра з сумленне: што мог – я зрабіў».

Падчас пратэстаў у Данілы з’явіліся новыя сябры і каханая. Ён стаў рыхтаваць сябе да сыходу з арганізацыі. Зранку 25 кастрычніка хлопец абмяркоўваў са сваёй дзяўчынай, як гэта лепш зрабіць, а ўвечары яго затрымаў АМАП.


«Там усім усё роўна»

Першыя тры тыдні пасля выбараў Даніла хадзіў на пратэсты амаль штодня, бывала, што і па некалькі разоў на дзень. Хлопцу ўдавалася не трапляцца сілавікам, але ў дзень Маршу народнага ўльтыматуму 25 кастрычніка яго ўсе ж такі затрымалі.

«Тады я першы раз узяў з сабой плакат. На ім было напісана: «Урбаністы з народам», – узгадвае Даніла.


02-photo_2021-04-05_18-52-59.jpg

Даніла ў дзень затрымання, 25 кастрычніка 2020 г. Фота з асабістага архіву


Данілу затрымалі пасля таго, як сілавікі пачалі выкарыстоўваць супраць пратэстоўцаў святлошумавыя гранаты. Хлопец не паспеў забегчы ў пад’езд чужога даму, як адчуў, што яго кладуць на зямлю і звязваюць рукі хамутом.

Затрыманых кідалі ў бус паміж сядзенняў штабялямі, адзін на аднаго. Праз нейкі час Данілу перавялі ў іншы бус і павезлі ў УУС Цэнтральнага раёну для допыту і складання пратаколаў.

«Я стаяў некалькі гадзінаў, пакуль мяне дапыталі. У кагосьці званілі тэлефоны, у кагосьці ішла кроў – там усім усе роўна», – распавядае Даніла.

Уначы затрыманых з РУУСу перавезлі на Акрэсціна.

Суд адбыўся на наступны дзень, працягваўся 10 хвілін. Хлопца пакаралі 13-дзённым арыштам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і супраціў пры затрыманні – два класічныя беларускія артыкулы. Першыя дні Даніла правёў на Акрэсціна, пасля перавезлі ў Жодзіна.

«Калі сябры пісалі маёй маці, што я на Акрэсціна, яна пытала: «А што, ён быў на мітынгу? Ён жа ходзіць на нашыя сходы!» Спачатку, як я разумею, трэба пытаць, ці ўсё з ім добра, бо гэта такое месца, куды ніхто не хоча трапляць. Іх цікавіў не мой фізічны стан, а духоўны», – апавядае Даніла.

Пасля арышту Даніка сустракалі ягоныя новыя сябры, якіх ён прыдбаў у Менску падчас пратэстаў і вядзення блогу. Таксама прыехалі і сведкі, якім ён тады давяраў, але бацькоў не было. Яны хацелі, каб хлопец паехаў з імі, хацелі яго пераканаць, бо зразумелі, што ён ужо не на шляху іхнай «праўды». Але з імі Даніла не паехаў.

Пасля затрымання стасункі са сведкамі спыніліся. З Данілам не размаўлялі нават бацькі – ім было забаронена камунікаваць з сынам, бо «калі ты сыходзіш адтуль, для іх ты паміраеш», тлумачыць хлопец. Цяпер ён вельмі турбуецца за сваю малодшую сястру, якая засталася там.

«Для іх я зараз больш мёртвы, чым калі б я быў сведкам і трапіў пад аўтамабіль», – кажа Даніла.

Праз тыдзень пасля вызвалення да хлопца прыйшлі з ператрусам у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Даніла працаваў у «Востраве чысціні» у ГЦ «Тытан»: пазванілі на працу і сказалі, што да яго прыйдуць. Падчас ператрусу ў Данілы вынялі айпэд, белы і чырвоны балончыкі фарбы, балаклаву знаёмага. А праз два дні хлопец ужо быў ва Украіне, ратуючыся ад магчымага крымінальнага пераследу.


04-photo_2021-04-05_18-52-56.jpg

Даніла ў дзень затрымання, 25 кастрычніка 2020 г. Фота з асабістага архіву


«Пабачыў сапраўдны сэнс жыцця»

Цяпер Данік жыве ў Вроцлаве. Тут ён збіраецца атрымаць заходнюю адукацыю ў сферы ўрбаністыкі, каб пасля вяртання на радзіму развіваць гарадское жыццё і рабіць яго камфортным для людзей.

Калі хлопец вандраваў па беларускіх гарадах, то ўяўляў сабе, якія б яны маглі быць: «Нашыя гарады будуць таксама прыгожымі, і будзе гэта не таму, што хтосьці там «Дажынкі» правёў, а самі жыхары будуць актыўна ўдзельнічаць у гарадскім жыцці. Будуць абіраць мэра, будуць цікавіцца не толькі тэлевізарам і лядоўняй, а жыццём. І дзеля гэта трэба працаваць цяпер».

Даніла кажа, што дзякуючы пратэстам у Беларусі ён пабачыў сапраўдны сэнс жыцця. Пасля сыходу са «Сведак Еговы» зразумеў, што цяпер лёсавызначальны час для краіны, і трэба быць удзельнікам падзеяў. Адданасць гэтай так званай дзяржаве змянілася ў яго на адданасць Беларусі.

АД, „Белсат“