Выйшла кніга пра беларускую мову ў Латвіі

Польскі вучоны Мірослаў Янковяк выдаў у Чэхіі дасьледаваньне пра сучасныя беларускія гаворкі Латвіі.

Дзясятак гадоў палявых дасьледаваньняў, шмат месяцаў, праведзеных за камп’ютарам, і ўвыніку сьвет убачыла новая кніга польскага лінгвіста Мірослава Янковяка, прысьвечаная сучасным беларускім гаворкам Латвіі, — «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów».


01-175cde65-f847-4ca7-8335-a7fcee554293.jpg

Фрагмэнт карты Віцебскай губэрні. Пачатак ХІХ ст.Фота: commons.wikimedia.org/public domain


Мірослаў Янковяк — ураджэнец горада Легіянова, што пад Варшавай. Ён зьяўляецца выпускніком катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Многа гадоў працаваў у Польскай акадэміі навук. А цяпер зьяўляецца супрацоўнікам Чэскай АН у Празе.

У Варшаве ў 2004 годзе Янковяк пачынаў, а ў Празе працягвае вывучаць беларускія гаворкі ў Латвіі. На самым усходнім ускрайку Латвіі, у яе гістарычным рэгіёне Латгалія, на граніцы зь Беларусьсю і Расеяй, у ваколіцах гарадоў Даўгаўпілс, Краслава, Індра, Посынэ, Зылупэ жывуць яшчэ апошнія носьбіты беларускай мовы.

Першая кніга Янковяка «Gwary białoruskie na Łotwie w rejonie krasławskim. Studium socjolingwistyczne» выйшла яшчэ ў 2009 годзе. Затым яна двойчы ўбачыла сьвет па-беларуску, дзякуючы чаму тады яшчэ малады вучоны стаў вядомы ў Беларусі.

Мірослаў Янковяк: У манаграфіі «Gwary białoruskie na Łotwie w rejonie krasławskim. Studium socjolingwistyczne» былі адлюстраваны такія праблемы, як функцыянаваньне беларускіх гаворак ва ўмовах шматмоўя (выкарыстаньне паасобных моў і дыялектаў у розных сфэрах жыцьця), характарыстыка фанэтыка-граматычных рыс, зьмешаны, беларуска-расейскі характар лексыкі, а таксама пытаньне жыцьцяздольнасьці гэтых гаворак.

Цяпер зьявілася праца пра ўсе куткі Латвіі, дзе гучыць беларуская мова. Апісаньне мовы з прыкладамі ў выглядзе расказаў тамтэйшых людзей пра сваё жыцьцё — мінулае і сучаснае. Праца ўбачыла сьвет у Празе ў 2018 годзе, але тыраж кнігі зьявіўся толькі цяпер. Выданьне аздоблена каляровымі фатаграфіямі зь мясьцін, у якіх пабываў Мірослаў Янковяк, шукаючы сьляды беларускай мовы.


02-70b10821-ed7f-4ac8-b708-1eb091262db1.jpg

Вокладка кнігі Мірослава Янковяка «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» (Прага, 2018 г.). Фота: Віктар Корбут/radyjo.net


Мірослаў Янковяк: Кніга «Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów» складаецца зь дзьвюх частак — разгляду паходжаньня беларускіх гаворак у Латвіі, стану дасьледаваньняў, характарыстыкі структуры і выбраных дыялектных тэкстаў, запісаных з дапамогай знакаў фанэтычнай транскрыпцыі. Цікавым пытаньнем зьяўляецца паходжаньне беларускіх гаворак, якія функцыянуюць на латвійскіх землях.

Нягледзячы на тое, што першыя кантакты крывічоў з балцкімі плямёнамі зафіксаваны ў глыбокім сярэдневякоўі, пра зьяўленьне большай колькасьці беларусаў на гэтай тэрыторыі можна казаць толькі ў дачыненьні да другой паловы ХІХ ст. Міграцыя была выклікана рознымі фактарамі — адміністрацыйнай прыналежнасьцю да адной дзяржавы (Віцебская губэрня Расейскай імпэрыі), адменай прыгоннага права ў 1861 г., будаўніцтвам чыгункі Віцебск—Дынабург і іншымі фактарамі. Найбольшая колькасьць беларусаў пасялілася на тэрыторыі былога Інфлянцкага ваяводзтва Рэчы Паспалітай (цяпер Латгалія) — спачатку ў ваколіцах Пасыэнэ, а пазьней таксама і ў іншых паветах. У 60-я гады ХІХ ст. беларусы складалі ў Люцынскім павеце 20,6% ад колькасьці ўсіх жыхароў, у Рэжыцкім павеце — 18,1%, а ў Дзьвінскім павеце — 6,9%. Беларусы прыяжджалі таксама і ў Курляндзкую губэрню (ваколіцы Ілукшты, Фрыдрыхштадзкі павет).

Найлепшым часам для разьвіцьця культуры, мовы і ідэнтычнасьці беларусаў быў даваенны пэрыяд, калі ў Латвіі функцыянавала шмат школ, таварыстваў і арганізацый нацменшасьцей. Правы нацменшасьцей былі абмежаваны пасьля 1934 года, калі прэзыдэнт Латві Карліс Улманіс увёў аўтарытарны рэжым, і цалкам ігнараваліся ў пэрыяд зьяўленьня савецкай улады ў 1940 г. і пасьля 1945 г.

Разам з аднаўленьнем незалежнасьці Латвіі ў 1991 г. пачалося адраджэньне грамадзка-культурнага жыцьця беларусаў у латвійскіх гарадах і ў Латгаліі.

Згодна з прынятай у беларускай дыялекталёгіі традыцыйнай клясыфікацыяй, гаворкі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Латвіі трэба лічыць працягам паўночнай групы паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы; гістарычна яны складаюць адзін масіў з гаворкамі зь беларускага боку мяжы і гаворкамі паўднёвай часткі Пскоўскай вобласьці Расеі (раёны Себежа і Невеля). Прыналежнасьць гэтай тэрыторыі да трох дзяржаў (Беларуская ССР / Беларусь, Латвійская ССР / Латвія, Расейская СФСР / Расея) прывяло з цягам часу да пэўнага адрозьненьня беларускіх гаворак. Самая моцная русіфікацыя назіраецца на тэрыторыі РФ (у сувязі з адсутнасьцю беларускамоўнай адукацыі або адміністрацыйна-грамадзкай падтрымкі), а найменшая — на тэрыторыі Беларусі.

Прысутнасьць беларусаў на латвійскіх землях была адзначана ўжо Аляксандрам Рыціхам («Этнаграфічная карта эўрапейскай Расеі», 1875 г.), а пазьней Яўхімам Карскім («Этнаграфічная карта беларускага племені», 1903 г.).

Карскі ня толькі вызначыў межы беларускага этнасу на гэтай тэрыторыі, але і першым ахарактарызаваў беларускія гаворкі Латвіі. Прысутнасьць беларускіх гаворак на гэтай тэрыторыі была таксама пацьверджана дасьледаваньнямі членаў Маскоўскай дыялекталягічнай камісіі («Дыялекталягічная карта рускай мовы ў Эўропе», 1914 г.).

Вялікія заслугі маюць члены міжнароднай экспэдыцыі 1977 г., у якой удзельнічалі дасьледчыкі зь Беларускай і Латвійскай ССР. Дасьледавалі яны на працягу некалькіх гадоў беларускія гаворкі на беларуска-польска-літоўска-латвійскім памежжы, вынікам чаго стала выданне «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (1979–1986 гг.).

Шматгадовыя дыялекталягічныя дасьледаваньні паказалі, што беларускія гаворкі на тэрыторыі Латвіі таксама не аднародныя.

На поўначы (Зылупэ, Пасыэнэ) назіраецца больш рыс, характэрных для расейскіх гаворак і расейскай мовы (пераважна лексычных, менш фанэтычных і граматычных), а на поўдні гаворкі маюць больш беларускі характар. Некаторыя з рыс, апісаных Я. Карскім у 1903 г., не былі мной зафіксаваны на тэрыторыі, якая знаходзіцца на поўнач ад Шкяўнэ (там адсутнічае форма займенніка гэты, не адбываецца паляталізацыя (к), (г), (х), няма канструкцый тыпу «пайсьці да бацькі»). Не назіраецца аднароднасьць таксама і ў маўленьні дзьвюх груп насельніцтва — аўтахтонных беларусаў (мова больш русіфікаваная) і прыежджых у Латвійскую ССР пасьля Другой сусьветнай вайны (у мове захавалася больш беларускіх элемэнтаў). Аднак амаль усе дыялектныя рысы, пра якія пісаў больш за сто гадоў таму Я. Карскі, фіксуюцца ва ўсіх гаворках на тэрыторыі Латвіі.

Інтэнсіўныя моўныя кантакты на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Латвіі (беларускія гаворкі ўзаемадзейнічаюць там з латыскай, расейскай мовамі, латгальскімі гаворкамі і паўночнай польскай пэрыфэрыйнай мовай), паўплывалі на тое, што ў мове рэспандэнтаў сустракаецца шмат запазычаньняў (балцкія, польскія, расейскія) — часьцей за ўсё ў лексыцы, радзей – у фанэтыцы, марфалёгіі і сынтаксісе.

Найбольшы ўплыў назіраецца з боку расейскай мовы. Формы, тыповыя для расейскай мовы і мясцовых расейскіх гаворак, функцыянуюць паралельна зь беларускімі дыялектнымі рысамі ў выказваньні нават аднаго інфарманта. Ужо па гэтай прычыне можна казаць пра зьмешаны характар гаворкі.

Трэба адзначыць, што частка жыхароў карыстаецца расейскай мовай са шматлікімі рысамі, характэрнымі для беларускіх гаворак. Палявыя дасьледаваньні, праведзеныя ў час апошніх экспэдыцый (2014–2016 гг.), паказалі, што беларускімі гаворкамі ў асноўным карыстаюцца асобы, якія нарадзіліся ў 20—30-я гады ХХ ст. Неўзабаве гэтыя гаворкі знікнуць. Застанецца расейская мова з элемэнтамі беларускіх гаворак.

Месца беларускіх гаворак займае менавіта расейская мова, а не латыская ці латгальскія гаворкі.

Сярод найбольш распаўсюджаных рыс беларускіх гаворак можна назваць: звонкі, фрыкатыўны (г) — галава, горад, (у) нескладовае — пайшоў, а таксама формы дзеяслова 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку — знаець, паедзець, робюць. Хутчэй за ўсё, гэтыя моўныя рысы будуць прысутнічаць у мове мясцовых жыхароў яшчэ доўгі час.

Мірослаў Янковяк зьбіраецца працягваць пісаць дасьледаваньні пра беларускія гаворкі Латвіі. Паводле яго слоў, гэтыя дыялекты імкліва зьнікаюць, і неабходна зрабіць, каб захаваць іх хаця б для навукі.

Мірослаў Янковяк: Чарговай публікацыяй будзе манаграфія «Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego» з дадаткам «Słownik gwar białoruskich na Łotwie». Плянуецца таксама выданьне невялікага «Atlasu gwar białoruskich na Łotwie».

Віктар Корбут, “Польскае Радыё”