Выйшла аўдыё-кніга „Самасей” Сакрата Яновіча

Гэта стала магчымым, дзякуючы фонду Villa Sokrates, сядзіба якога месціцца ў Крынках. Чытае знакаміты сакратаўскі твор Кастусь Бандарук.

Кажа старшыня фонду, знакаміты мастак Лявон Тарасэвіч:

– Мы хочам выдаваць на кружэлках кнігі Сакрата Яновіча, каб максімальна наблізіць яго да слухачоў, бо не кожны можа перачытаць. Мініяцюры былі найбольш папулярным жанрам Сакрата. Цяпер прыгадаць „Самасея” вельмі цікава, тым больш што пераезд у Беласток жыхароў навакольных вёсак увесь час працягваецца.

Галоўным героем „Самасея” з’яўляецца беластоцкі інжынер Андрэй Антошка, які трапляе ў розныя жыццёвыя гісторыі, спрабуе зразумець свет і раздумвае над сэнсам жыцця чалавека. 

У планах фонду Villa Sokrates, між іншым, выдаць аўдыё-кнігу Сакрата Яновіча „Białoruś, Białoruś”. “Гэта папулярызавала бы і Сакрата, і саму Беларусь”, – дадае Лявон Тарасэвіч.

Яна Запольская, “Беларускае Радыё Рацыя”,
фота Fundacja Villa Sokrates