Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

У Варшаўскім універсітэце правялі Чацвёртую канферэнцыю Цэнтру беларускіх студыяў. Навуковую імпрэзу прысвяцілі Трэцяму Статуту ВКЛ – акурат сёлета яму спаўняецца 430 гадоў.

Адным з выступоўцаў быў Уладзімір Канановіч, кандыдат гістарычных навук. Гісторык спецыялізуецца на так званым вусным праве і даводзіць – да Статутаў, а нават і пазней у Беларусі была група вучоных людзей, якія ведалі законы на памяць і перадавалі іх праз стагоддзі:

– У старажытнасці права існавала ў асноўным у вуснай форме. Яно існавала ў памяці. І па памяці яно перадавалася з пакалення ў пакаленне цягам стагоддзяў. Гэта былі людзі з выдатнай памяццю, якія былі здольныя ўтрымліваць у галаве вялікую колькасць інфармацыі. Перадусім, здаецца, гэта былі духоўныя асобы, якія былі звязаныя з культам. Напачатку гэта былі варажбіты, вешчуны. Пазней ужо былі хрысціянскія святары і біскупы. 

Падобная традыцыя вуснага права існавала ва ўсёй Еўропе – ад Гішпаніі да Венгрыі ці Ісляндыі. Нярэдка сярэднявечныя, і нават пазнейшыя юрыдычныя тэксты пісаліся з пачуццём рытму. Адмыслова, дзеля таго, каб можна было лягчэй завучыць тэкст. Зрэшты, пэўны вытрыманы рытм заўважаюць нават і ў Статуце ВКЛ.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя