Віктар Марціновіч: «Час самотных ваўкоў прайшоў»

Гутарка з мастацтвазнаўцам, пісьменьнікам, публіцыстам і колішнім намесьнікам галоўнага рэдактара «БелГазеты» Віктарам Марціновічам, прымеркаваная да 15-годзьдзя працы ЭГУ ў Вільні.

- Віктар, наколькі зьмяніўся ваш побыт ва ўмовах пандэміі? З чаго пачынаецца ваш дзень? Чаго найбольш бракуе?

- Я не магу сказаць, што мой побыт зьмяніўся моцна. У тым, мабыць, і палягае адрозьненьне пісьменьніка ад нармальнага, здаровага чалавека, што асаблівай патрэбы ў нейкіх выхадах да публікі ў тых, хто працуе з мастацкім словам, няма. Ня быў асаблівым тусоўшчыкам і да гэтага, зараз жа - атрымліваю асалоду ад таго, што сьвет падладзіўся пад звыклы для мяне напрамак сацыяльных паводзінаў. Калі сканчаецца запал і натхненьне - выходжу прайсьціся па лесе, гэта вельмі дапамагае ў канцэнтрацыі. Дзякуй богу, у Беларусі татальнага локдаўну няма і ля якога-небудзь возера можна пакружляць, не парушаючы адміністратыўны кодэкс. Пры гэтым я добра ўсьведамляю пагрозы і да людзей не набліжаюся, нават на запраўках, праз вакенца, з прадавачкамі стасуюся толькі ў масцы. Дзень мой пачынаецца з кубка чорнай кавы і сканчаецца ім жа. Зараз шмат пішу, працую над апавяданьнем, замоўленым рускімі выдаўцамі. Бракуе найбольш былых замежных вандровак - я раней выпраўляўся на прыгоды ў любы вольны момант. Зараз жа засталася толькі праца. У нейкім сэнсе гэта нават добра, бо аддавацца ёй даводзіцца напоўніцу, без перадыху і спадзеву на адпачынак. І - зноўку - дзякуючы зачыненым межам зьявілася нагода зьвярнуць увагу на родную Беларусь, згадаць пра яе цікавосткі і прыгожыя мясьціны.

- Як зараз вы выкладаеце? Наколькі шчыльны кантакт паміж выкладчыкамі й студэнтамі?

- Выкладаю з дапамогай шматлікіх праграмных прылад для дыстанцыйнай адукацыі. ЭГУ ў гэтым сэнсе быў ці не найпершым унівэрсітэтам у рэгіёне, які засвоіў Moodle, Zoom, Bluejeans не як дадатковыя tools для падтрымкі акадэмічнага працэсу ў аўдыторыях, але як асноўны канал перадачы ведаў. Праз тое, што нашыя студэнты могуць паходзіць з розных краін Садружнасьці і Эўразьвязу, мы ўвесь час мусілі трымацца зь імі ў лучнасьці, так што кожны выкладчык ЭГУ ў нейкім сэнсе яшчэ і вузкі спэцыяліст па новых мэдыях, прыдатных да навучаньня. Зараз усе тыя веды, што былі назапашаныя за апошнія 10 гадоў, даводзіцца прыкладаць да практыкі ня толькі ў зьвязку з завочнікамі, але і з тымі, хто навучаецца на дзённай форме: Літва закрыла межы, і, выглядае, нават летняя сесія і ўступная кампанія ў ЭГУ могуць прайсьці праз дыгітальныя сродкі. Магу пажаліцца адно на тое, што зрабілася нашмат болей работы: калі раней можна было хаця б частку лекцый правесьці ў афлайне, то зараз прыходзіцца ўсе ладзіць у сеціве, а гэта зусім іншы фармат. З другога боку, ужо гучаць вэрсіі, што менавіта за дыгітальнай адукацыяй будучыня, што гэтая эпідэмія заб’е аўдыторныя ўнівэрсітэты і пакіне толькі лічбавы адукацыйны фармат. У гэтым сэнсе вельмі прыемна быць сярод піянэраў.

- Пачынаецца прыёмная кампанія. Якія будуць формы працы з абітурыентамі?

- Мы з калегамі праводзім майстар-класы ў анлайне, распавядаем пра сутнасьць нашых праграмаў, пра тое, якія чаканьні маем ад маладых людзей, якія зьбіраюцца да нас завітаць. Гэта вельмі захапляльна: бачыць, як колькасьць тых, хто імкнецца вывучаць спадчыну ў ЭГУ, праз каранавірус ня зьменшылася, а наадварот, значна паболела. На сустрэчы заходзіць па 30-40 чалавек.

- Што б вы маглі сказаць тым, хто ўсё ж вагаецца з плянамі на вучобу? Чаму варта вучыцца ў Вільні?

- Памятайце, што самая каштоўная рэч, якой можна навучыцца ў жыцьці, - уменьне адаптавацца і рабіць нешта новае ў калектыве. Час самотных ваўкоў, усьпетых Германам Гесэ і Джэкам Лёнданам, прайшоў, нашым сьветам кіруюць менавіта сукупнасьці людзей. Калі вы (як і я!) сацыяпат, то трэба тэрмінова вучыцца магчымасьці паразумецца з такімі ж, як ты. Трэба ведаць, як спрацавацца, як рабіць нешта супольна. Бо ад кінавытворчасці да IT-сфэры прасторы для творцы-самотніка ўжо не засталося.

Аднымі з самых карысных ведаў таксама зьяўляюцца замежныя мовы: чым болей вы іх ведаеце, тым большы ваш патэнцыял. Але мовы як такія - гэта таксама не прафэсія, проста пашырэньне магчымасцяў для таго, каб прымяніць унутраную здольнасьць несьці новае сьвету.

У Вільні варта вучыцца таму, што гэта самы прыгожы горад, да якога некалі спрычыніліся беларусы, горад, які тоіць у сабе прыхаваныя скарбы нашай зьніклай Атлянтыды. Горад ідэальны для тых, хто цікавіцца гісторыяй і архітэктурай - у ім існуюць усе стылі, прыдуманыя калісьці чалавекам, уключна з паўночным мадэрнам і цаглянай готыкай.

- Ці можна параўнаць студэнтаў ЭГУ 10-15 гадовае даўніны й сёньняшніх? На карысьць чыіх будзе параўнаньне?

- 10 гадоў таму я працаваў у ЭГУ з сацыяльнымі навукамі, цікавіўся паліталёгіяй і сустракаў маладзёнаў, якія бачылі сваю будучыню ў мэдыя. Яны былі жывымі, рухлівымі, і шмат каго зь іх я зараз сустракаю, калі даю інтэрвію беларускім сайтам. Гэта быў карысны й цікавы пэрыяд у маім жыцьці, але толькі цяпер, апошнія два гады, я займаюся тым, да чаго заўсёды імкнулася мая душа: гісторыяй мастацтва й архітэктуры, інтэрпрэтацыяй спадчыны, працай з мовай і мысьленьнем, герменэўтыкай. Студэнты, зь якімі я сустракаюся зараз, моцна мяне натхняюць, бо час ад часу мне даводзіцца рабіцца сьведкам сапраўдных творчых цудаў, якія выходзяць з-пад іх рук. Напрыклад, у мінулую восень у курсе па інтэлектуальнай традыцыі група дызайнэраў зрабіла выдатны маляваны фільм на шэсьць хвілін, які агучыла вершамі, што яны самі напісалі. Я дагэтуль час ад часу праглядаю тую анімацыю і рады за тое, што меўся да яе спрычыніцца.

- Як вы спалучаеце выкладчыцкую дзейнасьць у ЭГУ і літаратурную творчасьць? Абедзьве гэтыя справы вымагаюць гранічнае самаадданасьці.

- Вельмі проста. Трэба толькі не спаць па начах (усьміхаецца. - Рэд.).

- Ці сёньняшняя пандэмія надала імпэту ў стварэньні новае кнігі?

- Кнігі ніколі не ствараюцца ў рэальным часе. Для таго, каб проста зразумець, праз што мы праходзім зараз, патрэбная адлегласьць у 10-15 гадоў. Лепшае, што можа зрабіць пісьменьнік у гэтыя дні, - весьці дзёньнік ці проста пільна назіраць і рабіць высновы. Сьветам кіруюць людзі з добрай памяцьцю.

- Што б вы пажадалі нашаму выданьню, вашым колішнім калегам і паплечнікам у гэты няпросты час?

- Я жадаю зрабіцца тым голасам праўды й розуму, якога вельмі бракуе сёньняшняй Беларусі. Усе навокал нечага не дагаворваюць, працуюць у рэжыме «выжасаміпанімаеце». Тое мэдыя, якое не толькі зразумее Беларусь, але і распавядзе пра сваё разуменьне без эківокаў і эдыпавай мовы, заслужыць ня толькі ўвагу чытача, але і мой асабісты рэспэкт.

Зьміцер Дрыгайла, „БелГазета“