Вечар з праваслаўнай кнігай

У беларускім Бельскім ліцэі прайшоў „Вечар з праваслаўнай кнігай”. „Памятайма пра выдатных беларусаў і важныя гістарычныя падзеі,”- сказаў арганізатар сустрэчы Дарафей Фіёнік. Мерапрыемства прысвячалася двум важным постацям бельскай зямлі, праваслаўным святарам Рыгору Сасне і Канстанціну Байко.

Дарафей Фіёнік гэтае мерапрыемства прымеркаваў да гадавіны выхаду першай друкаванай кніжкі на Падляшшы.

– Наша ўрачыстасць дае штуршок для іншых, каб адзначыць сёлета 450-годдзе друкарства на Падляшшы. Бо першая кніжка – „Евангелле учыцельнае” – была праваслаўнай кнігай, але для ўсіх, незалежна ад веравызнання. Гэта бясспрэчны факт, што першая кніжка выйшла ў Заблудаве ў 1569 годзе – у год Люблінскай уніі. Ці чулі мы, што хтосьці на ваяводскім узроўні пра гэта падумаў?

У „Вечары з праваслаўнай кнігай” прымалі ўдзел навукоўцы з Польшчы, царкоўныя і свецкія дзеячы з Беларусі.

Уля Шубзда, “Беларускае Радыё Рацыя”