Уцякалі ад сьмерці ў Налібацкую пушчу. Іх нашчадкі вярнуліся туды праз 75 гадоў

У часы ІІ Усясьветнай вайны ў Налібацкай пушчы дзейнічаў найбуйнейшы ў Эўропе габрэйскі партызанскі лягер. Звыш тысячы чалавек уратаваліся ў ім ад Галакосту. Упершыню больш за сотню яго былых жыхароў і іхных нашчадкаў сабраліся ў аўторак разам у тым самым лесе, які выратаваў іх ад сьмерці. 75 гадоў таму, калі немцы пакінулі Беларусь, іх родныя змаглі выйсьці з пушчы.


01-41A9572A-6C3F-46C8-9275-AD41DF4061BA_cx0_cy2_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Нашчадкі налібацкіх габрэяў на былой габрэйскай вуліцы Віленскай (сёньня Садовая)


Партызанскі лягер пад назвай «Лясны Ерусалім» заснавалі браты Бельскія — Тувія, Асаэль і Зусь. Іх атрад першапачаткова дзейнічаў каля роднай вёскі Станкевічы на Наваградчыне. Ад верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году галоўная база атраду была ў Налібацкай пушчы, каля вёскі Кляцішча. Ад зьнішчэньня тут выратаваліся 1200 чалавек. Пасьля вайны большасьць зь іх выехала ў Палестыну і стварала Дзяржаву Ізраіль. Частка трапіла ў ЗША.


02-ECBCD747-9A72-43CA-B796-F29F653AA017_w1597_n_r0_st.jpg

Налібацкая пушча


Жывых сьведак тых драматычных падзеяў засталося няшмат. Але гісторыю свайго выратаваньня яны перадаюць з пакаленьня ў пакаленьне. На першую сустрэчу былых жыхароў лягеру і іх нашчадкаў сабралася сотня чалавек з розных краін сьвету.

«Прыемна, што наш лес дапамог уратаваць так шмат людзей»

Свой візыт у Налібацкую пушчу яны пачалі ад вёскі, якая дала ёй імя. У Налібаках гасьцей сустракаў старшыня сельскага савету Аляксандар Пілінкевіч.


03-90D49935-DB91-417B-A634-1998FDAEAB80_cx1_cy16_cw97_w1597_n_r1_st.jpg

Тамара Вяршыцкая (стваральніца Музэю габрэйскага супраціву) і Аляксандар Пілінкевіч


Гэта ён ініцыяваў устаноўку памятнага каменя ў вёсцы ў памяць пра налібацкіх габрэяў, якія загінулі ў Галакосьце. І менавіта дзякуючы яму на месцы былога лягеру ў пушчы быў пастаўлены інфармацыйны стэнд, альтанка для наведнікаў, пачалі аднаўляць некаторыя зямлянкі.

«Нам, налібачанам, вельмі прыемна, што наш лес дапамог уратаваць так шмат людзей. Тут дзейнічалі два габрэйскія партызанскія атрады: братоў Бельскіх і Шлёмы Зорына. Мы вельмі цешымся, што нашчадкі людзей, якія выратаваліся ў Налібацкай пушчы, сёньня завіталі да нас», — сказаў Аляксандар Пілінкевіч.

Сярод гасьцей з Ізраілю былі дзевяцера нашчадкаў былых налібачан. У Беларусі яны ўпершыню. Міхаэль Шлёзбэрг з сынам Алмагам прыехалі ў Налібакі з надзеяй знайсьці былых суседзяў сваёй сям’і. Тут нарадзіўся бацька Міхаэля.


05-CCE6652B-2A2B-40E9-97E8-E548F8D2A738_cx1_cy12_cw99_w1597_n_r1_st.jpg

Міхаэль (справа) з сынам Алмагам


Да вайны ў сям’і бацькі Міхаэля была ў мястэчку свая пякарня, а сям’я цёткі мела аптэку. На радзіму бацькоў ён прыехаў з кнігай «Маё мястэчка Налібакі», якую ў 1960-я гады напісаў адзін з налібацкіх габрэяў. Міхаэль Шлёзбэрг ня раз узіраўся ў мапу ў кнізе з надзеяй знайсьці месца, дзе стаяў іхны дом.

Але на былой вуліцы Віленскай (сёньня Садовай), якая да вайны была цалкам габрэйскай, не засталося нічога, што б нагадвала пра мінуўшчыну. У 1943 годзе немцы цалкам спалілі Налібакі, а вуліцу адбудавалі ўжо пасьля вайны новыя гаспадары.

«Кожны габрэй з Налібак, якога мы ведалі, быў часткай нашай сям’і»

Цыпі Краўз разам з мужам прыехалі ў Налібакі з Хайфы. Тут нарадзіўся тата Цыпі Абрагам Вайнэр. Ягонымі бацькамі былі Барух і Цыпі, у гонар якой назвалі ўнучку. На пахаваньні яе бацькі, ужо ў Ізраілі, яна вырашыла, што калісьці наведае роднае мястэчка. У Налібаках Цыпі сказала, што сёньня збылася яе мара.


06-938376EB-3607-40FD-A24A-8A89812DD8D8_cx0_cy19_cw100_w1597_n_r1_st.jpg

Цыпі Краўз з мужам


«Наша сям’я ў Ізраілі была вельмі маленькая, бо амаль усе загінулі. Але кожны габрэй з Налібак, якога мы ведалі, быў часткай нашай сям’і. У маіх дзядоў Вайнэраў было трое дзяцей: тата і дзьве сястры. Найстарэйшая звалася Зора і працавала ў аптэцы. Яна выйшла замуж да вайны, мела дачку, але ўсіх іх забілі падчас вайны, у Баранавіцкім гета. Другая сястра Сара эмігравала ў Палестыну яшчэ да вайны, у 1936 годзе, жыла ў кібуцы. Калі пачалася вайна, то тата ўцёк у лес, далучыўся да партызанаў Бельскага. Пасьля вайны праз Італію ён трапіў у Палестыну, змагаўся ў вайне за незалежнасьць, а потым быў настаўнікам».

«Абсалютная большасьць, рызыкуючы сваім жыцьцём, ратавала нас, як магла»

Зь Менску ў Налібакі прыехаў адзіны ў Беларусі жывы партызан атраду Бельскага Яўген Андрэйчык. Сёньня ён узначальвае Беларускую асацыяцыю былых вязьняў гета і нацысцкіх канцлягераў. Яўген Ёсіфавіч — карэнны мянчук са зьмяшанай сям’і: ягоная маці габрэйка, а бацька беларус з Наваградчыны. У Налібацкую пушчу ён трапіў пасьля ўцёкаў зь Менскага гета. Яму было тады 6 гадоў.


07-5C5E5009-C651-4EAD-859B-F21CD4AE88A8_cx0_cy12_cw98_w1597_n_r1_st.jpg

Яўген Андрэйчык


«Уначы, пры дапамозе падпольшчыкаў, мы выехалі зь Менску і дабраліся на хутар дзядзькі Антона на Наваградчыне. Потым мы трапілі ў атрад Зорына, а пасьля да Бельскага, ён быў за 4 км. Я яго бачыў толькі аднойчы, са сьпіны. Добра, што ў ваколіцы былі мясцовыя людзі, якія нам памагалі. Абсалютная большасьць, рызыкуючы сваім жыцьцём, ратавала нас, як магла. Былі і здраднікі, якія наводзілі паліцаяў. Але гэта была меншасьць, несувымерная».

У лягеры Яўген Андрэйчык прабыў некалькіх месяцаў у пачатку 1944 году. 16 ліпеня ён ужо вярнуўся ў родны Менск.

Зоя Якаўлеўна прыйшла ў Налібацкую пушчу ў кастрычніку 1943 году. Гэта быў апошні дзень існаваньня Менскага гета. Уся яе сям’я загінула. Калі яна трапіла ў пушчу, ёй было 14 гадоў.


08-B39E8DCC-EF65-4BE4-97A5-95731B47DC3E_cx1_cy13_cw99_w1597_n_r1_st.jpg

Зоя Якаўлеўна


«Я ўцякла з гета зь сяброўкай. Падлезьлі ранкам пад дротам і пайшлі шукаць партызанаў. Я чула з размоваў, як трэба ісьці, і так мы прайшлі да Старога Сяла, гэта 15-17 км за дзень, і потым знайшлі партызанаў. Я прабыла ў пушчы цэлы год, у зямлянцы, у атрадзе Зорына. І там я была ажно да вызваленьня Беларусі ад немцаў. Многія габрэйскія партызаны ўжо пазьней, пасьля вайны, выяжджалі, але мая дачка сказала, што яе радзіма тут і што яна хоча жыць толькі тут. І вось сёньня мне ўжо 90 гадоў».

«Беларускі бок ушанаваў этнічную групу, якая была непажаданай для савецкага рэжыму​»

З Налібак памятныя ўрачыстасьці перанесьліся ў былы лягер «Лясны Ерусалім». Падчас вайны тут быў самы сапраўдны штэтл з двума шпіталямі, майстэрнямі і нават школай для дзяцей. На інфармацыйнай шыльдзе, усталяванай зусім нядаўна, гаворыцца, што жыхары мясцовых вёсак ведалі пра «Лясны Ерусалім», але ніколі ня выдалі яго нацыстам.

Пасол Ізраілю ў Беларусі Алон Шогам падчас прамовы падзякаваў беларусам за памяць пра габрэйскі партызанскі атрад насуперак постсавецкаму наратыву, які замоўчваў пра габрэяў у часы вайны.


09-98570F06-A94D-4A13-8BC5-266AA34B0294_cx0_cy11_cw96_w1597_n_r1_st.jpg

Алом Шогам (справа)


«Гісторыя габрэйскага супраціву не пасавала да савецкай гістарыяграфіі. Але ў 1990-я гады Беларусь пачала ўшаноўваць гэты эпізод нашай гісторыі насуперак постсавецкаму наратыву. Мы ўдзячныя за гэта і будзем пра гэта памятаць. Беларускі бок ушанаваў этнічную групу, якая была непажаданай для савецкага рэжыму. Мы дзякуем беларусам за гэта».

У лес, які выратаваў ад сьмерці 1200 габрэяў, праз 74 гады пасьля заканчэньня вайны вярнуўся наймалодшы і адзіны жывы з братоў Бельскіх Арон. Сёньня яму 93 гады, ён жыве ў ЗША. На пытаньне, ці памятае ён гэтую мясьціну, Арон Бельскі адказваў па-філязофску:

«Лес — гэта лес. Мне было тут 10-13 гадоў. Мне яго хапіла. Калі мы ўжо адсюль паедзем?»


10-C96D69B3-A4B9-4081-93D8-743476B139D5_cx1_cy34_cw94_w1597_n_r1_st.jpg

Арон Бельскі


Але нашчадкі выжылых не сьпяшаліся пакідаць «Лясны Ерусалім».

Больш за пяць гадзінаў яны гулялі па лесе, размаўлялі, знаёміліся, апавядалі сямейныя гісторыі, абдымаліся, сьпявалі і нават танчылі.

«Важней выратаваць аднаго габрэя, чым забіць 10 немцаў»

Асаэль Бельская, дачка сярэдняга брата Бельскіх Асаэля, упершыню наведала Беларусь у 1993 годзе, як толькі гэта стала магчымым для грамадзян Ізраілю. Свайго бацьку яна ніколі ня бачыла. Ён загінуў у 1945 годзе ў баі за Кёнігсбэрг.


11-7AAC7F3F-EA58-4182-B068-E07620541F80_cx1_cy14_cw87_w1597_n_r1_st.jpg

Асаэль Бельская


«Сярод нас шмат нашчадкаў Бельскіх. Тут сёньня прадстаўнікі трох пакаленьняў. Мы тут, бо былі нашыя бацькі, якія нас ратавалі. Тувія казаў: важней выратаваць аднаго габрэя, чым забіць 10 немцаў. Ён гаварыў: не ідзі забіваць немцаў, бо расейцы зробяць гэта лепш, чым мы. А мы мусім ратаваць жыцьці габрэяў».

Пра бацьку расказала дачка Тувіі Бельскага Рут. Яшчэ да пачатку вайны ён зьбіраўся зьехаць у Палестыну, але застаўся ў роднай вёсцы, каб дапамагаць сям’і.


12-11E716C5-8F34-401B-9DC7-FCA7E8C8A8F5_cx0_cy4_cw100_w1597_n_r1_st.jpg

Рут Бельская


«У майго таты было моцнае пачуцьцё братэрства, любоў да сям’і і сувязь са сваім народам. Ён быў сьціплым чалавекам, які паважаў кожнага. Мой тата марыў і імкнуўся, таму ў яго ўсё атрымалася, і таму мы сёньня тут».

Тувія Бельскі пасьля вайны іміграваў у Палестыну. Змагаўся за незалежнасьць Ізраілю, але ў 1955 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Ён памёр у 1987 годзе, пахаваны ў Ерусаліме.

У Налібацкай пушчы сёньня быў і ўнук Зуся Бельскага, які памёр у 1995 годзе ў Нью-Ёрку.


13-9DBF3D5B-586A-407B-AC01-5E03020459F3_w1597_n_r0_st.jpg

Мэцью Бельскі пасьля малітвы


«Урокі зь гісторыі рабіць ніколі ня позна»

Маліўся ў лесе ня толькі Мэцью Бельскі. Адмысловую памінальную ўрачыстасьць правёў галоўны рабін рэлігійнага аб’яднаньня суполак прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч.

«Я прыехаў прачытаць памінальную малітву тым партызанам, якія загінулі, і па якіх, магчыма, яшчэ не прачыталі малітву за ўсе гэтыя гады. Я першы раз тут. Але памяць ня мае тэрміну даўнасьці. Мы тут дзеля таго, каб яшчэ раз успомніць гэтую гісторыю, гісторыю гераізму, болю і горычы. І каб разам аддаць даніну памяці там, дзе былі нашыя блізкія. І гэта робіць нас мацнейшымі. У такія хвіліны мы разумеем, што за намі ёсьць гісторыя і мы ня хочам, каб яна паўтарылася. Урокі з гісторыі выносіць ніколі ня позна».


14-AA84DBBD-61D2-4EED-98E4-4EA5246F7C74_cx1_cy13_cw99_w1597_n_r1_st.jpg

Рыгор Абрамовіч


Зь дзьвюма дочкамі з ЗША ў Налібацкую пушчу прыехала Гэлен Кушнэр-Зэліг, сваячка зяця і дарадцы амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа Джарэда Кушнера. Яе маці Лея Кушнер разам з 250 габрэямі падчас вайны ўцякла з Наваградзкага гета праз тунэль, які выкапалі вязьні, і больш за год пражыла ў лягеры Бельскіх.

У 2007 годзе Лея Кушнер разам з дачкой упершыню пабывала на радзіме. Пасьля гэтага Гэлен вырашыла, што павінна паказаць гэтае месца і сваім дочкам.

«Для нас быць тут сёньня вельмі важна. Мая мама выжыла дзякуючы гэтаму лесу. Я пыталася ў яе: „Мама, як ты магла там выжыць, у гэтым холадзе, бязь ежы, як гэта ўвогуле магчыма?“ А яна мне адказала: „Я выжыла, бо мы былі свабоднымі. У гета ў нас не было свабоды. Калі мы трапілі ў лягер Бельскіх, то ведалі, што пра нас паклапоцяцца. Мы дбалі адзін пра аднаго і таму ў нас была надзея“. Калі я была тут у 2007 годзе, то адчула, што мушу паказаць гэтае месца маім дочкам. Гэта вельмі важна для мяне. Гэтая гісторыя павінна перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне».


15-40D12280-8505-467D-A9DC-AA5BE5AF28BC_cx0_cy10_cw100_w1597_n_r1_st.jpg

Гэлен Кушнэр-Зэліг


«Наш абавязак – расказаць наступным пакаленьням пра крывавую Катастрофу»

Адным з найбольш узрушальных момантаў цырымоніі ў былым лягеры быў ліст, які зачытаў нашчадак налібацкіх габрэяў Міхаэль Шлёзбэрг. У адным з фрагмэнтаў былі ўспаміны ягонай цёткі Пніны, якая выратавалася ад Галакосту ў пушчы. Вось урывак яе ўспамінаў:

«Мястэчка сваё я буду памятаць заўсёды, кожны камень, кожны куток, усе двары, усе вуліцы, габрэяў мястэчка яшчэ ў часы яго росквіту. Калі мы вярнуліся ў мястэчка пасьля разьні, я прайшла ўсе двары, і па ацалелых камянях бруку я ведала, чый быў дом. Калі мы падышлі да нашага дома, я пазнала яго па кухоннай пліце побач зь зялёнай печчу, ля якой сядзела мая маці і чытала сідур.

Памятаю я, як габрэі мястэчка ішлі ў свой апошні шлях. Мы выпадковыя абгарэлыя галавешкі вялікага пажару, якіх толькі сьляпы лёс уратаваў ад сьмерці. Наш абавязак — расказаць наступным пакаленьням пра крывавую Катастрофу, пра трагедыю сыноў нашага народу, каб яны ведалі і разумелі, што тыя, хто ішоў на забой, ішлі не па сваёй волі. Я буду заўсёды памятаць маё мястэчка, якое штогод у траўні расьцьвітала і патанала ў квецені. Буду заўсёды памятаць жахлівае гета, дымам пажару якога я дыхаю ад таго панядзелка, 28 сьнежня 1942 году».


16-387B38D5-49ED-460A-AC91-FF4F823DBB08_cx1_cy0_cw99_w1597_n_r1_st.jpg

Сям'я Шлёзбэргаў


«На гэтым месцы стаім мы, прадстаўнікі сем’яў ацалелых у Катастрофе габрэяў мястэчка, каб сказаць вам сёньня: мы тут!» — завяршыў свой выступ Міхаэль Шлёзбэрг.

«У сьвеце жыве 25 тысяч нашчадкаў людзей, якія выжылі ў Налібацкай пушчы»

Ініцыявала гэтую сустрэчу нашчадкаў партызанаў зь «Ляснога Ерусаліму» куратар Музэя габрэйскага супраціву з Наваградку Тамара Вяршыцкая. Яна кажа, што гэта толькі пачатак і што такія спатканьні стануць традыцыяй для нашчадкаў тых, хто перажыў Галакост у Налібацкай пушчы.


17-98DD5329-ED5F-4D35-B6BE-5D00490EEBCC_cx1_cy3_cw97_w1597_n_r1_st.jpg

Тамара Вяршыцкая


«У сьвеце жыве 25 тысяч нашчадкаў людзей, якія выжылі ў Налібацкай пушчы. І мы будзем сустракацца кожны год».

Дзьмітры Гурневіч, svaboda.org