Ураджэнца Ганцавіч пяты раз выбралі мэрам польскага гораду

Вадзім Тышкевіч пяты раз стаў мэрам польскага гораду Нова Суль. На муніцыпальных выбарах, якія адбыліся ў Польшчы, ураджэнец Ганцавіч набраў 79%, паведамляе Gazeta Lubuska.

Гэта пятыя выбары ў горадзе, на якіх выйграе Тышкевіч. Першыя выбары ён перамог з вынікам 55%, а ў наступных за яго аддалі свае галасы звыш 80% жыхароў гораду.

Вадзім Тышкевіч нарадзіўся ў Ганцавічах, але ў 7-гадовым узросьце разам з бацькамі пераехаў у Польшчу, у горад Нова Суль непадалёк ад нямецкай мяжы, у Любускім ваяводзтве. Пасьля заканчэньня школы паступіў на факультэт дакладнай мэханікі Варшаўскай палітэхнікі. У 1986 годзе Тышкевіч стварыў сваю кампутэрную фірму і да 2002 году быў пасьпяховым бізнэсоўцам.

У муніцыпальных выбарах палякі выбіралі дэпутатаў мясцовых радаў, войтаў, бургамістраў і мэраў гарадоў. Паводле вынікаў экзіт-полаў, кіроўная кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць» атрымала 32,3%, на другім месцы Грамадзянская кааліцыя — 24,7%. Трэцяе месца заняла Польская сялянская партыя (16,6%).

“Радыё Свабода”