У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны стварылі аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь»

Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь» створана ва ўкраінскім парлямэнце. Ініцыятарам выступіў Аляксей Ганчарэнка з фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» былога прэзыдэнта краіны Пятра Парашэнкі.

На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Ганчарэнка растлумачыў прычыны стварэньня аб’яднаньня:

«У жніўні ў Беларусі будуць чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Гэтыя выбары сталі прычынай таго, што цяперашняя ўлада пачала маштабныя рэпрэсіі супраць апазыцыйных кандыдатаў, грамадзкіх дзеячоў, блогераў, звычайных людзей. Усё гэта робіцца для таго, каб даць сфальсыфікаваць выбары і чарговы раз „перавыбраць“ Аляксандра Лукашэнку. Наша аб’яднаньне створана для таго, каб дапамагчы беларусам стварыць дэмакратычную, свабодную і сапраўды незалежную дзяржаву. Мы зробім усё магчымае, каб інфармаваць міжнародныя інстытуцыі пра сытуацыю ў Беларусі, дапамагаць беларускім палітычным зьняволеным і звычайным людзям выйсьці на волю».

«Беларусь павінна стаць свабодным, дэмакратычнай, эўрапейскай і незалежнай дзяржавай», — падкрэсьліў Ганчарэнка. На імя сьпікера Вярхоўнай Рады Дзьмітрыя Разумкова ён накіраваў просьбу абвясьціць аб стварэньні аб’яднаньня на пленарным пасяджэньні.

svaboda.org паводле БелаПАН