У Вільні ўшанавалі памяць Фрацішка Аляхновіча

9 сакавіка на Віленскіх могілках Росы Рух Салідарнасці «Разам» правёў традыцыйную акцыю ўшанавання памяці Францішка Аляхновіча, — беларускага драматурга, празаіка, тэатральнага дзеяча, — у дзень яго народзінаў. Ля помніка аўтару знакамітай кнігі "У кіпцюрах ГПУ" сабраліся беларусы з Мінска, Мар'інай Горкі, Вілейкі, Ліды і Вільні.

Прагучалі выступы палітыка Вячаслава Сіўчыка, паэта і першага беларускага палітвязня Славаміра Адамовіча, аднаго з кіраўнікоў беларусаў Віленшчыны Алеся Адамковіча, актывіста з Ліды Валера Мінца. Выступоўцы распавядалі пра жыцце і творчасць Францішка Аляхновіча, гучала інфармацыя аб мерапрыемствах, якія плануюць беларусы ў розных гарадох краіны да стагоддзя БНР. Вяла акцыю сустаршыня Руха Салідарнасці «Разам» Алена Талстая.

Памяць Францішка Аляхновіча ўшанавалі хвілінай маўчання, запалілі знічкі і ўсклалі кветкі.

На самым высокім месцы Віленскіх Росаў, адкуль бачны горад, луналі бела-чырвона-белыя сцягі, гучаў покліч «Жыве Беларусь!» і гімн «Магутны Божа!»

Таксама беларуская дэлегацыя наведала плошчу Лукішкі, дзе ўсклала кветкі да Крыжа, усталяванага ў памяць паўстанцаў, якіх расійскія акупацыйныя ўлады павесілі на гэтым месцы. Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.

Візіт дэлегацыі ў Вільню завершыўся сустрэчай з вядомым беларускім дзеячом Хведарам Нюнькам. Адзін са старэйшых прадстаўнікоў беларускай дыяспары, які рыхтуецца адсвяткаваць свае 90-годдзе, сказаў: «Незалежнасць Беларусі залежыць ад вас, беларусаў», і заклікаў годна правесці святкаванне 25 сакавіка ў Мінску.

“Новы Час” паводле прэс-службы Руха Салідарнасці «Разам»