У Вільні прайшоў «Балтыйскі шлях» на знак салідарнасьці зь Беларусьсю

Увечары 27 ліпеня, у трыццатыя ўгодкі абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі ад СССР, у Вільні адбылася акцыя «Балтыйскі шлях» у падтрымку беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратычных пераменаў.

На акцыі выступілі некаторыя літоўскія палітыкі: эўрадэпутат ад Літвы і спэцдакладчык Эўрапарлямэнта па Беларусі Пятрас Аўштравічус, экс-прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс, дэпутат Сэйму Літвы Эмануэліс Зінгерыс.

Удзельнікі акцыі стаялі ў жывым ланцугу, скандуючы «Жыве Беларусь!». Ланцуг расьцягнуўся ад Плошчы Незалежнасьці да Лукіскага пляцу.

У 1989 годзе жывы ланцуг аб’яднаў Вільню, Рыгу і Талін стаў сымбалем адзінства і сілаў літоўцаў, латышоў і эстонцаў у барацьбе за незалежнасьць.

«Сваёй імпрэзай мы хацелі б сымбалічна працягнуць руку ад Вільні, Рыгі і Таліну да Менску і такім чынам павіншаваць кожнага беларуса, якому важныя незалежнасьць і свабода», — падкрэсьліў літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс перад акцыяй.

Так жыхары краін Балтыі хочуць прадэманстраваць, што яны — за Беларусь, дзе няма палітвязьняў, дзе не рэпрэсуюць мірных грамадзян, не арыштоўваюць і ня штрафуюць незалежных журналістаў. Дзе людзі — вольныя, падсумаваў Юрконіс.

svaboda.org