У Варшаве адкрылася выстава Уладзіміра Цэслера аб беларускіх падзеях апошняга года

У варшаўскай прасторы «Працоўня «Дужы пакой» адкрылася выстава дызайнера Уладзіміра Цэслера «Sztuką w Reżim» («Мастацтвам па рэжыме»). Гэта першая індывідуальная выстава творцы ў Польшчы.


Для правядзення выставы аб’ядналіся тры няўрадавыя арганізацыі: «Этнаграфічнае таварыства», таварыствы «61» і «Picture Doc».

Куратарка працоўні «Дужы пакой» Эдыта Іванюк распавяла: «Назва выставы — „Sztuką w Reżim“ („Мастацтвам па рэжыме“). Мала надзеі, што мастацтва Уладзіміра Цэслера кагосьці ці штосьці пераможа, але маецца на ўвазе, што мастацтва дакранаецца да самых каранёў рэжыму, паказвае ўсе яго культурныя коды. Творца дакладна адлюстроўвае, што адбываецца ў Беларусі: парушэнне правоў чалавека, арышты... На вітрынах нашай працоўні напісаныя прозвішчы палітвязняў, і гэта для нас істотная дэкларацыя, што мы хочам іх вызвалення ці хаця б, каб да іх пускалі лекараў. Зараз — вельмі істотны момант, каб паглядзець на гэты рэжым, бо мы кажам пра межы, пра іншыя рэчы, забываючыся, дзе крыніца ўсяго гэтага. Добры час, каб затрымацца і паразмаўляць пра гэта ўсё.

Для мяне Уладзімір Цэслер — вельмі этнаграфічны творца. У яго розныя рэбусы, абразкі, інфармацыя, коды. Ён часта ўжывае наўпрост этнаграфічныя сімвалы. Як артыст ён мала вядомы ў Польшчы, а яго працы не заўсёды проста патлумачыць палякам. Некаторыя рэчы адразу зразумелыя: бела-чырвоны цярновы вянец, балаклава АМАП-аўца, бел-чырвона-белы палец у адпаведным жэсце, сітуацыя з арыштам Рамана Пратасевіча з самалёта Ryanair. Для самога Цэслера было істотна, каб на выставе быў плакат „Good morning, Belarus“, якому 25 год. Мастак яго выстаўляе, бо за гэты час у краіне, на жаль, мала што змянілася».

Эдыта Іванюк даўно цікавіцца беларускай тэматыкай. У 2000-м годзе, яшчэ будучы студэнткай Інстытута этналогіі і культурнай антрапалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, яна даследавала моладзевы рух «Зубр» у межах працы лабараторыі пад кіраўніцтвам доктара Катажыны Вашчыньскай. «Тады рух „Зубр“ быў вельмі моцны, — распавядае Эдыта Іванюк. — Я рабіла з яго ўдзельнікамі інтэрв’ю і потым напісала працу аб беларускай ідэнтычнасці, беларускім нацыяналізме, пра імкненне да дэмакратыі і свабоды. А магістарскую працу я напісала ўжо на падставе даследаванняў у Шклове. Знайшла там няўрадавую арганізацыю „Зялёны гурок“. Я даследавала, як абуджаецца грамадзянскае грамадства».


04-zb6z160o19iibi31bk8fww1tzmgtxqoz.jpg

Эдыта Іванюк і Катажына Вашчыньска


Выставу Уладзіміра Цэслера можна паглядзець да 23 снежня.

У экспазіцыі запланаваны таксама дыскусіі пра сучасную Беларусь. 2-га лістапада пройдзе вечар аднаго плаката, будзе размова пра твор з лагатыпам Nivea. 26-га лістапада Катажына Вашчыньска распавадзе пра рэжым у Беларусі з антрапалагічнай перспектывы. Будуць дыскусіі аб правах чалавека, аб мастацтве (удзельнічаюць Яна Шостак, Вікторыя Бяляшына, Максім Осіпаў). Пройдзе размова пра цэнзуру з літаратаркай, старшынёй Беларускага ПЭН-Цэнтра Таццянай Нядбай. Будуць таксама сустрэчы з журналістамі, актывістамі. Праект падтрымлівае фундацыя Генрыха Бёля.

Уладзімір Цэслер зараз жыве на Кіпры і прысутнічаў на адкрыцці выставы віртуальна.

Тэкст і фота Алены Ляшкевіч, budzma.org