У сацсетках віншуюць Пазьняка з 75-годдзем: «У іх цяпер Зе, нам патрэбны Зя!»

Да віншаванняў палітыка і гарамадскага дзеяча ў Фэйсбуку далучыліся многія беларусы: «Без яго Незалежнасьць была б немагчымая».


01-zianon2-24.jpg

На фота: Лондан, май 1996. На набажэнстве, якое ладзіць айцец Аляксандр Надсан, разам са мной Зянон Пазьняк, Василь Еўдакімаў, Сяргей Навумчык.


Siarhiej Navumchyk

Ня толькі Пазьняк дамогся Незалежнасьці. Але як дэпутат ВС-12 сьведчу: без Пазьняка Незалежнасьць была б немагчымая. І гэта робіць яго галоўнай беларускай фігурай ХХ стагодзьдзя. Зь юбілеем, Зянон Станіслававіч! І, як Вы кажаце – вып’ем самагонкі (паліткарэктна, грамаў так па 100, ну можа, па 200, хаця – чаму і не па 300?) у Суботніках, у вольнай Беларусі!

Liubou Luniova 

Зянону Пазьняку 75. Яшчэ напішуць даследаванні пра яго ролю ў фармаванні грамадзянскай супольнасці. Але я сёння добра ведаю, што ён здзейсніў для беларусау тое самае, што часопіс «Огонёк» Кароціча для тагачасных савецкіх людзей. Ганаруся знаёмствам з такім адданым патрыётам маёй Бацькаўшчыны. Здароўя і плённай працы!

Павел Севярынец

Пазьняк адкрыў усяму сьвету Курапаты. Заснаваў Беларускі Народны Фронт. Узначаліў апазыцыю ў Вярхоўным Савеце на хвалі развалу СССР. Дамогся незалежнасьці. 

У Беларусі імя Пазьняка стала сынонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў.

Пазьняк — вылітая воля й вера Беларусі. Пазьняк, які адкопвае чарапы ў курапацкіх ямах, ідзе ў першых шэрагах на Чарнобыльскім шляху, прамаўляе з трыбуны — найярчэйшыя кадры кронікі беларускага руху. У Пазьняку пэрсаніфікаваная ўся ўнутраная сіла, адпорнасьць і ідэалістычная прынцыповасьць, глыбока схаваныя ў кожным беларусе. Уся ахвярнасьць і пакута, узьнёсласьць і боль беларускай гісторыі выявіліся ў гэтай высокай, хударлявай і годнай постаці, у аграмадным бліскучым лобе, моцным падцятым падбародзьдзі, у глыбокіх чорных вачох. 

Пазьняк: «Самы харошы ўзрост — той, які перажываеш і ў якім знаходзісься»

Радыё Свабода патэлефанавала ў Нью-Ёрк, каб паразмаўляць з Зянонам Пазьняком.

— 75 гадоў — што гэта, па вашым досьведзе? На колькі, дарэчы, вы сябе адчуваеце?

— Адчуваю на 75 і можа трошкі болей. Па досьведзе ведаю, што самы харошы ўзрост — той, які перажываеш і ў якім знаходзісься. У 60 гадоў я яшчэ ня ведаў таго, што ведаю і разумею цяпер.

— Што вы лічыце найважнейшай сваёй заслугай у жыцьці?

– Найвышэйшай заслугай для мужчыны мусіць быць дабро Айчыны, — так я напісаў некалі ў «Вялікім Княстве». Гэта абавязак. Я ўсё жыцьцё стараўся яго трымацца. Пра свае заслугі гаварыць ня буду, бо заслугі вызначае гісторыя.

gazetaby.com