У польскім Шчэціне прайшоў пікет за незалежнасьць Беларусі

15 сьнежня каля расейскага консульства ў польскім горадзе Шчэціне адбыўся пікет за незалежнасьць Беларусі, супраць паглыбленьні інтэграцыі з Расеяй, а таксама ў падтрымку беларускіх палітвязьняў.

Як паведаміў Свабодзе суарганізатар пікету Францішак Цярэшка, удзельнікі акцыі прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Шчэціна.

«Акцыя была скіраваная за незалежнасьць, супраць так званай інтэграцыі, якая мае на мэце зьнішчэньне незалежнасьці Беларусі! Таксама мы салідарныя з палітвязьнямі: Пятром Маркелавым, які атрымаў 14 содняў за выкрыцьцё факту фальсыфікацыі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Таксама за Нааму Ісахар, ізраільцянку, незаконна выкрадзеную і арыштаваную расейскімі ўладамі», — расказаў Францішак Цярэшка.

Паводле другога суарганізатара акцыі Антона Койпіша, акцыю пачалі каля будынка, дзе месьціўся расейскі кансулят у Шчэціне (напярэдадні акцыі на ім вісела адпаведная шыльда, але незадоўга да акцыі яна зьнікла). Далей удзельнікі акцыі прайшлі шчэцінскімі вуліцамі ў бок польскай ваяводзкай управы, каб давесьці ўладам і польскаму народу аб інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

Падчас акцыі яе ўдзельнікі раздавалі мінакам улёткі «Za naszą i waszą wolność», скандавалі заклікі: «Mińsk-Warszawa — wspólna sprawa», Жыве Беларусь, сьпявалі нацыянальныя гімны «Пагоня» і «Магутны Божа».

15 сьнежня пікеты беларусаў супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі з Расеяй адбыліся таксама ў Нью-Ёрку і Кракаве.

У Беларусі 15 сьнежня пікет супраць паглыбленьня інтэграцыі прайшоў у Горадні. Акцыя сабрала каля сотні чалавек. У Менску чарговая акцыя заплянаваная на 20 сьнежня.

svaboda.org