У Новасібірскім цэнтры беларускай культуры прайшоў семінар па беларускай мове

Валянціна Васілеўна, прыехаўшы да нас у Новасібірск, прызналася: звыклася працаваць са студэнтамі, таму й хвалявалася перад сустрэчай з нестудэнцкай аўдыторыяй. Але ўсё ў яе атрымалася. І за два дні кіраўнікі творчых калектываў пачулі шмат каштоўных парад на сустрэчах з носьбіткай беларускай мовы. На якой, дарэчы, іх самадзейныя артысты і спяваюць. То была выдатная магчымасць папоўніць веды, каб перадаць іх сваім выхаванцам, атрымаць асалоду ад жывой беларускай мовы.

Семінар зладзіўся дзякуючы супрацы Новасібірскага ЦБК і сацыяльна-культурнага грамадскага аб’яднання “Наследие” з Магілёва. Пагадненне аб супрацы заключылі, калі ў верасні летась дэлегацыя з Беларусі была ў Новасібірску: старшыня “Наследия” Віталь Арцёмчык і рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ігар Сазонаў. Тады ж вызначылі асноўныя напрамкі творчай супрацы. Першай ластаўкай і стаў семінар “Культура белорусской речи”. Паўдзельнічалі ў ім кіраўнікі творчых гуртоў з Чулымскага, Ардынскага, Кочанеўскага, Новасібірскага раёнаў вобласці ды Новасібірска. Вяла семінар старшая выкладчыца беларускай мовы і рускай мовы як замежнай кафедры “Гуманітарныя дысцыпліны” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Валянціна Панежа.

На пачатку было заданне для ўсіх удзельнікаў семінара, якое ўключала тэксты на беларускай мове з перакладам на рускую, што значна палягчала зносіны. Мы знаёміліся з фанетычнымі асаблівасцямі беларускай мовы, вымаўленнем асобных гукаў, правіламі націску — на аснове нормаў сучаснай літаратурнай мовы. Пад час заняткаў Валянціна Васілеўна віртуозна пераходзіла з рускай мовы на беларускую — і наадварот. І яе лексічны каментар да тэксту спрыў засваенню матэрыялу. Ды яшчэ відэаролікі, якія прывезла госця, пашырылі ўяўленні беларусаў-сібіракоў пра Беларусь і яе славутасці.  Ажыўленне ў заняткі прыўнеслі юныя артысты з Тэатра народнай песні “Вясёлка”. Яго мастацкая кіраўніца — Людміла Уладзіміраўна Кашчэева: беларуска, выдатны педагог. Пастаянна вучыць выхаванцаў валодаць беларускім словам. Госця з Беларусі была прыемна здзіўлена, калі пачула, як умела, хоць і не без хібаў, спраўляюцца юныя сібіракі з беларускімі загадкамі, прыказкамі ды прымаўкамі. З задавальненнем чыталі яны й вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Потым адгадвалі назвы месяцаў, прыкмячаючы пры тым асаблівую вобразнасць беларускай мовы: январь — студзень, февраль — люты, ноябрь — лістапад... Гэта ўсё назвы, адзначылі дзеці, якія самі за сябе гавораць. І зусім пакарылі яны госцю, выканаўшы некалькі сваіх канцэртных нумароў: песні на добрай беларускай мове.


02-navas.jpg

Валянціна Панежа (чацвёртая справа) з супляменнікамі


Уражанні ў сібіракоў ад сустрэчы ва ўсіх — надзвычай яркія. “Сустрэча з землякамі для мяне заўсёды — як глыток свежага паветра, — гаварыла Людміла Кашчэева. — Таму з радасцю ішла на семінар. Апошнім час з-за розных абставінаў не часта мне даводзіцца бываць дома, у Беларусі. Мову беларускую ведаю добра, і таму мне цікавыя былі найперш самі зносіны. Нечакана для сябе атрымала нямала цікавай і карыснай інфармацыі. Пасля рэформы беларускага правапісу трохі змянілася вымаўленне пэўных словаў, а тое, як Валянціна Васілеўна прыгожа гаварыла, было як бальзам на душу: я з галавой занырнула ў беларускасць”. Адзначыла Людміла цудоўную падачу матэрыялу госцяй: займацца з ёй было цікава, займальна, вельмі душэўна і кранальна — аж да слёз: “Мілагучныя словы, гукі ды іх спалучэнні— гэта ж усё такое роднае! Некалькі разоў разам з беларусамі нават заплакалі мы — пад уражаннем ад убачанага й пачутага. І таму на другі дзень я вырашыла прывесці на семінар сваіх выхаванцаў: хай паслухаюць, як гэта здорава!”.

Цікава, як жа юныя артысты з Тэатра народнай песні “Вясёлка” ўспрынялі жывую беларускую мову? Папрасіла іх потым падзяліцца ўражаннямі, дык яны аж перабівалі адзін аднаго. “У тэатры я ўжо трэці год, і песень беларускіх ведаю нямала, — кажа Вікторыя Мірашнічэнка. — Мы нават на міжнародным конкурсе спявалі беларускія абрадавыя песні: атрымалі першае месца. Чытаць, аднак, беларускія тэксты мне няпроста, чамусьці вымаўляюцца не тыя гукі. Пэўна, таму, што мы больш на слых успрымаем і разумеем беларускую мову. Валянціна Васілеўна мне вельмі спадабалася: добрая, разумная. І семінар вельмі спадабаўся”. Маргарыта Сапагіна таксама на семінары даведалася шмат новага. Ёй было цікава і прамаўляць незнаёмыя беларускія словы, і здагадвацца, што яны азначаюць, а таксама разгадваць загадкі, слухаць беларускую музыку: “Я ні кропелькі не стамілася і не заўважыла, як хутка праляцеў час”. А Валерыі Калганенцы вельмі карцела хутчэй праспяваць Валянціне Васілеўне ды ўсім, хто быў на семінары, беларускія песні: “Мы ж ведаем іх шмат, нават на Дзень горада на святочнай плошчы спявалі песню “Белая Русь” , і ўсё атрымалася”. Дзяўчынцы падалося, што госці спадабалася, як яны спявалі па-беларуску, а яшчэ ёй самой “вельмі хочацца паехаць у Беларусь”.

Слухаем далей. Ксенія Сакалова спачатку саромелася, што няправільна прачытае беларускія словы. Але потым зразумела, што гэта не ўрок, можна й памыляцца, галоўнае — навучыцца правільна вымаўляць гукі “Ў нескладовае”, Г ды гукі ДЖ і ДЗ. Тое, прызнаецца, было нялёгка, аднак паступова дзяўчынка зусім асмялела і “думаю, што ў мяне ўсё ўжо атрымлівацца”. У Кірыла Кавалёва цяжкасцяў асаблівых на семінары не было. Ён, вядома ж, і памыляўся, калі чытаў некаторыя словы, але “памыляўся менш за іншых. Я — з першага класа на сцэне ў нашым тэатры, і беларуская мова цяжкаю мне ўжо не здаецца. Прывык правільна спяваць і вымаўляць беларускія словы: чатыры гады на сцэне — гэта нямала. Я наогул люблю ўсё цікавае і займальнае. А на семінары ўсё было цікава. Як і Лера, я таксама вельмі хачу паехаць у Беларусь і пагаварыць з беларусамі па-беларуску”. “Мы наогул весела і з карысцю правялі час на семінары, — дадае да сказанага ўжо Ліка Чарных. — Шмат даведаліся новага і цікавага, а потым пілі гарбату з рознымі прысмакамі. Дзякуй беларускаму цэнтру за гасціннасць: вельмі прыгожа ў вас і ўтульна!” І, нарэшце, Іван Архіпаў далучаецца да размовы. Ён  любіць з сябрамі з “Вясёлкі” ўдзельнічаць у розных імпрэзах. І выступаць таксама любіць: танцуе і спявае з задавальненнем: “А на такім семінары я быў упершыню, і нават не ведаў, што азначае слова семінар, таму крыху саромеўся спачатку. Але ўсё было выдатна, і мы чакаем Валянціну Васілеўну да нас у госці — яшчэ раз”. Сама ж Валянціна Панежа ў канцы сустрэчы адзначыла, што, размаўляючы з сібірскімі беларусамі, яна нібы акунулася ў родную стыхію. Так што слова наша роднае, беларускае — жыве ў Сібіры! Гучыць у нашых душах. Трэба толькі крышачку прыкласці намаганняў, расчысціць крынічку — і забруіць яна, мова нашых родных, мова нашага маленства, мова нашых душаў...

Ад імя ўсіх удзельнікаў семінара Людміла Кашчэева сказала: вялікі дзякуй нашай дарогай госці з роднай Беларусі. Падзякавала таксама і арганізатарам семінара, абласному Цэнтру беларускай культуры і асабліва — яго дырэктарцы Анастасіі Дзяменцьевай. А яшчэ папрасіла Валянціну Панежу перадаць прывітанне і паклон землякам і роднай зямлі Бацькаўшчыны.

Людміла Бяляўская, “Голас Радзімы”