У літаратурнай гасцінай абмеркавалі несцэнічныя ролі Паўліны Мядзёлкі

12 снежня 2018 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у фармаце літаратурнай гасцінай прайшоў вечар, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі (1893-1974) – Заслужанага дзеяча культуры Беларусі, вядомай беларускай актрысы, літаратара, педагога. Яе імя звязана з беларускай асветай у Латвіі ў міжваенны перыяд.

Круглая дата вядомых гістарычна-значных асоб – лішняя нагода больш глыбока вывучыць іх след у гісторыі, успомніць добрым словам. На гэты раз у літаратурнай гасцінай ЦБК абмяркоўвалі «сцэнічныя і несцэнічныя» ролі Паўліны Мядзёлкі. Паўліна (псеўданім Паўлінка) нарадзілася ў 1883 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям'і ў мястэчку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. З дзяцінства праявіла вялікую цікавасць да ведаў: вучылася ў Глыбоцкай (Віцебская вобл.) царкоўнапрыходскай школе, у Рызе на вячэрніх курсах для дарослых, у Вільні (дзе, дарэчы, пазнаёмілася з паэтам Янкам Купалам) у прыватнай жаночай гімназіі, у Пецярбургу на Вышэйшых камерцыйных курсах.

П.Мядзёлка займала вельмі актыўную грамадзянскую пазіцыю: удзельнічала ў разнастайных сацыяльных гуртках і грамадскіх камітэтах, працавала настаўніцай, інспектарам беларускіх школ, кіравала беларускай жаночай школай у Мінску, абшчынай беларускай моладзі і драматычным гуртком у Гродне, выдавала агітацыйную літаратуру, выступала ў друку з вершамі .

Для беларусаў Латвіі асабліва цікавая тым, што ў 1922 годзе пераехала ў Даўгаўпілс, дзе выкладала ў беларускай дзяржаўнай гімназіі. У маі 1924 года Паўліна Мядзёлка была арыштаваная па «беларускім працэсу» і апраўданая судом у красавіку 1925 года.

Вялікая цікавасць да яе асобы выклікана таксама тым, што П.Мядзёлка была музай класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, у гонар якой ім была напісана п'еса «Паўлінка». Яна ж была першай, хто бліскуча выканаў ролю Паўлінкі на пецярбургскай прэм'еры ў 1913 годзе. У сваёй кнізе-мемуарах «Сцяжынкамі жыцця» Паўліна ўспамінае не толькі сяброўства з беларускім песняром, але і знаёмства са многімі літаратурнымі і палітычнымі дзеячамі Беларусі, апісвае свой цярністы жыццёвы шлях. П.Мядзёлка пахавана ў роднай вёсцы, да яе магілы часта прыносяць кветкі прыхільнікі таленту непараўнальнай прыгажуні Паўлінкі.

Пра ўсё гэта ў вельмі цікавай і займальнай форме і ішло абмеркаванне ў літаратурнай гасцінай. Вершы, песні, урыўкі з твораў, успаміны – усё сплялося ў арганічны клубок, даставіла ўдзельнікам вечара сапраўднае задавальненне і ўзбагаціла новымі ведамі.

Марыя Памецька, Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс)