У Кішынёве паставілі помнік Скарыну работы Гэніка Лойкі. Адкрыцьцё — праз год

У сквэры насупраць будынка амбасады Беларусі ў Кішынёве пачаўся мантаж помніка-бюста беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Аўтар — менскі скульптар Гэнік Лойка.


01-lojka.jpg

Гэнік Лойка, архіўнае фота


Скульптура была прынятая экспэртнай радай летась у кастрычніку, аднак праз брак сродкаў яе ўстаноўка ў малдаўскай сталіцы зацягнулася.

Гэнік Лойка ў гутарцы са Свабодай прызнаўся, што на ўзгадненьне ні яго, ні архітэктара праекту не запрасілі. Да пастамэнта пакуль не прымацавалі шыльду.

Не ўдалося адстаяць «​Францішка»​

У ліпені 2017 году Лойка быў абвешчаны пераможцам конкурсу эскізных праектаў на бюст Францішка Скарыны ў Кішынёве — ягоную заяўку прафэсійнае журы прызнала найлепшай зь дзясятка. Згодна з патрабаваньнямі, кампазыцыйнае і плястычнае выкананьне мусіла быць рэалізавана «у найлепшых традыцыях клясычнага і нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва». ​


02-lojka.jpg

Спачатку на помнік з улікам матэрыялу меркавалася патраціць ня больш за 150 тысяч рублёў. Аднак у працэсе суму зьменшылі ў 10 разоў. Прычым канчатковую лічбу назвалі ўжо пасьля таго, як Лойку прысудзілі перамогу ў конкурсе. Скульптар кажа, што збольшага задаволены працай, за выключэньнем некаторых нюансаў.

Па-першае, спачатку «замахнуўся» на манумэнтальны твор вышынёй тры мэтры. Аднак у выніку помнік атрымаўся ў рост чалавека.

Па-другое, паразай завяршылася змаганьне за напісаньне імя Скарыны. Згодна з умовамі конкурсу, як сьцьвярджаюць арганізатары, на помніку павінен значыцца «Францыск», Лойка ж настойваў на варыянце «Францішак».

Па экспэртную дапамогу Лойка зьвярнуўся ў Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. У адказе з подпісам дырэктара ўстановы Ігара Капылова гаворыцца, што ў сучаснай беларускай мове варыянты Францыск і Францішак раўназначныя, таму вырашэньне пытаньня іх прыярытэтнасьці знаходзіцца ў кампэтэнцыі аўтараў мастацкіх, інфармацыйных, даведачных і іншых тэкстаў.

Раней Гэнік Лойка вырабіў узоры гліняных і мэталічных мэдальёнаў з сэрыі «Наша пяцісотгоднасьць», дзе Скарына названы Францішкам. На авэрсе — рысы твару першадрукара і юбілейная лічба 500.

Чаму помнік Скарыну ў Малдове

Некаторыя навукоўцы разглядаюць вэрсію, што Скарына мог быць пахаваны на тэрыторыі сучаснай Малдовы.


03-lojka.jpg

Загадчык катэдры славянскіх літаратур Белдзяржунівэрсытэту Іван Чарота ў інтэрвію расейскаму Sputnik казаў, што мае факты, якія выходзяць за традыцыйныя ўяўленьні пра біяграфію Скарыны.


04-lojka.jpg

Іван Чарота, архіўнае фота


«Гэта тэксты, пра іх я меў уяўленьне яшчэ раней. Ёсьць непасрэдны ўладальнік і захавальнік тэкстаў — пісьменьнік, літаратар Юры Іваноў, які жыве ў Малдове. Ён прывозіў сюды матэрыялы і паказваў малюнкі — дзьве фігуры, зьлева чалавек з каронай, справа чалавек у шапцы, і над ім надпіс: „Юрга Скарына Полацкі“. Мы разумеем, што гэта Георгі ці Юры», — гаварыў Чарота.

Гэтую вэрсію ставіць пад сумнеў старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша.


05-lojka.jpg

Алесь Суша, архіўнае фота


«Інфармацыя вельмі сумнеўная, — адзначае ён. — Невядомыя паперы, невядомага паходжаньня, невядомага часу. Наогул падобна да сучасных казак пад даўніну. Да таго ж арыгінал належыць прыватнай асобе, невядомаму пісьменьніку, і трактуецца толькі ім самім. Самае дзіўнае, што ён гэтыя „ўнікальныя дакумэнты“ без праблемаў возіць празь мяжу і адзін у сьвеце „ведае“ пра месца пахаваньня Скарыны... Трэба было б спачатку дасьледаваць гэтую „крыніцу“, праверыць яе».


06-lojka.jpg

Падчас стварэньня бюста Скарыны, архіўнае фота


Месца пахаваньня Францішка Скарыны дакладна невядомае.

Адкрыцьцё помніка — у 2019-м

Арганізацыяй конкурсу праектаў і вырабам скарынаўскага помніка-бюста для Кішынёва апекавалася Міністэрства культуры Беларусі. Там паведамілі Свабодзе, што афіцыйнае адкрыцьцё скульптуры з ініцыятывы малдаўскага боку перанесена на 2019 год. Аднак прычыны такой адтэрміноўкі не ўдакладняюцца.

Ігар Карней, “Радыё Свабода”



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение