У Кіеве прайшоў дзень беларускага мастацтва

Адразу тры новыя паэтычныя выданьні прэзэнтуюць у Кіеве у дзень беларускага мастацтва, які арганізаваны ініцыятывай Free Belarus Center — анталёгію беларускай паэтычнай рэвалюцыі «Бум-Бам-Літ», новага паэтычнага зборніка Сяргея Прылуцкага «Эўрыдыка не азіраецца» і Ўладзімера Арлова «Усё як раней толькі імёны зьмяніліся».

Усе тры кнігі сёлета выдадзеныя ў перакладзе на ўкраінскую мову ва ўкраінскіх выдавецтвах. Вершы беларускіх паэтаў дэклямавалі вядомыя ўкраінскія літаратары і перакладчыкі — Вячаслаў Лявіцкі, Алена Сьцепаненка, Аляксандар Ірванец, Багуслаў Поляк.


02-46c0acdc-9f05-4903-bf45-8ca448e7b8f0_w1597_n_r0_st.png

Украінскі літаратар Аляксандар Ірванец з новымі кніжкамі-перакладамі твораў Уладзімера Арлова


Для Аляксандра Ірванца — гэта трэці пераклад Уладзімера Арлова і чацьвёртая — зь беларускай мовы іншых аўтараў.


04-6bf9b37f-90d4-4ef9-90d2-b65db108bfe3_w1597_n_r0_st.jpg

Сяргей Прылуцкі і Алена Сьцпаненка чытаюць вершы на Дні беларускага мастацтва ў Кіеве


Беларускі паэт і празаік Сяргей Прылуцкі, які больш за 10 гадоў жыве ва Ўкраіне, кажа, што чакаў выхаду сваёй кнігі ў Беларусі яшчэ летась. Але яна так і ня выйшла з друку. Ён заўсёды пагаджаецца ўзяць удзел у беларускіх акцыях ва Ўкраіне. «Гэта вельмі важна, каб беларусаў чулі, каб яны не забывалі сваю культуру і не асыміляваліся ў краінах, у якія яны зьехалі».

Паэт кажа, што не чакаў хуткіх зьменаў год таму, калі ў Беларусі пачалася выбарчая кампанія, а пасьля і акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыяў вынікаў выбараў.

«Вядома, былі надзеі, што нешта зьменіцца, але надзеі, што хутка — у мяне асабіста не было, таму што гэта ня тая ўлада, якая паслухае людзей і скажа: „Ну, добра. Мы пайшлі, да пабачэньня!“ Не было і асаблівай надзеі і на тое, што ўсё адбудзецца бяз жэсьці і крыві, таму што мэханізм гвалту ўжо адладжаны».


05-256ce687-19e8-4e2e-a2e0-b2e5e6e3781b_w1597_n_r0_st.jpg

Украінскі паэт і перакладчык Багуслаў Поляк чытае вершы беларускіх паэтаў


Сяргей мяркуе, што частка актыўных беларусаў, вымушаных цяпер зьехаць, застанецца ў іншых краінах, а досьвед тых, хто вернецца, абавязкова спатрэбіцца новай Беларусі.

«Любая міграцыя б’е па эканоміцы, па грамадзянскай супольнасьці і, вядома, будзе вельмі цяжка пасьля зьмены ўлады будаваць грамадзтва на руінах. Але я думаю, што досьвед тых, хто зьехаў і потым вернецца, будзе карысным для пабудовы новай дзяржавы, нармальнага грамадзтва, грамадзянскіх інстытуцый. Людзі дапамогуць сваім досьведам і новымі магчымасьцямі».


06-13232425-1fb0-4654-8faa-85d7af754ef4_w1597_n_r0_st.png

Вячаслаў Лявіцкі - Укладальнік анталёгіі «Бум-Бам-літ»


Беларуская імпрэза адбываецца ва ўнутраным дворыку Кіева-Магілянскай акадэміі — адной з найбольш прэстыжных ва Ўкраіне навучальных установаў. Яе кіраўніцтва і студэнцтва першымі выступілі супраць гвалту беларускіх уладаў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцый пратэсту і заявілі пра сваю салідарнасьць зь Беларусьсю. Кіева-Магілянская акадэмія таксама адной зь першых запрасіла на навучаньне беларускіх студэнтаў, выключаных за ўдзел у акцыях пратэсту.

У дворыку таксама арганізаваная фотавыстава «Беларусь абуджаная».


07-e75e286d-2d68-42b3-af89-e497e1a9a44c_w1597_n_r0_st.jpg

Фотавыстава «Беларусь абуджаная»


Увечары на гэтай самай пляцоўцы адбудзецца канцэрт з удзелам беларускіх музычных калектываў — Shuma, РСП і NAKA. Беларуская сьпявачка Руся (SHUMA), якая паўгода таму зьехала зь Беларусі разам са сваёй маленькай дачкой і маці, паведаміла, што плянуе застацца ва Ўкраіне на тры гады.


09-2db06fcd-2fd8-4dbf-8af8-26d2c71f0888_w1597_n_r0_st.png

Руся


«Я працую. Я здабытчык для маці і для дачкі. Перад ад’ездам я разам са сваімі калегамі стварыла мабільную аплікацыю для трэнаваньня голасу Vocal image — там і псыхалёгія голасу, і псыхалёгія стасункаў. Гэта такі падыход праз тэрапію голасу. Ня так даўно зь Нямеччыны я атрымала дыплём вакальнага і музычнага тэрапэўта, і я такая шчасьлівая! Я атрымала новыя інструмэнты, як дапамагаць сабе і вучыць іншых. Цяпер гэтая аплікацыя мусіць тры гады вельмі актыўна працаваць, таму я пляную іх пражыць у Кіеве, каб плённа працаваць і праз тры гады разьняволіцца і думаць, што рабіць далей», — расказала Свабодзе сьпявачка.

Алена Літвінава, svaboda.org