У інтэрнэце за суткі сабралі $20 тысяч сям'і беларускай рэжысёркі, што загінула на Алясцы

За адзін дзень на платформе gofundme.com было сабрана $20,465 — на 465 даляраў больш за заяўленую суму.

«Дзякуй усім, хто ўзяў удзел у зборы сродкаў для Нікі Ніканавай! Дзякуючы вашай падтрымцы і аператыўнасці мы сабралі неабходную суму ўсяго за адзін дзень», — напісалі ініцыятары.

Грошы збіралі найперш на паездку ў ЗША маці загінуўшай Нікі Ніканавай.

Трагічнае здарэнне адбылося на Алясцы ў чацвер, 25 ліпеня. Пра гэта паведаміла мясцовае выданне Newsminer.com.

24-гадовыя беларусы Пятро Маркелаў і Ніка Ніканава згулялі вяселле 1 ліпеня і адправіліся ў падарожжа па Амерыцы. На Алясцы яны вырашылі пабачыць закінуты аўтобус, які стаў вядомы дзякуючы кнізе, а пасля і фільму «У дзікіх умовах» (Into the Wild; ён расказвае пра амерыканскага хлопца з забяспечанай сям'і, які адправіўся ў глухі раён Аляскі, пасяліўся там у аўтобусе, а праз чатыры месяцы загінуў там ад знясілення і голаду). Па дарозе назад, калі падарожнікі спрабавалі перайсці раку Тэкланіка, але дзяўчыну змыла плынню. Пятро здолеў выцягнуць яе з вады, але Ніка была ўжо мёртвая.

Пятро паведаміў пра здарэнне ў мясцовую паліцыю.

Пятро Маркелаў — актывіст руху «Легалайз Беларусь», выступае за дэкрыміналізацыю наркотыкаў.

Ніка Ніканава — рэжысёрка 20-хвіліннай стужкі «Пакаленне 328» пра маці непаўналетніх, асуджаных за наркатычныя злачынствы.

У падлеткавым узросце знялася ў фільме «Брэсцкая крэпасць». Хацела паступаць у ЗША, але не здолела атрымаць візу. Вучылася ў ЕГУ па спецыяльнасці «Медыя і камунікацыі», але праз паўгода кінула вучобу і паехала займацца сёрфінгам на Балі. Падарожжа зацягнулася на тры гады. Пасля ўсё ж трапіла ў ЗША, вучылася на гадавой праграме дакументалістыкі. Апошнім часам жыла ў Нью-Ёрку.

nn.by