У Грузіі зарэгістравалі Міжнародны камітэт захаваньня незалежнасьці Беларусі імя Каліноўскага

Міністэрства юстыцыі Грузіі зарэгістравала Міжнародны камітэт захаваньня незалежнасьці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (Kastus Kalinowsky International Committee for Preservation of Independence of Belarus).

Асноўнай мэтай грамадзкай арганізацыі дэкляруецца ўвасабленьне высокіх ідэалаў аднаго зь лідэраў паўстаньня 1863 году Кастуся Каліноўскага аб незалежнай краіне.

У прыватнасьці, садзейнічаньне стварэньню адміністрацыйных, эканамічных і прававых перадумоваў для таго, каб Беларусь умацавала свой эканамічны патэнцыял, ператварылася ў моцную краіну эўрапейскага тыпу.


Дзяржавы-донары для Беларусі

Кіраўнік ініцыятыўнай групы стварэньня Міжнароднага камітэту захаваньня незалежнасьці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага Зураб Ванішвілі. Ён вучыўся на юрыдычным факультэце Белдзяржунівэрсытэту, у Віленскім дзяржаўным унівэрсытэце і на факультэце міжнароднага права Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Свабодна размаўляе па-беларуску. Прадстаўніком у Беларусі будзе праваабаронца Алег Воўчак, зь якім яны разам вучыліся ў БДУ і дагэтуль падтрымліваюць сяброўскія стасункі.


02-044ED5E6-A577-483E-A5BF-7E042BFD88AC_w1597_n_r0_st.jpg

Рашэньне аб рэгістрацыі Міжнароднага камітэту захаваньня незалежнасьці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага


Супраца з урадам і НДА Беларусі ў мэтах збліжэньня з Эўразьвязам і выпрацоўка пляну дзеяньняў на ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю — вось найбліжэйшыя пляны камітэту.


03-1018FEB9-98AD-4032-B348-751EB46DC9F6_w1597_n_r0_st.jpg

Алег Воўчак і Зураб Ванішвілі ў Менску, 1989 год


«Адной зь першарадных задач камітэту зьяўляецца судзеяньне ў справе прыцягненьня вядучых краін Заходняй Эўропы, ЗША, Японіі дзеля паскоранага, цягам 2-2,5 гадоў, уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА), — расказаў Свабодзе Зураб Ванішвілі.— Мы зьбіраемся наладзіць сувязь паміж вядучымі дзяржавамі-донарамі і ўрадам Беларусі з тым, каб стварыць Міжнародную групу сяброў вашай краіны, якая арганізацыйна дапаможа зрабіць належныя заканадаўчыя і адміністрацыйныя захады, неабходныя для імплемэнтацыі патрабаваньняў Маракескага пагадненьня (Статуту СГА)».

Зураб Ванішвілі быў удзельнікам групы экспэртаў, якая распрацоўвала статутныя дакумэнты для ўступленьня Грузіі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Ягоная краіна прайшла гэты шлях за тры гады і спраўна атрымлівае эканамічныя дывідэнды. Беларусь бясплённа спрабуе гэта зрабіць вось ужо чвэрць стагодзьдзя.


04-4127E01B-2194-48CE-8FB4-6247B2785229_w1597_n_r0_st.jpg

Зураб Ванішвілі


Сусьветная гандлёвая арганізацыя займаецца распрацоўкай і ўкараненьнем гандлёвых правілаў і пагадненьняў, сочыць за іх выкананьнем, займаецца праблемамі лібэралізацыі гандлю, наданьнем ільготаў краінам, якія разьвіваюцца. Сярод прынцыпаў — роўнасьць правоў, узаемнасьць, празрыстасьць гандлю.

Цяпер у СГА ўваходзяць 164 краіны — практычна ўвесь сьвет. У кампаніі зь Беларусьсю, якая заявіла пра жаданьне туды інтэгравацца яшчэ ў 1993 годзе, але так і не далучылася, таксама Альжыр, Азэрбайджан, Босьнія, Экватарыяльная Гвінэя, Іран, Ірак, Косава, Лібан, Лібія, Паўночная Карэя, Сэрбія, Самалі, Судан і Паўднёвы Судан, Сырыя, Туркмэністан, Узбэкістан, Эрытрэя і некаторыя іншыя.


Сусьветнай гандлёвая арганізацыя як паратунак

На перакананьне суразмоўцы, уступленьне ў СГА ў кароткія тэрміны станоўча адаб’ецца на паказьніках экспарту тавараў і паслуг, павялічыцца патэнцыял краіны, транзытныя даходы стануць другарадным пытаньнем.

«Гэта будзе выгадна ня толькі Беларусі — усім патрэбны багатыя суседзі, — кажа ініцыятар стварэньня камітэту. — Беларусь стане прыкметным гульцом, павысіцца ўзровень дабрабыту насельніцтва, узмоцніцца абаронны патэнцыял. Мы любім і шануем беларускі народ, таму прапануем нашы веды і вопыт. Кітай ператварыўся ў эканамічнага гіганта толькі пасьля ўступленьня ў СГА. Беларусь зможа за 5-6 гадоў прыцягнуць інвэстыцыі, стварыць новыя прадпрыемствы, гандлёвыя кампаніі, значна павялічыцца колькасьць моцных эканамічных агентаў».


05-4E1E47B3-27FB-419D-B0A3-97E84FD6CE5B_w1597_n_r0_st.jpg

Тбілісі перад візытам Аляксандра Лукашэнкі, 2015 год


Зураб Ванішвілі запэўнівае, што зьбіраецца бескарысьліва служыць справе захаваньня незалежнасьці Беларусі — краіне, якая стала для яго такой жа роднай, як і Грузія.

«Для нас не існуе ідэалу вышэйшага, чым дасягненьне кансэнсусу паміж урадам Беларусі і Міжнароднай групай сяброў. Беларусь вартая лепшай долі, і трэба ўсім разам у гэтай справе дапамагчы. Я вучыўся у БДУ і ведаю, што Статут ВКЛ быў на беларускай мове. Чаму не падтрымаць дзяржаву з такой гісторыяй? Ня трэба ствараць канфрантацыі там, дзе арганізацыйнай працай можна ўмацаваць пазыцыі Беларусі ў сьвеце. Мы ўступілі ў СГА ў 1999-м і праз 6 гадоў пакончылі з карупцыяй. Мае дзеці ня ведаюць слова „хабар“, нават ня чулі».


06-159D8B4C-40C6-438A-B03A-A6766E65B80B_w1597_n_r0_st.jpg

Колішні прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ адзначае юрыста Зураба Ванішвілі


Зураб Ванішвілі быў задзейнічаны ў спэцпраектах параўнальнага права. Практыкаваўся ва ўнівэрсытэце штату Мэрылэнд, Лёнданскай школе эканомікі і палітычных навук. Аўтар шэрагу законапраектаў, прынятых парлямэнтам Грузіі ў канцы 1990-х. Указам колішняга кіраўніка Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ адзначаны асабістай падзякай прэзыдэнта.

Ігар Карней, svaboda.org