У Гайнаўцы прайшла трэцяя па ліку акцыя “Вечная памяць”

У той самы дзень у Гайнаўцы адбыўся Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які зладзілі крайне правыя сілы. Як галоўных герояў яны ўслаўляюць капітана Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашку”, адказных за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках.

Пяты па ліку Марш памяці „выклятых жаўнераў” сабраў у Гайнаўцы каля 150-ці ўдзельнікаў, якія прыехалі з розных рэгіёнаў Польшчы. Ішлі з лозунгамі «Буры – наш герой», «Вялікая Польшча – хрысціянская». У гэтым годзе быў плакат, на якім былі Вярус і Курачкін, і праваслаўны крыж. Арганізатары маршу даводзілі, што «Буры» не дзейнічаў супраць беларусаў ці супраць праваслаўных, таму што ў ягоных аддзелах былі і беларусы, і праваслаўныя. На плакаце былі здымкі Вяруса і Курачкіна, якія сапраўды былі ў аддзеле Бурага. Між іншым, Вярус удзельнічаў у карнай аперацыі ў вёсцы Шпакі.


01-IMG_20200223_132402.jpg


На шляху маршу традыцыйна сталі сябры арганізацыі “Грамадзяен РП”, якіх паліцыя сілай выцягнула з вуліцы за гадзіну да пачатку шэсця. Прыкладна ў 60-ці чалавек паліцыя перапісала дадзеныя, верагодна, іх чакаюць суды “за тое, што перашкаджалі ў правядзенні дазволенага маршу”. На асфальце засталіся ляжаць растаптаныя ружы, якія трымалі ў руках «Грамадзяне РП».


02-IMG_20200223_122053-2-1.jpg


“Калі стану прэзідэнтам Польшчы, прыеду сюды, і ўшаную ахвяр Рамуальда Райса”, – такое публічнае абяцанне ў Гайнаўцы даў кандыдат на пасаду прэзідэнта ад аб’яднаных левых сілаў, еўрадэпутат Роберт Бедрань.

На думку палітыка, прэзідэнт павінен стаяць на баку пакрыўджаных, а не злачынцаў:

– І, на жаль, напэўна, гэта ўпершыню польскі прэзідэнт зробіць такі жэст, каб ушанаваць ахвяр і паказаць, як ён будуе масты, а не сцены. Прэзідэнт Польшчы сёння мусіць стаяць у гэтым месцы і ўсе людзі добрай волі сёння мусяць стаць на баку 79 ахвяр, якія загінулі ад рук ката, якім быў Рамуальд Райс “Буры”. Трэба такія ўчынкі асуджаць.


03-IMG_20200223_122042.jpg


“Марш нацыяналістаў ў Гайнаўцы – гэта вельмі пагрозлівая з’ява, – кажа прафесар Польскай акадэміі навук Анна Эльгэнкінг, якая прыехала з Варшавы, каб запаліць ў Гайнаўцы свечку памяці ахвярам “Бурага”, якога ўдзельнікі маршу чарговы раз вынеслі на штандары. – Калі ў Польшчы не зменіцца макрапалітычная сітуацыя, калі не зменіцца ўлада, то ведаем, як праходзяць гэтыя працэсы, калі словы і жэсты нянавісці становяцца дзеяннем нянавісці”, – кажа прафесар:

– У нейкі момант яны могуць стаць не сімвалічнымі, а фізічнымі. І гэта жахлівая перспектыва. І таму грамадства, царква, касцёл, мясцовыя ўлады мусяць стаць сцяной супраць нарастаючага фашызму.


04-IMG_20200223_102140.jpg


***


У той самы дзень у Гайнаўцы адбылася акцыя “Вечная памяць”, у час якой былі зачытаныя прозвішчы загінулых у выніку так званага “крывавага рэйду Бурага”. Удзел у ёй бралі блізу 500 чалавек.


06-IMG_20200223_123304.jpg


А 10-й гадзіне ў мясцовай царкве святога Яна Хрысціцеля прайшоў малебен да Святамучанікаў Холмскай і Падляшскай зямлі.


07-IMG_20200223_104343-1.jpg


Кандыдат на пасаду прэзідэнта ад аб’яднаных левых сілаў, еўрадэпутат Роберт Бедрань прысутнічаў у нядзелю, 23 лютага, на ўшанаванні памяці ахвяр рэйду “Бурага”. На грамадскім мерапрыемстве “Вечная памяць” таксама прысутнічалі дэпутаты польскага Сейму ад левых сілаў – Адрыян Зандберг і Павел Крутуль. Былі і прадстаўнікі Грамадзянскай кааліцыі – Яўген Чыквін і Роберт Тышкевіч.


08-IMG_20200223_100915-1.jpg


Грамадская акцыя „Вечная памяць” у Гайнаўцы праходзіла ўжо ў трэці раз. Арганізатары адзначаюць, што „Вечная памяць” не з’яўляецца альтэрнатыўным мерапрыемствам да маршу выклятых жаўнераў. “Гэта наш маральны абавязак паказаць, што ў Гайнаўцы памятаюць і ўшаноўваюць памяць бязвінных ахвяраў, а не іх забойцаў”, – адзначаюць арганізатары.

Паводле Валі Лаеўскай, "Беларускае Радыё Рацыя"