У Беластоку вырашаюць лёс вуліцы Лупашкі

У Беластоку пратэстуюць і збіраюць подпісы супраць перайменавання вуліцы Лупашкі.

“Маёр Зыгмунт Шэндзеляж, псеўданім “Лупашка” – гісторыя праўдзівая” – такая сустрэча прайшла ў суботу ў ваяводскай управе ў Беластоку. Штуршком стала ініцыятыва дэпутата Кшыштафа Трускаляскага пра неабходнасць перайменавання гэтай вуліцы. Гаворыць арганізатар сустрэчы і збору подпісаў Ян Вальчук з Падляшскага інстытута Рэчы Паспалітай суверэннай:

– Палітычная ініцыятыва была нядаўна агучана на сесіі Рады горада. Нашы дэбаты мусілі быць арганізаваныя больш дынамічна. Доктар Краеўскі і Тамаш Лабушэўскі атрымалі запрашэнні як аўтары манаграфіі, прысвечанай дзейнасці маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашкі”. Нам, як арганізатарам, было важна, каб у дэбатах прыняло ўдзел як мага больш выступоўцаў.

Падчас сустрэчы супрацоўнік Інстытута нацыянальнай памяці Тамаш Лабушэўскі падкрэсліваў, што маёр “Лупашка” дзейнічаў як абаронца польскага насельніцтва і выконваў прысуды ад імя польскага ўрада ў выгнанні. 

Сустрэча ў ваяводскай управе праходзіла пад ганаровым патранатам падляшскага ваяводы. Прысутнічаў таксама дэпутат ад кіроўнай партыі “Права і справядлівасць” Дарыюш Пянткоўскі, каля дзясятка маладых людзей з эмблемамі нацыяналістычнай арганізацыі ONR, ды некалькі дзясяткаў беластачан – у большасці прыхільнікаў захавання вуліцы Лупашкі ў Беластоку.

Валя Лаеўская, “Беларускае Радыё Рацыя”