У Барсэлёне і Лёндане прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларусамі

У Барсэлёне і Лёндане 25 чэрвеня прайшлі акцыі салідарнасьці. Людзі выйшлі да беларускіх дыпляматычных устаноў, каб выказаць пратэст супраць таго, што адбываецца на радзіме, паведамляе Tut.by.

«Першая арганізаваная акцыя беларусаў Каталёніі ўдалася! Паўтары сотні ўдзельнікаў, выдатная самаарганізацыя і каардынацыя. Я вамі ганаруся, сябры!», — напісаў адзін з удзельнікаў акцыі ў сталіцы Каталёніі Павал Кірылёнак.

Як напісала мясцовае выданьне VilaWeb, людзі сабраліся перад беларускім консульствам у Барсэлёне, каб «выказаць пратэст супраць арыштаў лідэраў, якія супрацьстаяць дыктатару Аляксандру Лукашэнку».

Акцыя салідарнасьці прайшла 25 чэрвеня таксама ў Валенсіі.

А вось колькі людзей сабрала акцыя ў Лёндане. Яе ўдзельнікі трымалі ў руках плякаты і бел-чырвона-белыя сьцягі.

Акцыі салідарнасьці з суайчыньнікамі беларусы замежжа праводзяць у многіх гарадах па ўсім сьвеце. Яны ўжо адбыліся ў Кіеве, Бэрліне, Вільні, Гамбургу, Варшаве, Маскве, Мангейме, Нью-Ёрку. У асноўным людзі зьбіраюцца ля беларускіх амбасадаў.

svaboda.org паводле tut.by