Сяргей Чыгрын: “Ён быў маім старэйшым сябрам і дарадцам”

Сёлета 2 студзеня не стала найвыдатнейшага беларускага гісторыка з Варшавы Юры Туронка, з якім я шмат гадоў сябраваў і ліставаўся. Я абавязкова яшчэ напішу пра гэтага шчырага чалавека, які добра ведаў і многа зрабіў для нашай гістарычнай навукі. Напішу пра яго кнігі, а гэта сур’ёзныя даследаванні, прысвечаныя беларускаму школьніцтву на Беласточчыне, беларускай кнізе ў Другой Рэчы Паспалітай, беларускай кнізе пад нямецкай адукацыяй, гісторыі Рыма-Каталіцкага Касцёла і іншыя.


02-s2-str15.jpg


Мне заўсёды было з ім пра што гутарыць. А гутарылі мы найперш пра беларусаў у Варшаве, якія там жылі, вучыліся і працавалі ў міжваенны час і напачатку ХХ стагоддзя. Мяне цікавіла асоба майго земляка са Слонімшчыны Гальяша Леўчыка, і Юры Туронак шмат новага пра яго мне распавядаў, ды і сам ён некалі напісаў добры артыкул пра гэтага беларускага паэта, калекцыянера, мастака і музыканта, які загінуў у Варшаве ў 1944 годзе. І апублікаваў свой матэрыял у беластоцкім „Беларускім календары” за 1980 год. Ён мне не шкадаваў здымкаў, а прыслаў арыгіналы фотаздымкаў Гальяша Леўчыка ў апошнія гады жыцця ў Варшаве, у 1912-1913-х гадах, пераклады псалмоў.

З Юры Туронкам бясконца можна было гутарыць пра Беларусь пад нямецкай акупацыяй, пра Вацлава Іваноўскага, пра Саюз беларускай моладзі (СБМ). Асабліва мы шмат з ім спрачаліся, хто найбольш ведае пра СБМ, які знаходзіўся ў Альбярціне каля Слоніма ў гады вайны. Ён напісаў і выдаў добрае даследаванне пра Саюз беларускай моладзі. Я яму дапамог знайсці фота і біяграфічныя звесткі пра Ядзю Сарачынскую, лёс якую пасля вайны закінуў ажно ў Аўстралію. Здымак і звесткі ўвайшлі ў яго кнігу „Людзі СБМ” (Вільня, 2006). А колькі ён мне падказаў, напісаў, падараваў – немагчыма пералічыць. Мы з вялікім захапленнем гутарылі пра усходнюю місію айцоў езуітаў у Альбярціне ў 1924-1943 гадах. Гэту тэму Юры Туронак ведаў дасканала і распавядаў, казаў вельмі цікава і доўга. І слухаць яго можна было суткамі, ён не расказваў, а смакаваў кожную тэму і лёсы беларусаў.

Вялікім падарункам для усіх беларусаў была яго „Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня, 2006). На 900 старонках апублікаваны лепшыя матэрыялы жыцця Юры Туронка. Кніга складаецца з пяці раздзелаў, каментара і іменнага паказніка. Фундаментальная праца.

Не стала Юры Туронка. І, здаецца, апусцела Польшча без яго, без ягонай усмешкі і ведаў. Дзякуй вам, спадар Юры, што вы былі, што шмат навучылі мяне, як шукаць гістарычныя матэрыялы, як іх апрацоўваць, збіраць, захоўваць.

У маім хатнім архіве захоўваецца шэраг лістоў ад Юры Туронка. Некаторыя з іх прапаную „Czasopisu”.

Лісты Юры Туронка

Варшава, 3 лістапада 2005 года

Шаноўны спадар Сяргей!

Дзякую за ліст ад 26 кастрычніка, за кнігу „Пакліканыя на родны парог” і за добрыя словы. З зацікаўленнем чытаю розныя Вашы артыкулы ў „Ніве” і ўжо бадай год таму збіраўся сам звяртацца да Вас з некаторымі запытаннямі, але яны неяк інакш вырашаліся або адкладваліся.

На жаль, пакуль што не магу выканаць Вашу просьбу. Апублікаванага ў 1981 годзе здымка Янука Дарашкевіча [Янук Дарашкевіч (1890-1943) – беларускі паэт з вёскі Меляшкі, што на Беласточчыне. Загінуў падчас Другой сусветнай вайны. У Мінску ў 2014 годзе выйшаў зборнік вершаў „Маркотныя зоркі”. – С.Ч.] з сям’ёй у сябе не знаходжу. Магчыма, як гэта часта бывала, яго не вярнулі мне з рэдакцыі, а таксама магчыма, што прысабечыў яго аматар такіх здымкаў Мікола Гайдук [Мікола Гайдук (1933-1998) – беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, педагог. – С.Ч.] і ён, здымак, знаходзіцца ў яго асабістым архіве, да якога не маю доступу. А можа ён яшчэ знойдзецца ў маіх паперах, частка якіх захоўваецца на падбеластоцкай дачы ў Трыпуцях. Але пакапацца там змагу не раней вясны. Януковых вершаў, акрамя апублікаваных у „Ніве”, я не сустракаў і не шукаў. Такія справы чвэрцьвяковай даўнасці былі толькі эпізадычным маргінэсам маіх зацікаўленняў і я да іх не вяртаўся.

Януком Д. цікавіўся яшчэ ў той час Арсень Ліс [Арсень Ліс (1934-2018) – беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, доктар філалагічных навук. – С.Ч.] з Інстытута літаратуры акадэміі навук у Мінску. Бадай у 1980 годзе ён нешта пісаў пра яго ў артыкуле пра Грыневіча [Антон Грыневіч (1877-1937) – беларускі фалькларыст, выдавец, педагог. – С.Ч.], апублікаваным у зборніку „Дзень паэзіі-80”. Аднак там ён памылкова адправіў Янука Д. у лепшы свет падчас Першай сусветнай вайны. Але, магчыма, Ліс змясціў у сваім артыкуле нешта новае, а можа і здымак (нейкі іншы?), чаго я не ведаю. Якраз у 1982 годзе абарвалася наша перапіска. Пашукайце той зборнік у бібліятэцы, магчыма, нешта атрымаеце і ад Ліса, пра якога ўжо амаль 25 год нічога не чуў.

Я ўжо нейкі час пацею над Саюзам беларускай моладзі (СБМ) [Саюз беларускай моладзі – беларуская моладзевая арганізацыя, створаная 22 ліпеня 1943 года на акупіраванай немцамі  тэрыторыі Беларусі. – С.Ч.]. Праектуецца невялікая кніга, якую, калі дазволіць здароўе, закончу да вясны. Калі вам нешта вядома пра слонімскую акруговую кіраўнічку СБМ Ядвігу Сарачынскую [Ядвіга Сарачынская (1926-пачатак 1960-х) – кіраўнічка юначак СБМ  у Слонімскай акрузе падчас Другой сусветнай вайны. Памерла пры родах у Аўстраліі. – С.Ч.], буду ўдзячны за біяграфічныя звесткі – год і месца нараджэння, адукацыю, прафесію да лета 1943 года і пасляваенны лёс.

Гэта, пакуль што ўсё. Жадаю добрага здароўя і творчых поспехаў.

З прывітаннем Юры Туронак.


Варшава, 11 красавіка 2006 года

Шаноўны спадар Сяргей!

Непакоіць мяне вестка Віталя Лубы [Віталь Луба – беларускі журналіст з Беласточчыны, супрацоўнік тыднёвіка „Ніва”. – С.Ч.]. Ваш ліст са здымкам Ядзі Сарачынскай я атрымаў 2 сакавіка і праз некалькі дзён адпісаў з падзякай за дапамогу. Калі мой ліст не дайшоў да Вас, то гэта першы такі выпадак у шматгадовым ліставанні з беларускім сябрамі. А можа ўсё-ткі ён дайшоў да Вас? Калі будзеце ў Беластоку, пастарайцеся знайсці гадзінку часу для мяне. Тэлефоны ведае Віталь Луба. 28 красавіка едзем у Трыпуці пад Беластокам, будзем да канца жніўня. Адначасова шлю Вам найлепшыя Велікодныя пажаданні здароўя і новых творчых здзяйсненняў.

Юры Туронак


Варшава, 23 студзеня 2007 года

Шаноўны спадар Сяргей!

Дзякую за ліст ад 9 снежня, які, дзякуючы непаладкам польскай пошце, ішоў да мяне 10 дзён. Дзякую таксама за добрыя (магчыма, занадта добрыя) словы пра мае кнігі, з якіх толькі „Людзі СБМ” лічу новым здабыткам.

Здымкі Гальяша Леўчыка [Гальяш Леўчык (1880-1944) – беларускі паэт, калекцыянер, музыкант, мастак, загінуў у Варшаве. – С.Ч.] і ксяндза Астрамовіча [Аляксандр Астрамовіч (1878-1921) – беларускі каталіцкі святар, паэт. – С.Ч.] ў „Мадэрнай гісторыі” змясціў выдавец Валер Булгакаў [Валерый Булгакаў – выдавец, галоўны рэдактар часопіса „Arche”. – С.Ч.] без майго ведама. Гэтых здымкаў я не меў і ніколі не бачыў, таму не магу адказаць на Вашы запытанні.

Пра нашу кастрычніцкую сустрэчу я не забываюся. Аднак не ўсё атрымліваецца згодна з пажаданнямі. Часопісы „Да злучэння” [„Да злучэння” – беларускі рэлігійны часопіс грэка-католікаў, які выдаваўся ў Вільні ў 1932-1937 гадах. – С.Ч.] і „Злучэнне” [„Злучэнне” — беларускі рэлігійны часопіс грэка-католікаў, які выдаваўся ў 1938-1939 гадах у Варшаве. – С.Ч.] (лацінкай) захоўваюцца ў Варшаўскай Нацыянальнай бібліятэцы, аднак з увагі на старасць і тэхнічны стан іх не дазволяць ксераваць. Па гэтай прычыне, згодна з нашай размовай у Беластоку, усё прызначанае Вам „альбярцінскае” складаю ў канверт для перадачы Віталю Лубу, якога пабачу вясной, а ён Вам усё перадасць. На адпраўку чакаюць:

  1. Арыгінальныя нумары „Да злучэння” і „Злучэнне” – тры асобнікі.
  2. Пяць ксераграфічных адбіткаў здымкаў з альбярцінскага езуіцкага „Беларускага календара” за 1932 год.
  3. Копія паэмы а. Язэпа Германовіча [Язэп Германовіч (1890-1978) – беларускі каталіцкі святар, пісьменнік. – С.Ч.] „Унія на Палессі”, Альбяртын, 1932.
  4. Перадапошні асобнік маёй кнігі „Беларуская кніга пад нямецкім кантролем”, Мінск, 2002.

Калі пажадаеце атрымаць нешта крыху раней, пішыце, а я пастараюся выслаць поштай, хаця яна робіць часам розныя сюрпрызы. Гэта па-першае. Па-другое, прапаную звярнуцца да Аляксандра Ільіна з Пінска, супрацоўніка „Гістарычнай брамы” з запытаннем, ці ёсць гэтыя часопісы ў бібліятэках і архівах Пінска і Брэста. На мой нюх, то яны павінны там быць. Па-трэцяе, шукайце ў Беларусі аналагічнага рускамоўнага часопіса „К соединению”, які выдаваўся езуітамі ў альбярціне, а таксама выдаваны езуітамі бадай у Варшаве часопіс „Oriens”, у якім знойдзеце шмат звестак пра Альбярцінскую місію. У параўнанні з гэтым часопісам „Да злучэння” і яго рускамоўная мутацыя выглядаюць як нядаўнія піянерскія агіткі. Акрамя гэтага чытайце ў маёй „Мадэрнай гісторыі” артыкул „Спроба адраджэння Уніяцкай царквы…” (с.430-440) і кнігі а. Надсана [Аляксандр Надсан (1926-2015) – беларускі каталіцкі святар. – С.Ч.], якія выйшлі летась ў бібліятэцы „Беларускага гістарычнага агляду”.

З прывітаннем і пажаданнем творчых поспехаў Юры Туронак.


Варшава, 20 красавіка 2007 года

Шаноўны спадар Сяргей!

На Вашы запытанні магу паведаміць наступнае:

  1. Езуіцкі „Беларускі каляндар” на колькі мне вядома, быў выдадзены толькі раз у 1932 годзе.
  2. Езуіцкі асяродак у Альбярціне каля Слоніма выдаваў паралельныя часопісы: беларускамоўны „Да злучэньня” і рускамоўны – „К соединению”. Вокладка (малюнак, колер) былі ідэнтычныя. Рэдактарам „Да злучэньня” быў айцец Антон Неманцэвіч [Антон Неманцэвіч (1893-1943) – беларускі каталіцкі святар усходняга абраду, культурна-грамадскі дзеяч, выдавец, публіцыст, педагог. – С.Ч.], а „К соединению” – айцец Павел Мацэвіч [Павел Мацэвіч –каталіцкі святар усходняга абраду, у 1927 годзе прыехаў у Альбярцін з Варшавы. – С.Ч.], які працаваў у Вільні. Абодва часопісы друкаваліся ў Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні. Расійскі часопіс выдаваўся ў Вільні ў 1932-1936 гадах. Выйшла 54 нумары.
  3. Пра паштоўкі альбярцінскія мне нічога невядома.
  4. Пра Пуслоўскіх [Пуслоўскія – шляхецкі род герба „Шэлега” у ВКЛ, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1918-1939). – С.Ч.] нічога няма пад рукой, а на бібліятэчныя пошукі не хапае сіл.

Напрыканцы красавіка едзем у Трыпуці. Тады перадам Віталю Лубу канверт з альбярцінскімі ксеракопіямі. Акрамя таго рэкамендую кніжачку а. Надсана пра Друю, у якой правільна адлюстравана ватыканская новаунійная палітыка. Стратэгічны напрамак – Расія, не Беларусь, асабліва Заходняя.

З прывітаннем Юры Туронак.


Сяргей Чыгрын, czasopis.pl