Сяргей Будкін: «Усё пагоршылася настолькі, што будзе толькі паляпшацца»

Стваральнік Фонду культурнай салідарнасьці расказаў, як можна дапамагчы пацярпелым ад рэпрэсій дзеячам культуры.

Размова зь Сяргеем Будкіным адбываецца праз гадзіну пасьля навіны аб прысудзе музыку Паўлу Аракельяну. Яго выцягнулі з аўтамабіля пасьля чарговага дваровага канцэрту ў Малінаўцы, а праз два дні асудзілі на 15 сутак арышту.

У сваім фэйсбуку Будкін з нагоды затрыманьня Аракельяна зьмясьціў запіс, дзе расказаў, што музыка здагадваўся пра хуткі арышт.


«Улады пужае ўсё тое, што нас натхняе»

«Вельмі дзіўныя ў мяне адчуваньні зараз, — кажа Сяргей. — Я сачу за супрацівам даўно, з канца 90-х. І раней, калі ты быў музыкантам, то цябе акурат не чапалі. Мы памятаем, як N.R.M. выходзілі да помніка Купалу, альбо як музыкі выступалі на Бангалоры ў 2006 годзе, дый у 2001-м былі канцэрты на прыступках Палаца прафсаюзаў. Тое, што ты музыкант, цябе ратавала ад затрыманьня. А ў 2020-м такая сытуацыя, што калі ты музыкант, то гэта ўжо дадатковая падстава цябе злавіць і пасадзіць. Натуральна, вайна абвешчаная ўсім без выключэньня. Але музыкі, відаць, асабліва бесяць, бо натхняюць на змаганьне. Лёгіку зразумець можна, але прыняць яе мозг адмаўляецца».

Сяргей расказвае, што паводле маніторынгу Фонду культурнай салідарнасьці, з 9 жніўня ў Беларусі зафіксавана больш за 200 фактаў ціску на дзеячоў культуры. Сярод іх забароны на выступ, звальненьні, затрыманьні і арышты. Прычым некаторыя выпадкі ціску на дзеячоў культуры яшчэ застаюцца невядомымі, і далёка ня ўсе зь іх трапляюць у СМІ.


01-B032D1A6-D2A6-47F7-B562-A24238EDE5CA_w1023_r1_s.jpg

Адзін з арыштаваных музыкаў Павал Аракельян.


«Дзіка ўсё гэта, — кажа Сяргей. — Каб музычны гурт выцягвалі ў поўным складзе з таксоўкі, як гурт „Рэха“, такога не было ніколі. Каб да артыстаў у філярмонію прыходзілі і забіралі з працоўнага месца на Акрэсьціна? Па шчырасьці, нават пры ўсім тым трэшаку, які адбываецца, я ня быў гатовы. Сыгналы былі, але каб вось так люта... Я думаю, улады пужае ўсё тое, што нас натхняе.

Па шчырасьці, я сумняюся, што ва ўладаў увогуле ёсьць нейкі глыбокі аналіз сытуацыі. Што яны ведаюць, як культура натхняе і мабілізуе на тое, каб наблізіць перамогу. Улада для мяне зараз — гэта гопнік, які размахвае рукамі, сьляпы, глухі і тупы, але пад яго раздачу трапляюць усе на сьвеце. Яго раздражняе Паша Аракельян сваёй актыўнасьцю і дабрынёй, раздражняе Вольны хор, які зьяўляецца зь ніадкуль. Раздражняюць флэшмобы».


«Узровень дзікасьці зьдзіўляе нават падрыхтаваных»

Па словах Будкіна, цяпер ён часта размаўляе пра сытуацыю ў культурнай сфэры Беларусі з замежнікамі. І тыя яму проста ня вераць, што ўсё гэта праўда. Кажуць, што за мяжой прысутнасьць музыкаў на акцыях пратэсту — гэта акурат гарантыя іх мірнага характару.

«Тое, што было за савецкім часам, і блізка не стаяла з тым ціскам, які сфэра культуры зазнае цяпер, — параўноўвае Сяргей Будкін ціск на музыкаў у 70-я і 80-я зь сёньняшнім. — Там, вядома, свае былі нюансы. Але ў цэнзуры і прапагандысцкім абслугоўваньні плянка цяпер пераўзыдзеная шматкроць. Мне заўсёды было цікава, што адчувалі забароненыя музыкі ў 80-я гады.

Было цікава, што адчувалі беларускія хіпі ў 60-я. Была знакамітая маніфэстацыя хіпі ў Горадні ў канцы 60-х. А тут я раптам бачу на ўласныя вочы, як гэта ўсё магло быць. І нават разумею, што калі б беларускі музыка 80-х раптам пераляцеў бы ў наш 2020-ы, то ён, так скажам, моцна б зьдзівіўся. Таму што ўзровень абсурду, дзікасьці і гэтага ўсяго ўражвае нават людзей падрыхтаваных».

Сяргей кажа, што калі раней дзікасьцю лічылася забарона канцэрту, то цяпер гэта ўжо сьмешна гучыць. Экспэрт кажа, што калі музыкаў затрымлівалі 9–11 жніўня і даведваліся пра іх прафэсію, то адмыслова білі па пальцах.

«Карані гэтай нянавісьці — у непрыняцьці злачынстваў 30-х гадоў, — мяркуе Будкін. — Яны паходзяць таксама з расейскай інфармацыйнай прасторы. Падсычаныя крымінальнымі сэрыяламі, прымітыўнымі расейскімі песьнямі. Злачынствы робяць людзі іншай культуры. Цікава было б прааналізаваць, што глядзяць і слухаюць АМАПаўцы. Тыя, хто катаваў людзей на Акрэсьціна.

Шкада, што іх старонкі ў сацсетках пазьнікалі, мы там маглі б пабачыць шмат цікавага. Культурны код чалавека выбудоўваецца зь песень, фільмаў, кніг. І я ня думаю, што сярод тых, хто катаваў, выслугоўваўся, перавышаў паўнамоцтвы, ёсьць чытач кніг Арлова альбо слухач Лявона Вольскага. Відавочна, не».


«Ня ведаю, ці будуць больш слухаць Аракельяна пасьля яго арышту»

Вядомы расейскі музычны крытык Арцемій Троіцкі ў інтэрвію беларускаму сайту Onliner расказаў, што моцна ўражаны колькасьцю беларускіх пратэставых песень, якія зьявіліся цягам апошніх месяцаў (Свабода ва ўласнай падборцы налічыла 200 ).

На думку Будкіна, прычынай іх зьяўленьня стала акурат жорсткасьць уладаў падчас разгону мірных пратэстаў.

«У мяне адчуваньне, што гэты калясальны творчы патэнцыял у нас назапашваўся, — кажа Сяргей. — І быў патрэбны нейкі трыгер, які дазволіў яму вырвацца. На жаль, гэты трыгер аказаўся балючы. Ёсьць думка, што незалежнасьць патрабуе ахвяраў, а іх у Беларусі было недастаткова ў 1991-м. Магчыма, гэта таму ўсё так.

Жорстка гэта гучыць, але тым ня менш. Толькі аплявуха магла запусьціць гэты працэс і даць волю творчаму патэнцыялу. Новай музыкі цяпер вельмі шмат. Так шмат, што на яе нават няма слухача. Яна засыпала ўсё, і незразумела да канца, што зь ёй рабіць. Ёсьць вашая падборка з 200 песень, я ведаю 300 песень. Але пакуль яно не працуе, бо мы не пасьпяваем усё слухаць».

Будкін расказвае, што людзі на дваровых імпрэзах зьдзіўляюцца, адкуль у Беларусі столькі таленавітых артыстаў і выступоўцаў. Маўляў, аказваецца, ёсьць такая цікавая музыка. На думку экспэрта, беларусы зараз пачынаюць адкрываць для сябе Беларусь і яе культуру. Незразумела толькі, ці больш будзе слухачоў у Паўла Аракельяна пасьля таго, як ён адседзіць суткі на Акрэсьціна.

«Гэта добрае пытаньне, — прызнаецца Сяргей. — У сытуацыі, калі б гэтае затрыманьне было, скажам, у 2019 годзе, калі затрымалі на Дзень Волі Вольскага, Варашкевіча і таго ж Аракельяна, — магчыма. Тады гэта было шокам. Тады нават тыя, хто ня ведаў гэтых музыкаў, яўна зацікавіліся. Тады гэта была дзікасьць. А цяпер гэта ўжо ня дзівіць нікога. Парог болю падняўся.

Цяпер ужо цяжка сказаць, што арышт дадасьць артысту нейкіх бонусаў у сфэры прома. Але мне на днях званіў музыкант з ідэяй дадаваць спасылкі на музыку затрыманых у паведамленьнях пра іх, у навінах. Хаця б такім чынам скарыстаць гэтую сытуацыю. Я б заклікаў усіх калегаў так рабіць. Калі мы ўжо ўзялі за прыклад Аракельяна, то ў навінах пра яго суд і арышт дадаваць спасылку на яго музыку. Каб людзі маглі паслухаць, падтрымаць яго такім чынам».


«Не хачу думаць пра закрыцьцё клюбаў і новыя рэпрэсіі»

Фонд культурнай салідарнасьці працуе каля месяца. За гэты час там паспрабавалі сабраць і клясыфікаваць усе факты рэпрэсій у дачыненьні да працаўнікоў культурнай сфэры. Сяргей Будкін прызнаецца, што пакуль у фонду мала ўласных сродкаў і спосабаў аказаць дапамогу. Прычына гэтага яшчэ і ў тым, што сфэра культуры праз пандэмію ня ў лепшым стане ня толькі ў Беларусі.

«Факты рэпрэсій у дачыненьні да работнікаў сфэры культуры, якія мы зафіксавалі, — гэта ў асноўным суткі і штрафы, — расказвае Сяргей. — Шмат звальненьняў. Цяжка прааналізаваць увесь масіў. Людзі зьвяртаюцца таксама ў BySol. Мы вэрыфікуем тады гэтыя звароты, правяраем чалавека. Просім прапаноўваць нам ідэі, якім чынам можна дапамагчы. Фонды, якія дапамагаюць з выплатамі рэпрэсаваным, не займаюцца далейшым суправаджэньнем чалавека. А бывае так, што нехта звольніўся зь дзяржаўнай установы і ня ведае, што яму далей рабіць. Творчым асобам цяжэй, ім часта няма куды пайсьці ў новае месца».

Да таго ж, кажа Сяргей, дзеячам культуры аб’ектыўна складаней дапамагчы з пошукамі новых месцаў працы, чым тым жа рабочым. Сфэра спэцыфічная і вузкая. А праз закрытасьць межаў цяжка арганізаваць творчыя рэзыдэнцыі, паездкі і выступы за мяжой. У Фондзе дапамагаюць з афармленьнем дакумэнтаў на выезд, шукаюць псыхолягаў, калі такая дапамога патрэбная.

«Вось сытуацыя з дырыжорам Андрэем Галанавым і салістам Ільлём Сільчуковым, — расказвае Сяргей. — Была ідэя прасунуць іх у Лёнданскі аркестар, у Штутгарт. Але праблема ў тым, што самі гэтыя аркестры цяпер ня дзейнічаюць. Удалося дамовіцца на выступ Галанава і Сільчукова ў Літоўскай опэры. Але што рабіць далей — пытаньне. Фармуецца такая база беспрацоўных. Умоўна кажучы, да нас зьвяртаецца чалавек, і мы дапамагаем яму разабрацца. Калі ён звальняецца, мы накіруем туды. Калі трэба пакрыць штраф, то ў іншае месца. Калі нейкая пэрсанальная сытуацыя, то таксама займаемся. У нашага фонду пакуль проста банальна няма грошай. Мы толькі пачынаем набіраць сродкі, зьбіраем ідэі. Тут вялікая прастора для дзеяньня».

Нягледзячы на ўсё гэта, Сяргей застаецца аптымістам. Кажа, што да пэрыяду з «чорнымі сьпісамі» дзеячоў культуры мы ўсё ж ня вернемся.

«Я ўвогуле чакаю, што Каляды і Новы год у Беларусі пройдуць з новай уладай і пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў атмасфэры сьвята, — кажа экспэрт. — Я хачу так думаць. Не хачу думаць пра закрыцьцё клюбаў і павелічэньне рэпрэсій і гэтак далей. Мне здаецца, нейкі момант ужо пяройдзены і сытуацыя не павінна пагаршацца. Яна пагоршылася ўжо настолькі, што павінна толькі палепшыцца. Я веру ў перамогу, можна сказаць, што хуткую».

svaboda.org