Святкаванне ўгодкаў Якуба Коласа ў Латвіі

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа, прайшлі ў многіх гарадах Беларусі і замежжа. Не засталася ў баку і Латвія. Сувязі краінаў-суседзяў заўсёды былі цеснымі, тым больш, што на тэрыторыі сучаснай Латвіі пражывае вялікая колькасць беларусаў.

01-М.Міцкевіч-і-М.jpg

Марыя Міцкевіч і Мікола Паўловіч ў Беларускім цэнтры Даўгапілса


Першая святочная імпрэза прайшла ў Рыжскай беларускай школе, якую адчыніла дырэктар школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. Тут у 2014 годзе выступаў малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, а ўнучка Коласа Марыя Міцкевіч у тым самым годзе зладзіла выставу “Якуб Колас і Янка Маўр: разам па жыцці”, якая была перададзена ў школьны музей. Дзякуючы садзеянню саветніка-пасланніка Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі – праўнука Якуба Коласа і Янкі Маўра Яраслава Міцкевіча – для той выставы былі зроблены спецыяльныя стэнды.

Святочная імпрэза не абышлася без падарункаў і гэтым разам таксама. Марыя Міцкевіч перадала школе кнігі беларускіх пісьменнікаў ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і ад сям’і Якуба Коласа.

На мерапрыемстве прысутнічалі настаўнікі і вучні школы, супрацоўнікі Пасольства Беларусі ў Латвіі, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары, сярод якіх адзначым мастака Вячку Целеша і ўнучку вядомага дзеяча беларускай культуры Латвіі, аўтара этнаграфічнай працы “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў” Сяргея Сахарава – Нону Ахметулаеву.

02-Каля-будынку-былой-гімназіі-ў-Дзвінску.jpg

Каля будынку былой-гімназіі-ў-Дзвінску


Марыя Міцкевіч падрыхтавала прэзентацыі “Якуб Колас – жыццё і творчасць” і “Якуб Колас і Латвія”. Падчас чытання вершаў Якуба Коласа гучала цудоўнае музычнае суправаджэнне на беларускіх цымбалах у выкананні Марыі Кучынскай.

Прысутныя з цікаўнасцю ўспрынялі матэрыялы, якія адлюстроўвалі сувязь Якуба Коласа з вядомымі літаратарамі Латвіі Янам Райнісам і Андрэйсам Упітам, а ўнучка Сяргея Сахарава з асаблівай чуллівасцю слухала інфармацыю пра лісты свайго дзеда да Якуба Коласа, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

03-DMGpnnkXkAEGkbl.jpg

Другая святочная імпрэза прайшла ў Даўгапілскім цэнтры беларускай культуры, дзе сабраліся сябры таварыства “Уздым”. На вечарыне прысутнічалі першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі Аляксей Васількоў і консул Рэспублікі Беларусь у Даўгапілсе Антаніна Струнеўская.

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў вечарыны выклікала інфармацыя пра тое, што адзін з твораў Якуба Коласа быў напісаны ў іх горадзе – вершаванае апавяданне “Пад Новы год”. У захапленні прысутныя былі таксама і ад цудоўнай музыкі беларускай цымбалісткі Марыі Кучынскай, якая выконвала знаёмыя і любімыя творы – “Мой родны кут”, “Купалінка”, “Перапёлачка” ды інш.

04-IMG_2112.jpg

Гаспадары Беларускага цэнтра і таварыства “Уздым”, якое ўзначальвае Людміла Сінякова, актыўна ўдзельнічалі ў святочным мерапрыемстве: паэт Станіслаў Валодзька чытаў свае вершы, прысвечаныя Якубу Коласу, Галіна Сантоцкая прачытала ўрывак з “Новай зямлі”. У музычнай частцы выступіў ансамбль “Пралескі” і Анастасія Малышава. Гісторыкам і краязнаўцам Міколам Паўловічам была падрыхтавана выстава да ўгодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дарэчы, Мікола Паўловіч перадаў для музея Янкі Купалы ў Мінску партсігар з партрэтам Янкі Купалы, а для музея Якуба Коласа – адбіткі старонак часопіса Дзвінскай беларускай гімназіі “Школьная праца”, 1926 і 1927 гг., прысвечаных Якубу Коласу.

Спадзяемся, што з дапамогай беларусаў замежжа будуць знойдзены і іншыя матэрыялы, прысвечаныя славутаму паэту.

Васіліна Міцкевіч, праўнучка Якуба Коласа