«Свята беларускай культуры» на Беласточчыне не адбудзецца

Ужо вядома, што 7 чэрвеня не адбудзецца планаванае «Свята беларускай культуры» – адно з найбольшых культурніцкіх мерапрыемстваў, якое ладзіць БГКТ у беластоцкіх Плянтах.

Пакуль невядома, што з « Купаллем», якое традыцыйна праходзіць летам у Белавежы, – усё з-за пандэміі.

Распавядае намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень:

– Ужо вядома, што яно не адбудзецца, паколькі гарадская ўправа нам адмовіла. Гэта ўсё звязана з гэтым каронавірусам.

Што з такімі імпрэзамі? Мы пакуль што стараемся тое, што не адбылося ці ведаем, што не адбудзецца, уводзіць праўкі ў нашыя праекты, прасіць міністэрства, каб дазволіла правесці гэта ў іншыя тэрміны. Калі гэта будзе немагчымым, то тады, хутчэй за ўсё, прыйдзецца вяртаць грошы ў міністэрства.

Беларускае грамадска-культурнае таварыства ладзіць каля 40 мерапрыемстваў, звязаных з беларускай культурай на Падляшшы, якія фінансуюцца дзяржавай. Не выключана, што прызначаныя на развіццё культуры нацыянальнай меншасці сродкі, не будуць выкарыстаныя, паколькі міністэрства прытрымліваецца прынцыпу мэтавых выдаткаў.

Вядуцца перамовы ў гэтай справе сябраў супольнай камісіі меншасці і ўраду.

Валянціна Лаеўская, „Беларускае Радыё Рацыя“