Свежыя “ЗАПІСЫ”: “Фальшаванне Купалы”, лудаманія на эміграцыі і вялікалітоўскае (беларускае) харчаванне ў Нью-Ёрку

Пабачыў свет новы выпуск альманаха “Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва”, які ўжо амаль 15 гадоў выходзіць як нью-ёркска-менскае выданне і прапануе чытачам разнастайныя матэрыялы, звязаныя з замежнымі суродзічамі, іх жыццём і здабыткамі.


01-ZapisyVokladka-asn.jpg


Пачынаецца выпуск з раней не друкаваных і надзвычай цікавых успамінаў ўдзельніка Першага Усебеларускага кангрэсу 1917 г., які пасля Другой сусветнай вайны апынуўся на Захадзе, Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага, 1890—1972) “Чутае. Бачанае. Перажытае”. Мемуары пра дзяцінства на роднай Лагойшчыне, Першую сусветную і міжваеннае жыццё ў савецкай Беларусі, настаўніцкую працу і уцёкі ад рэпрэсіяў, Другую сусветную і выезд у Нямеччыну. Публікацыя ўспамінаў Адама Варлыгі — гэта і адзначэнне 100-годдзя БНР і даніна павагі і любові нядаўна адышоўшаму сябры, колішняму рэдактару “Запісаў” і атрымальніку “Удзячнасці БІНіМу”, мовазнаўцу Змітру Саўку, які рыхтаваў тэкст да друку, рэдагаваў яго.


Hladki.jpg


Адам Варлыга (Язэп Гладкі)



Асноўная ж тэма сёлетняга альманаху — “Амерыканская гісторыя” — прадстаўленая тэкстамі пра розныя аспекты беларускай прысутнасці ў ЗША. Вы хацелі даведацца, што пісалі пра суродзічаў у Амерыцы перыёдыкі 1920-х, або Вам цікава, пра што ліставаліся першыя свядомыя беларусы ў Чыкага Янка Чарапук і Язэп Варонка ў лідарамі БНР у 1923 г.? Чытайце раздзел “Архіваліі”. Тут жа падаюцца спісы святароў і парафіянаў беларускай царквы Св. Юр’я, што дзейнічала ўжо ў паваенным Чыкага, а таксама лісты-сведчанні пра беларускія асяродкі ў Нью-Джэрсі і Ілінойсе грамадскага дзеяча Аляксандра Асіповіча-Асіпчыка.


Sauka1.jpg


Зміцер Саўка



Думалі, пра Купалу і ягоную творчасць спрачаюцца толькі ў метраполіі? Зірніце нарыс пра дыскусію адносна творчасці Янкі Купалы, што выбухнула ў інтэлектуальных колах паваеннай эміграцыі ў сувязі з выданнем зборніка паэзіі класіка “Спадчына” (Мюхэн, 1955)! Тут жа можаце прачытаць артыкул Янкі Ліманоўскага “Фальшаваньне Купалы”, што быў надрукаваны ў рэчышчы згаданай дыскусіі.

“Амерыканскія” “Запісы” прапануюць Вам таксама аўтабіяграфічныя згадкі замежных суродзічаў. Прыкладам, ва ўспамінах грамадскага дзеяча і выдаўца беларускага часопісу ў нью-джэрсійскім Саўт-Рыверы Жоржа Наумчыка, вы прачытаеце не толькі пра ягоны пакручасты “шлях на Захад”, але і, прыкладам, як герой вельмі любіў казіно і трапіў у гульнявую залежнасць:

“Мой найбольшы выйгрыш за адзін дзень быў 12 500 даляраў, а за год — 93 000, гэта было ў 1991 г. Два разы выйграваў па 10 000. Некалькі разоў прыпадалі выйгрышы па 7000 і 5000; разоў дзесяць — па 4000; шмат разоў па 2 і 3 тысячы. Не менш за сотню разоў выйграваў па тысячы даляраў. У касіно, калі выйграеш зараз 1199 даляраў або менш, падатак плаціць ня трэба, а калі больш — то табе даюць квіток, і ў канцы года, калі запаўняеш падатковыя блянкі (колькі зарабіў ці выйграў), трэба ўпісываць і гэтыя сумы і плаціць зь іх 22 % дзяржаве. Быў выпадак, калі я свой выйгрыш падаў як пройгрыш. Маглі б праверыць, але не чапалі. І так, паступова, я ўцягнуўся ў азартную гульню. Мяне лічылі High roller (буйным гульцом). Гэта значыла, што я мог бясплатна начаваць у гатэлі пры касіно, заказваць бясплатную ежу і напоі падчас гульні і шмат чаго яшчэ. Праблема была ў тым, што за выйгрышамі здараліся пройгрышы. Мой найбольшы пройгрыш за дзень быў 5000. Гэтыя грошы я пазычыў на крэдытную картку і мусіў вярнуць цягам трыццаці дзён, у адваротным выпадку на іх кожны месяц налічвалася 26 %. Такім спосабам я ўлез у вялікія даўгі. Адным словам, спачатку я багата выйграваў, пазьней пачаў багата прайграваць. З часам быў вінаваты крэдытным банкам 146 000 даляраў. Трэба было хадзіць у спэцыяльныя суды і толькі ў 2007 г. я нарэшце вызваліўся ад усіх даўгоў. Цяпер я ўжо грошай ніколі не пазычаю, а ў касіно ежджу раз у месяц, а то і ў два. І больш азартна не гуляю. Прайграў сотню-дзьве — і марш дадому! Гэтай гісторыяй з касіно я не ганаруся, але пішу так, як было”.

Гісторыі амерыканскіх беларусаў прадстаўленыя і ўспамінамі ўдавы грамадскага дзеяча і выдаўца, пляменніка Якуба Коласа Міколы Прускага (1928—2014) — Веры Прускай, а таксама мемуарнымі каментарамі-згадкамі Вітаўта Кіпеля да гісторыі беларускага скаўтынгу і ўласных кантактаў з Васілём Быкавым.

Калі Вам цікавае ліставанне, то Вас можа зацікавіць падборка лістоў грамадскага дзеяча Уладзімера Бакуновіча да ягонага сябры Янкі Запрудніка, дзе распавядаецца пра беларускае студэнцкае жыццё ў Лювене, сямейныя і грамадскія падзеі ў Нью-Джэрсі, Мічыгане.

У новай рубрыцы “Людзі кнігі” публікуюцца даследчыя тэксты эміграцыйных аўтараўдзеля іх пераасэнсавання і ўвядзення ў больш шырокі навуковы ўжытак. Асноўныя сёлетнія аўтары гэтай рубрыкі таксама амерыканскія беларусы. Чытачам прапануюцца даследаванні, прысвечаныя ранняй беларускай гісторыі, Часлава Будзькі і Леаніда Галяка, разам з каментарамі і рэфлексіямі адносна іх сучаснага айчыннага гісторыка Сяргея Емяльянава. Таксама ў раздзеле пададзены беларускі пераклад прадмовы Зоры Кіпель да англамоўнай публікацыі “Беларускага Трышчана” (New YorkLondon, 1988) і рэферат пра гісторыю Свіслацкай гімназіі, зроблены чыкагскім беларусам Вацлавам Пануцэвічам.

У працяг амерыканскай тэмы і апублікаваных у “архіваліях” лістоў Янкі Чарапука і Язэпа Варонкі ў раздзеле “Архіў” пададзенае апісанне дакументаў гэтых дзеячаў, што сёння захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску.

“Арганізацыйнае” вымярэнне беларускай “амерыканскай гісторыі” можна пабачыць у раздзеле “Установы”, дзе, прыкладам, аднаўляецца архівістам Лявонам Юрэвчам гісторыя заснавання вядомай навуковай арганізацыі беларускай паваеннай эміграцыі — Крывіцкага (Беларускага) навуковага таварыства Пранціша Скарыны, ініцыяванага некалі Янкам Станкевічам, Не менш увагі і сучаснасці — Беларуска-Амерыканскаму задзіночанню, якому прысвечаны тэкст Віталя Зайкі і інтэрв’ю колішняй старшынькі арганізацыі Ганны Сурмач.

Ці задумоўваліся Вы калі пра тое, што елі, чым харчаваліся беларусы на эміграцыі? Сёлетнія “Запісы” дапамогуць гэта зразумець. Тут змешчаная адмысловая гутарка Наталлі Гардзіенкі з дзвюма амерыканскімі беларускамі Лізай Літаровіч і Надзеяй Запруднік пра асаблівасці нацыянальных страваў на эміграцыі. А пры канцы сёлетняга альманаху ў адмысловым раздзеле “Кніга ў “Запісах”” перадрукоўваецца адзіная кніга беларускіх кулінарных рэцэптаў, якая выйшла на эміграцыі (у Нью-Ёрку ў 1959 годзе) — “Вялікалітоўская (Беларуская) кухарка” Марыі Станкевіч. Разгортвайце, чытайце і — гатуйце!

Разнастайная ў сёлетніх “Запісах” і рубрыка “Публікацыі”, дзе можна знайсці і тэкст прафесара Ірыны Чыкалавай, прысвечаны амерыканісту з Беларусі Ісааку Гурвічу (1860—1924), і артыкул Лявона Юрэвіча пра жанр эпітафіяў у эміграцыйнай літаратуры, і высвятленне гісторыкам з Клецку Андрэем Блінцом дакладнага месца нараджэння прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага.

І гэта далёка няпоўны пералік таго, што прапануюць чытачам чарговыя “Запісы”. Тут і новыя тэксты да будучай кнігі выбранага Макара Краўцова, і анатацыя да рыхтаванага альбома-даведніка “Беларускія могілкі ў свеце”, і “ўгодкавыя тэксты” да юбілеяў мовазнаўцаў Фёдара Янкоўскага ды Алены Юрэвіч, а таксама да гадавіны аднаўлення БАПЦ на эміграцыі. Ёсць і цікавыя тэксты пра Янку Геніюша, Кастуся Езавітава, беларусаў Канады. І надзвычай багатая “Кніжная паліца”, дзе змешчаныя агляды і рэцэнзіі асобных значных эміграцыязнаўчых выданняў апошніх гадоў.

Новы выпуск альманаха “Запісы БІНіМ” амаль на 800 старонак насычаны тэмамі і тэкстамі, і, напэўна, кожны чытач знойдзе ў ім нешта цікавае.

Шукайце альманах у Акадэмкнізе.

Рэдакцыя

Тэгі: БІНіМ