“На фестываль я прыехаў разам са сваімі суайчыннікамі з Латвіі: старшынёй Саюза беларусаў Латвіі Валянцінай Піскуновай, старшынёй беларускага таварыства “Прамень”, дэпутатам Сейма Латвіі Аленай Лазаравай, членамі рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі “Прамень” Інай Олесавай і Барысам Піскуновым, вакальнымі калектывамі “Надзея” з Рыгі (мастацкі кіраўнік Ларыса Люцько) і “Сузор’е” з Рэзэкне (мастацкі кіраўнік Людміла Стэц), салісткай Людмілай Сінкевіч.
Разам з пісьменнікамі з Беластоку мы наведалі экскурсію ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а затым Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, дзе сустрэліся з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах распавяла аб міжнародных творчых праектах Саюза пісьменнікаў Беларусі, а адказны сакратар часопіса “Полымя” Юлія Алейчанка прэзентавала літаратурны партал “Сугучча” выдавецкага дома “Звязда”. Галоўны рэдактар замежнага радыё “Беларусь” Беларускай тэлерадыёкампаніі Навум Гальпяровіч паведаміў, што беларускае радыё гучыць на васьмі мовах. Паэты з Беласточчыны (Міраслава Лукша, Барбара Гаральчук, Юрый Баена) і мінчане (Бажэна Ганушкіна, Анатоль Аўруцін, Валянціна Паліканіна, Вольга Сакалова) чыталі вершы і дарылі свае кнігі. Я таксама прачытаў свой верш “Вязынка”. Напрыканцы пісьменнікі прынялі зварот да сусветнай грамадскасці, у якім заклікалі сіле зброі супрацьпаставіць сілу Слова – магутнага і велічнага, якое служыць міру і яднае народы.
Усе мерапрыемствы, якія праходзілі на фестывалі, выклікалі вялікую цікавасць і былі добра арганізаваны. Прыемна было сустрэцца са свамі суайчыннікамі з іншых краін, якіх ужо добра ведаю, адбыліся і новыя знаёмствы. Беларусы з Вісагінаса Алег Давідзюк і Сяргей Шабадалаў нагадалі аб тым, што чакаюць нас у кастрычніку на Фестывалі беларускай песні ў Літве. Прыемныя ўражанні пакінула і паездка на Брэстчыну ў гарадок Іванава і вакольныя вёскі. Хачу падзякаваць начальніку Аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Валянціне Барадзінчык, якая нас гасцінна сустракала і пазнаёміла з экспазіцыяй музея Напалеона Орды і мастацкай галерэяй у вёсцы Варацэвічы, з Іванаўскай дзіцячай школай мастацтваў, дзе дзеці навучаюцца рэдкай прафесіі бондара, “Домам траўніка” ў вёсцы Стрэльна, дзе траўніца Галіна Вайцяшук распавядала пра гаючыя якасці раслін, з краязнаўчым музеем у вёсцы Моталь, з талентамі мясцовых вакальных і музычных калектываў. Я прымаў удзел у сумесным канцэрце ў Доме культуры Іванава, у часе якога чытаў свой верш “Бацькоўскі кут”. У выкананні нашых ансамбляў “Надзея” і “Сузор’e” прагучалі беларускія народныя песні, а таксама песні беларускіх кампазітараў Латвіі Валерыя Буля, Таццяны Піменавай і Аляксандра Рудзя на мае словы – “Сустракай Беларусь!”, “Зязюля” “Дранікі” і перакладзеная на беларускую мову, латышская народная песня “Ružeņa”.
Выказваю падзяку Пасольству Беларусі ў Латвіі і Генеральнаму консульству Беларусі ў Даўгаўпілсе за садзеянне ў арганізацыі паездкі на фестываль.”
Станіслаў Ваолдзька