Спеўныя сходы будуць праходзіць у Варшаве

Падчас Спеўных сходаў публіка развучвае, а потым спявае беларускія народныя песні разам з вядомымі беларускімі музыкамі. Спеўны сход паспяхова дзейнічае ў Менску на працягу апошніх чатырох гадоў. Пра пачатак сустрэчаў у Варшаве гаворыць вядоўца і стваральнік Спеўнага сходу, музыка Сяргей Доўгушаў:

– Апошнім часам люблю праводзіць аўтэнтычныя Спеўныя сходы, прывозіць палешукоў, ці ўвогуле аўтэнтычных спевакоў з розных беларускіх вёсак. Для нашых беларускіх выканаўцаў гэта было б цікава – наведаць Варшаву. Я думаю, больш публікі прыйдзе паслухаць беларускіх выканаўцаў.

Сяргей Доўгушаў падзяліўся імаверным рэпертуарам варшаўскага Спеўнага сходу:

– Ёсць песні філаматаў, філарэтаў. Яны ёсць па-беларуску і ёсць па-польску. Песні Агінскага – таксама па-беларуску і па-польску. Манюшку можна заспяваць. Гэтыя сходы ўжо праводзіліся ў нас, у Менску, яны распрацаваныя, толькі запрасіць гасцей – і мы зробім гэтыя сходы.

Першая сустрэча грамадскай ініцыятывы Спеўны сход у Варшаве адбудзецца 27-га лютага ў сядзібе Беларускага Дому ў Варшаве. Сход будзе прысвечаны памяці беларускага паэта і мастака Міхала Анемпадыстава. Спеўны сход будзе адбывацца раз на месяц і мець тэматычны характар. Наступны Сход, які пройдзе ў сакавіку, будзе прысвечаны 100-годдзю БНР, прысутныя заспяваюць ваярскія гімны тых часоў.

Эдуард Жолуд, “Беларускае Радыё Рацыя”