У сталіцы Латвіі Рызе святкавалі і 500-годдзе ад нараджэння Францішка Скарыны, і 500-годдзе ад пачатку яго пражскага кнігадрукавання. "Выдатны ўрач і дзеяч беларускай культуры..." – такімі словамі пачынаўся подпіс пад партрэтам полацкага генія, які стварыў латышскі мастак Талывалдзіс Страўтманіс для Музея гісторыі медыцыны імя Паўла Страдыня. Увосень 1976 г. мне дапамаглі сфатаграфаваць гэты партрэт: перанеслі з залы № 19 на прыступкі будынка.
А ў снежні 1990 г. у гэтым "скарынаўскім" Музеі сустракаў беларускую дэлегацыю сын прафесара Паўла Страдыня – акадэмік Яніс Страдыньш. На тым ушанаванні з В. Чамярыцкім, А. Лецкам быў рыжанін Вячка Целеш, чый партрэт Скарыны сябраваў над сцэнай з бел-чырвона-белым сцягам ад Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак". Подпіс пад гэтым дасканалым партрэтам таксама адпавядаў узнёсласці свята: "У лекарскіх навуках доктар Ф. Скарына".
З удзячнасцю згадваецца і яшчэ адна цудоўная праца Вячкі Целеша, дзе ён паказаў "першыя крокі ў свет" яшчэ юнага Францішка. Згодны я з творчымі спадзевамі мастака Вячкі , што будучы лекар і друкар наведваў Рыгу разам з бацькам Лукой, які меў там сваю "кантору", у якой служыў пляменнік Раман Скарына. Ганзейскі гандлёвы і палітычны саюз, да якога быў далучаны і Полацак, спрыяў іх стасункам. Нездарма ў канцэртнай зале рыжскай філармоніі, былым Мюнстэрскім зале Вялікай гільдыі, сярод гербаў гарадоў свету, з якімі гандлявала Рыга, і сёння можна ўбачыць такі знак -- над трызубавай каронай надпіс: "Контора в Полоцке".
1000 гадоў таму Рыга дабраславіла вялікі гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі", які злучыў рыжскі Крэўскі двор з Крэўсгорадам (Крэйцбургам-Крустпілсам), Дрысенскім замкам, полацкія харомы з віцебскімі, смаленскімі... У 1453 г. у Рызе была ўзведзена царква св. Мікалая, апекуна падарожнікаў, купцоў. Згадваецца Крэўскі канец ад царквы Якуба-брукаванка крывічоў, якіх пазней пачалі называць балткрэвамі.
Ох, вернемся да 85-гадовай даўнасці. А дапаможа даўні фотаздымак, на якім прачытваюцца такія словы:"Рыская д-ра Францішкі Скарыны Беларуская гімназія Т-ва беларускіх вучыцялёў. І вып. 1932–33 нав. гады. Партрэты настаўнікаў на вуліцы Віцебскай, 24 пазначаны подпісамі. Учытваюся: А. Радзько, К. Езавітаў, С. Сіцько, Ф. Клагіш, Я. Клагіш, П. Мірановіч, П. Масальскі, А. Кастылюк, К. Мяжэцкі...
Сёлета Скарына "пасяліўся" у Рызе ў выглядзе шыкоўных юбілейных падарункавых выданняў. Мінск быў шчодры. Будзем спадзявацца, што "прысутнасць" Скарыны і яго Бібліі ў Латвіі будзе рознымі спосабамі напаўняцца.
На здымку: партрэт Ф. Скарыны ў Музеі гісторыі медыцыны, створаны Талывалдзісам Страўтманісам (6.ХІ.1922-17.ІХ.1995). Фота С. Панізьніка пры дапамозе супрацоўніцы музея Ліліі Ксенафонтавай.. 13.Х.1976 г.
Сяргей Панізьнік,
кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі