Што такое блокчэйн і што гэта значыць для Беларусі — зразумеюць нават дзеці

Мы папрасілі беларусаў Амерыкі Кацярыну Фаронда і Віктара Шаманоўскага, што арганізавалі першую ў Беларусі канферэнцыю па блокчэйне, патлумачыць літаральна на пальцах, як працуе гэты механізм, як ён выкарыстоўваецца ўжо сёння і як можа выкарыстоўвацца заўтра. Выглядае, што цалкам празрыстыя выбары, калі немагчыма ні згубіць чыйсьці голас, ні падмаляваць камусьці працэнты, абсалютна рэальна правесці з тэхналогіяй блокчэйн.

Кацярына Фаронда і Віктар Шаманоўскі — сузаснавальнікі нью-ёркскай кампаніі Acumira, якая спецыялізуецца на развіцці бізнэсу, кансалтынгу і сувязях з грамадскасцю.


sbp_3935-1500-oags8.jpg

Кацярына Фаронда і Віктар Шаманоўскі, сузаснавальнікі нью-ёркскай кампаніі Acumira, і Нік Спэнас, заснавальнік Blockchain Technologies Corp. Фота ipr.by.


Дык што такое блокчэйн і як гэта працуе?

Класічныя базы дадзеных, сховішчы інфармацыі, заўсёды былі цэнтралізаванымі. То бок база дадзеных, як правіла, была адна. Яна захоўвалася на адным камп’ютары, які абслугоўваў тэхнічны персанал, што меў спецыяльны доступ. Выходзіць, у гэтага персаналу была магчымасць штосьці змяніць у базе і пасля схаваць свае сляды.

Блокчэйн — тая самая база дадзеных, але размеркаваная. Што гэта значыць? Што тут ужо не адзін камп’ютар, а мільён, два, тры, дзесяць мільёнаў камп’ютараў. І ў кожнага з іх ёсць копія першаснай інфармацыі.

Крыптавалюта — свайго роду ўзнагароджанне гэтым мільёнам камп’ютараў, якія апрацоўваюць інфармацыю, шыфруюць яе, захоўваюць і выключаюць магчымасць падмены дадзеных.

Тыповым спажыўцам тэма здабычы крыптавалюты звычайна найбольш цікавая. Але важна тое, што пакуль яны здабываюць крыптавалюту, інакш кажучы, майняць, іх камп’ютары робяць падлікі, якія дапамагаюць размеркаванай сетцы захоўваць інфармацыю.

Сёння існуе безліч магчымасцяў далучыцца да гэтай сістэмы — лагічны вынік вялікай папулярнасці і хуткага росту крыптавалюты ў цане. Можна ўсталяваць на камп’ютар ці смартфон адмысловае праграмнае забеспячэнне. Можна нічога не ўсталёўваць, а набыць «жалеза», створанае менавіта пад майнінг. Гэта такі камп’ютар-паўфабрыкат, галоўнае і фактычна адзінае прызначэнне якога — апрацоўваць дадзеныя. Можна арандаваць магутнасць на спецыяльных фермах.

Калі кошт арэнды — $100, а прыбытак — $101, то ёсць пэўная выгада. Прытым можна пераключацца з адной крыптавалюты на другую, трэцюю, чацвёртую ў залежнасці ад іх курсу, які цяпер вельмі нестабільны. Гэта свайго роду бізнэс, некаторыя адмыслова ім займаюцца.

Няўжо Беларусь пачала ўкараняць блокчэйн?

Кацярына Фаронда: Канечне, ЗША, Еўропа і нават Расія пайшлі наперад у вывучэнні тэхналогіі блокчэйн. Калі гаварыць пра ЗША, то гэты працэс цягнецца ўжо дзесьці восем год. Апошнія тры гады праекты, створаныя з выкарыстаннем блокчэйну, актыўна ўкараняюцца і ў дзяржаўнай сферы, і ў прыватным бізнэсе. Працэс ідзе поўным ходам.

Што тычыцца, дапусцім, Расіі, то апошнія тры гады я назіраю з’яўленне шматлікіх канферэнцый, пляцовак, дзе гэтая тэма ўздымаецца, абмяркоўваецца. Вельмі многія займаюцца майнінгам той жа крыптавалюты. Гэта, мабыць, першае, з чаго ўвогуле знаёмства з гэтай тэмай пачалося. Беларусь у гэтым плане пакуль адстае, але я бачу, што ўзровень падцягваецца. Калі я прыязджала на З’езд беларусаў свету ў ліпені, увогуле ўсё было ціха. І калі я вярнулася назад у Штаты, сказала, што нам трэба прасоўваць тэму блокчэйну, інакш Беларусь ізноў апынецца ў канцы цягніка.

Мы прыдумалі канцэпцыю канферэнцыі і пачалі актыўна ўліваць інфармацыю ў беларускія СМІ. Літаральна за некалькі месяцаў з’явілася неймаверная колькасць бізнэс-канферэнцый, дзе хаця б адна тэма прысвячалася блокчэйну.

Натуральна, гэта прыемна, паколькі калі мы толькі агучылі ідэю, нас сустрэла хваля скептыцызму. Усе казалі, што гэтая тэма нікому невядомая і нецікавая. У нас былі вялікія цяжкасці з пошукам партнёраў у Беларусі, якія б маглі дапамагчы ў арганізацыі канферэнцыі тут, на месцы.

Як ЗША выкарыстоўваюць блокчэйн?

Кацярына Фаронда: Я сама адносна нядаўна пачала разбірацца ў тэхналогіі блокчэйн, таксама быў пэўны скептыцызм. Але пра блокчэйн у ЗША загаварылі даўно, ужо шмат праектаў зроблена, яны працуюць. З апошняга, напрыклад, тое, што штат Дэлавэр пераводзіць усе свае запісы на блокчэйн. Уласнікам кампаній, зарэгістраваных у гэтым штаце, ужо адправілі лісты, што іх дакументацыя пераводзіцца на блакчэйн.

Адно з вынаходніцтваў Ніка Спэнаса, лідара ў распрацоўцы гэтай тэхналогіі, заснавальніка Blockchain Technologies Corp і ключавога спікера канферэнцыі ў Беларусі, — сістэма збору галасоў з выкарыстаннем блокчэйну.

Раней, калі вы галасавалі на выбарчым участку, то запаўнялі бюлетэнь, кідалі яго ў адмысловую скрыню і ён кудысьці знікаў. У выпадку з блокчэйнам бюлетэнь скануецца і трапляе ў сістэму. І вы больш не можаце ў ім нічога змяніць. Прытым у вас захоўваецца папяровая версія, бюлетэні можна і так палічыць, але калі раптам яны згубіліся, інфармацыя застаецца ў сістэме. І яна ўсім даступная, адбываецца поўная дэмістыфікацыя працэсу, усё адкрыта і зразумела. У людзей няма ніякіх сумневаў, што менавіта гэты кандыдат перамог.

І гэта не проста нейкія тэорыі, гэта ўжо выкарыстоўваецца ў ЗША. Тэхналогію можна прымяняць і ў статыстычных мэтах, і для галасавання ўнутры кампаній, і для збору дадзеных.

Віктар Шаманоўскі: Але ў той жа час нават у ЗША да тэхналогіі блокчэйн ставяцца неадназначна. Не ўсе палітыкі камфортна сябе адчуваюць у гэтай тэме, не разумеюць да канца, як усё працуе. Гэта зразумела, яны баяцца новага, гэта тое самае, што было з інтэрнэтам 20 гадоў таму.

Значыць, блокчэйн — гэта ўжо назаўсёды?

Віктар Шаманоўскі: Тэхналогія не знікне, яна ўжо становіцца міжнароднай. Найбуйнейшыя банкі свету яе вывучаюць і ўкараняюць у тыя ж міжбанкаўскія разлікі. Банкі — гэта ўжо ў пэўным сэнсе састарэлая мадэль, цяпер яны таксама спрабуюць выжыць.

Напрыклад, з’явіўся сэрвіс для грашовых пераводаў паміж краінамі, у якім выкарыстоўваецца тэхналогія блокчэйн. Што гэта значыць?

Возьмем класічны банкаўскі перавод. Ён будзе каштаваць, дапусцім, $50, а грошы будуць ісці 4-5 дзён. Па тэхналогіі блокчэйн перавод адбываецца імгненна і каштуе ўжо не $50, а $1.

Больш за тое, банкі не толькі бяруць фіксаваную суму за перавод, але дадаюць зверху яшчэ і працэнты за канвертацыю, калі валюта розная. І калі банк возьме яшчэ 3%, кампаніі, што выкарыстоўваюць блокчэйн, возьмуць 0,1%, а сам перавод правядуць бясплатна. То бок гэтыя кампаніі могуць быць вельмі маленькімі, але працаваць хутка, эфектыўна і з выгадай для кліента.

Якія перспектывы прасоўвання блокчэйну ў Беларусі?

Віктар Шаманоўскі: Беларусь валодае велізарным інтэлектуальным рэсурсам, таму глеба існуе. Калі дзесьці ёсць цікаўнасць, яна сябе пакажа. Тут шмат адукаваных людзей, якія могуць гэтым займацца.

Усё, канечне, будзе залежаць ад прававога поля.

Чаму мы хацелі правесці канферэнцыю менавіта ў Беларусі? Таму што мы заўважаем тэндэнцыю, што на прававым узроўні, на вышэйшых дзяржаўных узроўнях разумеюць значнасць і неабходнасць вывучэння гэтай тэмы. Існуе, напрыклад, Парк высокіх тэхналогій. Дзяржава паказвае, што Беларусь — краіна інфармацыйных тэхналогій. Таму, я думаю, Беларусь будзе ўдзельнічаць у гэтай гонцы нароўні з усімі іншымі краінамі свету. Гэты рух незваротны.

Настасся Роўда, “Наша Ніва”


Тэгі: ЗША

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение