Сем колаў пекла: як бюракратыя перашкаджае беларусам асталявацца ва Украіне

Толькі з верасня да сярэдзіны кастрычніка 2020 года ва Украіну выехала каля трох тысяч беларусаў. МУС лічыць, што наўрад ці лічба звязана з "пэўнымі падзеямі ў краіне". Але многія беларусы сапраўды перасеклі мяжу, каб выратавацца ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Тыя, хто едзе ва Украіну, абгрунтоўваюць свой выбар бязвізавым рэжымам, падабенствам менталітэтаў і надзеяй хутка вырашыць праблемы з дакументамі. Аднак на практыцы яны сутыкаюцца з бюракратыяй і карупцыйнымі схемамі. "Заборона" расказвае пра беларусаў, якія сем разоў хадзілі ў Дзяржаўную міграцыйную службу, але так і не змаглі легалізаваць сваё знаходжанне ў Кіеве, і дзеліцца парадай, як знайсці выхад з гэтай сітуацыі.


01-img_0121.jpg

Беларусы Арцём і Кацярына, якія спрабуюць атрымаць дакументы на ПМЖ ва Украіне / "Заборона"


Дух свабоды

16 жніўня стала для Арцёма і Кацярыны пераломным днём: пара спехам сабрала рэчы і паехала з Мінска ў Кіеў. Да ад'езду хлопец працаваў у IT і маркетынгу, дзяўчына — у рэкламе і сферы прыгажосці. Яны планавалі і далей будаваць жыццё ў Беларусі. Але ў траўні 2020-га Арцём далучыўся да выбарчага штаба аднаго з апазіцыйных кандыдатаў, а значыць, аўтаматычна трапіў у зону рызыкі.

Украіна прыцягнула пару "духам свабоды", адсутнасцю візавага рэжыму і падабенствам менталітэтаў. Але "дух свабоды" і надзеі на цёплы прыём даволі хутка разбіліся аб украінскую бюракратычную машыну.


Лабірынт бюракратыі

Каб аформіць легальнае знаходжанне ва Украіне, Арцём і яго дзяўчына Кацярына хадзілі ў міграцыйную службу сем разоў.

"Дзесьці месяц пасля таго, як прыехалі ў Кіеў, мы вырашалі бягучыя праблемы: з жыллём, рахункамі ў банках, карткамі. Убачылі, што выйшаў указ Зяленскага аб тым, што IT-спецыялісты змогуць жыць ва Украіне 180 дзён. Трохі расслабіліся, але гэты ўказ так і не запрацаваў. Давялося шукаць іншыя варыянты", — тлумачыць Арцём.


Возможности для особенных

Штодня з Беларусі ва Украіну ўязджаюць дзясяткі людзей, кажа каардынатар Free Belarus Center Паліна Бродзік. Арганізацыю разам з аднадумцамі Бродзік стварыла ў верасні гэтага года. Асноўная мэта — гуманітарная дапамога беларусам, якія вымушаныя былі з'ехаць з краіны праз гвалт і рэпрэсіі.


02-palina-brodik.jpg

Паліна Бродзік / фэйсбук-старонка дзяўчыны


Па словах каардынатаркі Free Belarus Center, беларусы едуць ва Украіну таму, што лічаць, што тут прасцей затрымацца на доўгі перыяд. У людзей ёсць ілюзіі, што аформіць від на жыхарства тут можна хутчэй, чым, напрыклад, у Польшчы. Аднак на практыцы ўсё зусім не так.

Паміж Украінай і Беларуссю дзейнічае бязвізавы рэжым. Па законе прыезджыя могуць тры месяцы свабодна знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі, а потым трэба афармляць дадатковыя дакументы. Варыянты такія: падоўжыць тэрмін знаходжання або аформіць від на жыхарства або грамадзянства. Але для большасці беларусаў, якія сюды прыязджаюць, гэтыя варыянты амаль недаступныя, кажа Бродзік.

Адзін са спосабаў зачапіцца ва Украіне — стаць валанцёрам у афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі. Яшчэ адзін працуе для журналістаў, якія ўязджаюць як карэспандэнты, напрыклад, выконваючы ва Украіне рэдакцыйнае заданне. Яшчэ адна падстава для падаўжэння тэрміну знаходжання — навучанне. Від на жыхарства можна афармляць, калі ёсць сваякі ва Украіне або калі чалавек тут нарадзіўся.

"Гэта значыць, варыянтаў быццам бы і шмат, але адпавядае хаця б аднаму з іх вельмі абмежаваная колькасць людзей", — дадае актывістка.

Калі за 90 дзён беларусы не знаходзяць спосабу затрымацца ва Украіне, яны могуць паспрабаваць падоўжыць тэрмін знаходжання яшчэ на месяц. Але гэта складаней, чым проста атрымаць від на жыхарства, кажа Паліна Бродзік. Бо ў такім выпадку, акрамя пацвярджэння, што чалавек, напрыклад, займаецца валанцёрствам, ён павінен прывесці з сабой прадстаўніка гэтай арганізацыі. А яшчэ — прыкласці натарыяльна завераны дакумент, які пацвердзіць, што ён пражывае ў пэўнай кватэры ці доме. Гэты дакумент — дазвол уласнікаў жылля на жыхарства. Акрамя таго, уласнікі павінны асабіста прыйсці ў Дзяржаўную міграцыйную службу, каб даказаць: яны не супраць таго, што ў іх кватэры ці доме жывуць прыезджыя.

"І не варта забываць пра нечалавечыя ўмовы, з якімі сутыкаюцца мігранты ў міграцыйнай службе. Яны вымушаныя стаяць у чэргах з шасці раніцы, чакаць на вуліцы і выслухоўваць, што іх дакументы нейкія не такія. Напрыклад, адзін чалавек прынёс натарыяльна завераны пераклад пашпарта, а яму сказалі, што імя адрозніваецца: транслітарацыя не такая. У чалавека быў апошні дзень, калі ён мог падаць дакументы, — працягвае Паліна Бродзік. — Гэта значыць, на фоне Польшчы мы выглядаем, мякка кажучы, непрыветліва. Бо там увялі гуманітарныя візы для беларусаў. Па іх мігранты могуць год жыць і працаваць у краіне".


03-img0048-1.jpg

Беларуска Кацярына ў Кіеве / "Заборона"


Арцёму і Кацярыне ўдалося знайсці валанцёрскую арганізацыю, якая была гатовая іх прыняць і паручыцца за іх. Аднак калі справа дайшла да Дзяржаўнай міграцыйнай службы, аказалася, што ім не хапае аднаго каляндарнага дня, каб атрымаць від на жыхарства.

Тады пара вырашыла сабраць дакументы, каб падоўжыць тэрмін знаходжання на месяц. У патрэбны дзень у шэсць раніцы былі ў аддзяленні ДМС на вуліцы Петрапаўлаўскай у Кіеве. Прыйшлі — перад імі ў чарзе ўжо стаяў чалавек. Арцём і Кацярына правялі пад дзвярыма міграцыйнай службы дзесяць гадзін, але ўнутр так і не трапілі: апарат, які выдае талоны людзям у чарзе, зламаўся, а спецыяліста, які можа ўзяцца за іх справу, няма на працы. Супрацоўнік з'явіўся на працоўным месцы каля поўдня, прабыў 15 хвілін і знік на абед, успамінае Арцём. Таму першага чалавека запусцілі ўжо пасля чатырох вечара, а да закрыцця ўзяцца за справу беларусаў у міграцыйнай службе так і не змаглі.

На наступны дзень беларускія мігранты пайшлі ў іншае аддзяленне міграцыйнай службы. Тут усё ішло добра: чарга рухалася, дакументы прынялі, але сказалі, што ўладальнік кватэры, якую яны арандуюць, павінен даць пісьмовую згоду аб тым, што ён не супраць, каб у яго жылі беларусы. А яшчэ — пацвердзіць, што ён будзе несці за іх адказнасць, калі тыя раптам трапяць у бяду.

"Відавочна, гэта не варыянт. Які арэндадаўца пагодзіцца бегаць па кабінетах натарыусаў, міграцыйнай службы і браць нас на парукі? Ён проста знойдзе новых арандатараў, і ўсё", — кажа Арцём.

Але пара вырашыла не спыняцца і пераспрабаваць усе метады да апошняга: стала тэлефанаваць у кампаніі, якія прапануюць аформіць любую даведку, неабходную для віду на жыхарства або падаўжэння тэрміну знаходжання ў краіне. Цана — ад 500 да 2 тысяч долараў.

"Але ніхто не даваў ніякіх гарантый або распісак. Толькі на словах запэўнівалі, што ўсё будзе добра, маўляў, у нас ёсць сувязі. Нам гэта не спадабалася, і варыянт з такім фарматам вырашэння праблемы мы адкінулі. Але ад аднаго з тых людзей даведаліся, што ва Украіне дзейнічаюць указы №259 і №530-IX, згодна з якімі ўсе адміністрацыйныя працэдуры не маюць канчатковага тэрміну дзеяння праз каранцін", — кажа Арцём.

Заручыўшыся афіцыйнымі дакументамі, ён паехаў у міграцыйную службу зноў. Праблемай гэтым разам стала пячатка на страхоўцы. Страхаванне беларусы афармлялі праз інтэрнэт, таму мокрай пячаткі на дакуменце не было. І на гэтай падставе ДМС зноў адмовілася прымаць дакументы.

На наступны дзень Арцём, узброіўшыся дакументамі і страхоўкай ужо з "мокрай пячаткай", паехаў у прыватную кампанію, якая, па сутнасці, з'яўляецца пасярэднікам паміж міграцыйнай службай і грамадзянамі. Супрацоўніца сказала, што можа іх прыняць, знікла на 15 хвілін, а калі вярнулася — адмовіла. "Я так зразумеў, яна звязалася з ДМС, дзе ёй сказалі, што прымаць дакументы ад нас нельга", — мяркуе Арцём.


04-img0181.jpg

Арцём і Кацярына / "Заборона"


Нябачная праблема

Праз бюракратычныя праблемы прыезджыя беларусы аказваюцца ў пастцы ва Украіне: яны не могуць адправіцца далей, таму што няма візы, не могуць вярнуцца ў Беларусь, бо там хваля рэпрэсій, і не могуць легалізавацца ва Украіне, — кажа Паліна Бродзік.

Па словах актывісткі, мігранты могуць таксама падаць дакументы на афармленне статусу ўцекача. Але гэта дрэнны варыянт, паколькі такія справы разглядаюцца ад чатырох месяцаў да аднаго з паловай года. А на гэты перыяд у чалавека забіраюць пашпарт згодна з працэдурай, вызначанай законам. Гэта значыць, працаваць у гэты час ён не можа, а як жыць пры гэтым — невядома. Аналагічная сітуацыя і з фарматам дадатковай абароны: пашпарт таксама забіраюць надоўга і невядома, калі вынесуць рашэнне і якім яно будзе.

"Магчыма, для ўлады гэта праблема не відавочная. Можа, яна проста адышла на другі план у святле мясцовых выбараў і крызісу з Канстытуцыйным Судом, — мяркуе Паліна Бродзік. — Але факт застаецца фактам: людзям патрэбна дапамога, а рашэння ўсё яшчэ няма".

З верасня Free Belarus Center дапамог з юрыдычнымі кансультацыямі і афармленнем дакументаў 200 беларусам. Аднак усё гэта — паўмеры, і без улады цэнтралізавана вырашыць пытанне не атрымаецца.

На думку Бродзік, можна было б усё-ткі ўвесці ў дзеянне ўказ Зяленскага, які спросціць атрыманне віду на жыхарства беларускім IT-спецыялістам. Для гэтага Кабмін павінен распрацаваць механізм, па якім працэдура будзе працаваць. Гэта не запатрабуе выдаткаў з дзяржбюджэту. Зрэшты, на думку актывісткі, абмяжоўвацца толькі сферай IT нельга. "Атрымліваецца, што мы згодныя дапамагчы толькі высокакваліфікаваным спецыялістам. А астатнім — не. Няправільна так дзяліць людзей", — лічыць Бродзік.


Барацьба за права жыць ва Украіне

Арцём і Кацярына пакуль плануюць пазмагацца за права жыць ва Украіне. Яны хочуць наняць адваката, разам з ім атрымаць пісьмовую адмову ад Дзяржаўнай міграцыйнай службы і далей ісці ў суд яго абскарджваць. Бо пакуль адмаўляюць на словах, тлумачыць Арцём, паўплываць на нешта і даказаць іх неправату не атрымаецца.

"Калі ўпірацца і далей — застаецца Польшча. Але ва Украіне ўжо вялікая дыяспара беларусаў з'явілася, мы з многімі пасябравалі, сустракаемся — не хацелася б з'язджаць", — кажа мігрант.

У Беларусь жа, дадае ён, можна будзе вяртацца, толькі калі рэжым Лукашэнкі падзе і ў краіне кардынальна зменіцца ўлада і яе стаўленне да людзей.

"Калі гэты дзень настане, краіну будзе чакаць вялікая будучыня. Бо людзі там неверагодныя. А пакуль мы будзем уладкоўваць жыццё там, дзе атрымаецца", — кажа Арцём.

euroradio.fm