Саюз беларусаў Латвіі ў чацвёрты раз правёў конкурс даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”

Пра тое, што беларусы — гэта частка мінуўшчыны, сучаснасці, а таксама будучыні Латвіі, гаварылі ўдзельнікі ўрачыстасці ў Генеральным консульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе. Там прайшло ўручэнне сертыфікатаў лаўрэатам конкурсу даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”, які ўжо чатыры гады праводзіць Саюз беларусаў Латвіі пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка на чале з рэктарам Аляксандрам Жуком. На гэты раз лепшыя вынікі паказалі прадстаўнікі Латгаліі, што і заканамерна. “У памежным рэгіёне асабліва вялікая доля беларускага насельніцтва, і ёсць пра каго і пра што расказаць”, — адзначыла дэпутат Сейма ад Латгаліі, член праўлення СБЛ Алёна Лазарава. Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў задаволены тым, што конкурс сабраў шмат удзельнікаў і што ягоныя мэты адлюстроўваюць інтарэсы як Латвіі, так і Беларусі. Кіраўніца СБЛ Валянціна Піскунова падзякавала ўдзельнікам конкурсу, які прыцягнуў і моладзь, і краязнаўцаў да вывучэння беларускай культуры ў Латвіі: “Беларусы — за творчае, сяброўскае яднанне ўсіх народаў, якія жывуць у Латвіі, за гуртаванне аднадумцаў. Саюз беларусаў Латвіі — прыклад яднання людзей з розных сацыяльных груп і рэгіёнаў у імя творчасці, супрацы, прыязнасці”.


01-konkurs.jpg

Узнагароджанне Джэсікі Зданоўскай і яе настаўніцы Кацярыны Аляксеевай


Адкрыццё мінулагодняга конкурсу — праца шасцікласніцы Краслаўскай сярэдняй школы “Varavīksne” Джэсікі Зданоўскай “Корни есть не только у деревьев. Уроки моей прабабушки”. Бадай, за ўвесь час правядзення конкурсу гэта — яго самая маладая ўдзельніца. Таму ў Алёны Лазаравай, як арганізатара, было пытанне: што падштурхнула дзяўчынку да такой працы? Джэсіка прызналася: “Амаль кожны тыдзень мы з бацькамі ездзім у Беларусь, і калі была жывая бабуля, то мы ў яе гасцявалі. Бабуля распавядала пра сваё жыццё, вучыла гатаваць, і я ёй дапамагала. Яшчэ цікава размаўляла, напявала песні, расказвала многа пра бульбу — аснову беларускай кухні ды пра тое, што з бульбы можна прыгатаваць 500 блюдаў. Успаміны пра бабулю, яе парады застануцца ў маёй памяці назаўсёды”. А настаўніца рускай мовы і літаратуры Краслаўскай школы “Varavīksne” Кацярына Аляксеева дадала: цяпер тыя ўспаміны афармлены ў даследчую працу. “Мама Джэсікі — журналістка, — удакладніла настаўніца. — У жыцці нам не заўсёды хапае шчырых стасункаў з іншымі, а ў Саюзе беларусаў Латвіі мы гэта знайшлі. Дзякуем за магчымасць удзельнічаць у конкурсе і сустракацца з такімі неабыякавымі людзьмі!”

Адзначана і праца сацыяльнага педагога з Краславы Жанны Драздоўскай “Венец царя Берендея” — не проста сачыненне, а глыбокі, аналітычны партрэт майстра, паэта, музыкі, энтузіяста Яўгена Ільінца. Як адзначалі члены журы, аўтар шмат папрацавала, каб сабраць каштоўную інфармацыю пра гэтага чалавека. Ёсць у даследванні цытаты з класікаў, рэпрадукцыі карцін і скульптур, вершы Яўгена і самой аўтаркі працы. Аповед атрымаўся светлы, пазітыўны, ён раскрывае душу цудоўнага чалавека з нестандартным мысленнем, бяссрэбраніка, патрыёта з чулым сэрцам, актывіста беларускай суполкі Краславы. Праца Жанны Драздоўскай адзначана граматай у намінацыі “Цікавыя асобы”.


02-konkurs.jpg

Беларусы Латвіі памятаюць і пра зямлю сваіх продкаў


Супрацоўнікі Лудзенскага краязнаўчага музея ўдзельнічалі ў конкурсе трэці год. Рыта Кучане і Валеры Дзевалтоўскі сумесна з дырэктаркай музея Міланай Буле прысвяцілі даследванне Ігару Ермакову, нязменнаму кіраўніку Лудзенскага беларускага таварыства “Крыніца”. “За 840 год у гісторыі горада было шмат цікавых асобаў, сярод іх і вядомыя дзеячы беларускай культуры Сяргей Сахараў, Феадор Нікановіч, — нагадала Рыта Кучане. — На жаль, Латгалія моцна пацярпела з-за эміграцыі моладзі на заробкі за мяжу, а беларуская інтэлігенцыя цяпер пастарэла. Мы выбралі героем сваёй працы Ігара Ермакова: нягледзячы на ўсе цяжкасці, ён ніколі не здаецца. Гэта чалавек ідэі, аптыміст, альтруіст. Апошнім часам, выйшаўшы на пенсію па стане здароўя, ён імкнецца развіваць нашу беларускую суполку, прыцягнуць у яе новых сяброў. Нядаўна ў нас арганізаваўся ансамбль, Ігар прыцягнуў да кіраўніцтва Веру Дайнеку, дырэктарку Зілупскай музычнай школы. Ён робіць шмат карыснага, не пасуе перад цяжкасцямі, аптыміст па натуры. Таму і хацелася “зняць капялюш” перад такім чалавекам”.

Валеры Дзевалтоўскі, суаўтар працы пра Ігара Ермакова, падзякаваў арганізатарам конкурсу за вялікую і добрую справу, якую яны вядуць. Алёна Лазарава нагадала: за 4 гады сабрана 59 работ, а Саюз беларусаў Латвіі працягне конкурс і надалей, бо такая супольная даследчыцкая праца надзвычай важная: “Здаецца, і ведаем людзей, але штораз адкрываюцца новыя таленты, і ў 2018-м конкурс будзе скіраваны на тое, каб паказаць сувязі нашай радзімы Латвіі і нашай этнічнай радзімы — Беларусі”. Старшыня СБЛ Латвіі Валянціна Піскунова падкрэсліла важнасць удзелу ў конкурсе моладзі, бо за ёй будучыня. Цяпер, нагадала, Саюз беларусаў Латвіі мае магчымасць накіроўваць супляменнікаў, выпускнікоў латвійскіх школ, бясплатна вучыцца ў вышэйшых навучальных установах Беларусі, у тым ліку ў Беларускім дзяржуніверсітэце, Беларускім дзяржаўным медінстытуце, іншых ВНУ пры ўмове, што сярэдні бал у атэстаце будзе не меней за 7. А суарганізатар конкурсу, Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка, запрашае лаўрэатаў у Мінск: каб пазнаёміцца з магчымасцямі атрымання педагагічных спецыяльнасцяў ці павучыцца на курсах павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў. Удзельнікі конкурсу атрымалі таксама падарункі ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі.

Напрыканцы ўрачыстасці выступіў Рыгор Свердлік, асістэнт дэпутата Еўрапарламента ад Латвіі Андрэя Мамыкіна, намесніка старшыні дэлегацыі па супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь. Рыгор адзначыў, што дэпутат Мамыкін цесна супрацоўнічае з Саюзам беларусаў Латвіі, высока ацэньвае яго дзейнасць і лічыць правядзенне такога конкурсу даследчых работ надзвычай карысным для вывучэння беларускай гісторыі, культуры ў Латвіі, а таксама для развіцця супрацы і сяброўства паміж краінамі. Ад імя Андрэя Мамыкіна Рыгор выдаў сертыфікаты на паездку ў Брусэль людзям, якія актыўна ўдзельнічалі як у арганізацыі конкурсу, так і ў стварэнні цікавых даследванняў. Паездкай у Брусэль узнагароджаны і сяброўка даўгаўпілскай беларускай суполкі “Уздым” Валянціна Ліпінская, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, сябры екабпілскай беларускай суполкі “Спатканне” Іна Янсанэ, Міхаіл Прановіч, Тамара Бухціярава і Зінаіда Грынько.

Імпрэза ў Генконсульстве закончылася — чаяваннем, пад час якога можна было каштаваць і розныя беларускія прысмакі.

Алёна Міцкевіч, “Голас Радзімы”