Рыхтуецца да друку зборнік Янкі Купалы «Санеты на мовах свету»

Творы Янкі Купалы перакладзены на многія мовы свету. Цікавасць да спадчыны беларускага песняра не згасае не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтуецца да друку зборнік Янкі Купалы «Санеты на мовах свету», куды ўвойдзе цыкл яго вершаў, пераствораных на чувашскай, чачэнскай, татарскай і іншых мовах. Па-руску санеты перастварыў паэт Максім Замшаў. Падчас XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ён прэзентаваў свае пераклады і распавёў, што натхніла на працу.

Пра наканаванне:

— Я жыву ў Маскве на Кутузаўскім праспекце, які пераходзіць у мінскае шасэ, а ў скверыку насупраць майго дома ўсталявалі помнік Янку Купалу. І калі паступіла прапанова пераасэнсаваць санеты Купалы, не змог адмовіцца. У інтэлектуалаў Расіі вялікі інтарэс да твораў культавых паэтаў сяброўскіх краін. Хаця на першы погляд і не ўсім зрузумела, нашто спатрэбілася перакладаць вершы Купалы на рускую мову, бо расійскі чытач і па-беларуску прачытае і зразумее, але ўва мне прачнуўся азарт даследчыка, а таксама сімпатыя да беларускіх аўтараў.

Пра асаблівасці перастварэння:

— Праца была складаная: і падрадкоўнік, і тэкст арыгінала… Мне найбольш блізкая сілаба-танічная паэзія, якая амаль ва ўсім свеце скончылася (засталося ўсяго некалькі краін, дзе яна ёсць…). Англійская, французская, частка славянскай паэзіі — там адэкватны пераклад немагчымы, трэба ўжываць дысанансныя рыфмы... Санеты — адзін з найбольш кампазіцыйна складаных жанраў пры складанай вобразнай пабудове (чым найперш для мяне і цікавыя). Гэта класічная літаратура з налётам сярэбранага стагоддзя. Паэтычны пераклад — вельмі няпростая справа. Бывае, ад арыгінальнага тэксту нічога не застаецца. Калі ж перакладчык вельмі дакладна ідзе за тэкстам, то пераствораны тэкст страчвае прывабнасць. А ў выпадку, калі перакладчык паэт, перад ім задача — прыбраць з перакладу ўласныя паэтычныя асаблівасці. Складанасць у перакладзе Купалы яшчэ і ў тым, што ў яго тэкстах небагата рыфмаў: бывае, на санет іх усяго дзве, і гэта пазбаўляе магчымасці зрабіць манеўр.

Пра адчуванне песняра:

— Працуючы над тэкстамі санетаў, я зразумеў, што Купала — вельмі беларускі паэт. За кожным радком адчуваецца зямля, гэтыя палі, беларуская прырода, гарачыя пачуцці Купалы да роднай зямлі. Відаць, што паэт вельмі сумаваў па Беларусі. Я імкнуўся ператварыцца ў самога Купалу, думаць яго галавой і пісаць яго рукой — перакладчык мусіць як мага менш пакінуць у тэксце сябе.

Пра храналогію:

— Перакладаў санеты ў тым парадку, у якім яны былі напісаныя. І ў гэтым ёсць нейкая цэльнасць, — так пераствараць лягчэй, бо можна адчуць рухі душы самога Купалы. Я не прыхільнік падзелу творчасці на цыклы, мне здаецца, што храналогія нашмат цікавейшая для даследчыка.

Пра вызначальныя элементы ў паэзіі:

— Рытм для Купалы вельмі важны. А тут, акрамя слоў, трэба перакладаць таямніцу руху рытму і рыфмаў. З беларускай мовы таму і цікава перакладаць, калі ты бачыш усе літаркі — як усё пабудавана…

Пра таямніцу паэзіі:

— Музыкі даносяць сэнс музыкі пры дапамозе нот. Ноты — гэта нешта выключнае, рамантычнае… Мастакі карыстаюцца фарбамі, — тое самае. А паэты карыстаюцца тымі ж словамі, што і ўсе. Калі паэзія будзе зроблена з прыгожых слоў, гэта будзе як гарох у пустым рондалі… Тайна ў тым, што абсалютна тыя ж словы ставяцца ў нейкім асаблівым парадку, з асаблівым рытмам і рыфмай, і ўзнікае вельмі моцная рэакцыя на гэта… Купала — геніяльны паэт, гэта заварожвае...

Яна Будовіч, “Літаратура і мастацтва”